Установы вышэйшай адукацыі гатовы задаволіць патрэбу ў спецыялістах для абслугоўвання электрамабіляў

З токам і расстаноўкай

Электрамабілі на нашых вуліцах пакуль яшчэ рэдкасць. Аднак Указ № 273 «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў», які падпісаў Прэзідэнт, прадугледжвае меры па стымуляванні попыту на такія аўто і развіццю зараднай і сэрвіснай інфраструктур.

Першая зарадная станцыя для электрамабіляў пачала працаваць у Магілёве ў мінулым месяцы.
Фота аўтара

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт крок у гэтым накірунку зрабіў больш за пяць гадоў таму. Тэхналогіі канструявання і работы электрамабіляў сёння вывучаюць студэнты інжынерна-эканамічнага і электратэхнічнага факультэтаў. Загадчык кафедры «Электрапрывод і аўтаматызацыя прамысловых установак» Генадзь Лянеўскі адзначыў:

— Праграмы пастаянна карэкціруюцца — тэхніка становіцца больш дасканалай, і мы павінны адпавядаць патрабаванням часу. У легкавога аўтамабіля на электрапрыводзе ёсць свае нюансы і асаблівасці. Тут неабходна спецыяльная падрыхтоўка, таму зараз мы працуем над перафармаціраваннем навучальных планаў і праграм. 

А каб студэнтам было лягчэй асвоіць даволі складаную тэхніку, у навучальную лабараторыю ўніверсітэта набылі аўтамабіль з электрычным рухавіком. Лабараторыя таксама абсталявана двума комплексамі для дыягностыкі электраабсталявання і зараднай прыладай. Дарэчы, былыя выпускнікі БРУ былі і ў складзе ініцыятараў адкрыцця ў Магілёве першай зараднай станцыі для электрамабіляў, якая пачала працаваць у мінулым месяцы. Пілотны праект рэалізаваў Тэхналагічны парк «Магілёў» разам са сваім рэзідэнтам — інжынерна-вытворчай кампаніяй «Стрым», якая займаецца распрацоўкай і вытворчасцю модуляў і сістэм з электронным кіраваннем для мабільных машын. Сучасная электразапраўка можа «падсілкаваць» адразу два аўтамабілі розных брэндаў. На тое, каб зарадзіць акумулятары па максімуму, спатрэбіцца каля трох-чатырох гадзін. Прычым за зарадку свайго аўто ўладальнікі да канца года могуць не плаціць — такую магчымасць у рэкламных мэтах ім прадаставілі аўтары праекта. 

Генадзь Лянеўскі нагадаў, што вядучыя аўтакампаніі заяўляюць аб істотным росце вытворчасці электрамабіляў. Сёння толькі па вуліцах Магілёва іх курсіруе каля дзесяці. І гэтая лічба мяняецца ў бок павелічэння. Вядома, спецыялістаў для абслугоўвання электрамабіляў таксама спатрэбіцца шмат. І БРУ мае намер патрэбу ў такіх прафесіяналах задаволіць. Дарэчы, у дадатак да асноўнай навучальнай праграмы тут плануюць адкрыць платныя курсы для ўсіх жадаючых больш дасканала вывучыць электрамабілі і ў перспектыве перасесці на іх са звычайных аўто. 

Спецыяльнасць будучага вабіць і абітурыентаў. Адказны сакратар прыёмнай камісіі ўніверсітэта Дзмітрый Свірэпа ўдакладніў:

— Інжынерна-эканамічны і электратэхнічны факультэты — найбольш запатрабаваныя ў гэтым годзе, на кожнае месца — не адзін прэтэндэнт. Абітурыенты да нас прыехалі з розных абласцей краіны, а таксама з Расіі, якую прадстаўляюць выпускнікі школ Смаленска, Екацярынбурга, Маскоўскай вобласці, Краснаярскага, Прыморскага краю.

markova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter