Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На Гомельшчыне пабывалі госці з беларускай вёскі Ермакі Цюменьскай вобласці

З Сібіры на зямлю продкаў

Удалечыні ад шуму і мітусні, за палямі ды бярозавымі гайкамі жыве наша вёска Ермакі. Наўрад ці думалі беларускія самаходы, якія прыйшлі сюды ў пошуках свабодных зямель у канцы ХІХ стагоддзя, што іх родная мова будзе і праз вякі гучаць на сібірскіх прасторах. А гучыць! Ермакоўцы захоўваюць і ўмацоўваюць сваю культурную самабытнасць, таму і паўдзельнічалі ў беларуска-расійскай сацыяльна-культурнай праграме “Вяртанне”. Яе мэта — пашырэнне ведаў пра гісторыю і культуру жыхароў аграгарадка Рагінь, а таксама стварэнне прасторы для ўзнаўлення мясцовых традыцый і роднасных сувязяў з суродзічамі, якія жывуць у вёсцы Ермакі Вікулаўскага раёна. Мы ж даўно марылі пабываць на зямлі продкаў. І гэта стала магчымым дзякуючы Міжнароднаму грамадскаму аб’яднанню “Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»”, Буда-Кашалёўскаму райвыканкаму, Рагінскаму сельсавету, адміністрацыі ды Цэнтру культуры і вольнага часу Вікулаўскага раёна.

Госці з Сібіры ў аграгарадку Рагінь

Хто ж адправіўся ў далёкі шлях? Дзесяць спявачак з народнага вакальна-фальклорнага гурта “Россияночка”, якім я кірую, і кіраўніца Ермакоўскай адміністрацыі Святлана Ажгібесава. Пераадолелі тры з паловай тысячы кіламетраў, каб патрапіць у Гомельскую вобласць. Двое сутак у дарозе — і вось яна, доўгачаканая Беларусь! Гэта радзімая зямля тых самых самаходаў, нашчадкі якіх (і я ў тым ліку!) жывуць цяпер у Сібіры, захоўваючы звычаі, традыцыі, песні, мову, а таксама й вышываныя ручнікі, прылады працы і побыту. Заслугоўваюць вялікай павагі людзі, якія ўсё гэта захавалі.

Прыехалі мы ў Мінск 1 чэрвеня. На чыгуначным вакзале сустракалі гасцей аўтар праекта фалькларыстка Вольга Лабачэўская і журналісты беларуска-польскай тэлекампаніі “Белсат”. Размясціліся ў гасцініцы “Арбіта”, паехалі на прэзентацыю дакументальнага фільма “Самаходы”, знятага летась увосень у вёсцы Ермакі: там працавалі тэлежурналісты.

Сібірачкі на зямлі продкаў
источник

У галерэі яе і была прэзентацыя, мы там — як ганаровыя госці. Пра тое, як стваралася кінастужка, распавялі: рэжысёр Ірына Волах, сцэнарыст Вольга Лабачэўская, аператар Юры Плюшчаў і гукааператар Яўген Рагозін. Яны казалі: хоць беларусы на Вікулаўскай зямлі абруселі, аднак захавалі сваю самабытнасць. Пасля прагляду фільма было шмат пытанняў — як творчай групе, так і нам, героям фільма. Гурт “Россияночка” да таго ж паспяваў нашы самаходаўскія песні. Мінчанка Наталля Лось паказала нам прыгожыя абярэгі з саломы і падарыла іх нам. І тэлэкампанія кожнаму з нас падарыла кампакт-дыскі з фільмам.

2 чэрвеня, праехаўшы 312 кіламетраў ад сталіцы, мы прыбылі ў аграгарадок Рагінь Буда-Кашалёўскага раёна: дарогі ў Беларусі выдатныя. Мы ўсе хваляваліся, ступаючы на зямлю сваіх продкаў. Менавіта ж адсюль прыйшлі беларусы ў Цюменьскі край на агледзіны, потым там заснавалі новыя вёскі: Ермакі, Асінаўка, Ялоўка. У Рагінскім цэнтры народнай творчасці сустракалі нас з хлебам-соллю артысты мясцовага ансамбля “Крыніца” і дырэктар цэнтра Таццяна Сарокіна. Сустрэча была цёплай і кранальнай, мясцовыя жыхары і мы не хавалі слёз, але ж то былі слёзы радасці: ад таго, што маем магчымасць парадніцца з нашчадкамі нашых продкаў. Нас рассялілі па хатах і дамах жыхароў Рагіні, каб у зносінах з імі маглі знайсці на беларускай зямлі сваіх сваякоў, з якімі даўно страцілі сувязі.

Канцэрт “Россияночки” ў Буда-Кашалёве
источник
 
Крыху пазней з дырэктарам Рагінскай сярэдняй школы Мікалаем Чарняковым прайшліся па аграгарадку. Наведалі школу на 630 месцаў — цяпер там толькі 65 вучняў. Мясцовы музей пры школе займае два пакоі, але ў ім няма матэрыялаў пра масавыя перасяленні беларусаў у Расію. Мы прывезлі ў музей свае падарункі: альбом “Успаміны пра мінулае” з унікальным матэрыялам пра перасяленне продкаў у Сібір, два саматканыя вышываныя ручнікі, кнігі пра нашу вобласць і Вікулаўскі раён, буклеты і берасцяны кошычак-“туесок”. Апошні, дарэчы, прывезены быў з Рагіні яе жыхарамі на Ермакоўскую зямлю яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя. І вось вярнуўся дадому!

Увечары ў Цэнтры народнай творчасці была наша сустрэча з жыхарамі Рагіні, тэлегрупай “Белсат”. Доўга распытвалі нас пра жыццё ў Сібіры, там жа і абмяркоўвалі радаводы Чарняковых, Нові­кавых, Мельнікавых, Крупні­кавых. Шмат усяго цікавага даведаліся!

А 3 чэрвеня была Траецкая субота. Старшыня райсавета Алена Алексіна сустрэла нас у Цэнтры народнай творчасці, суправаджала ўвесь дзень. Спачатку пабывалі на могілках вёсак Рагінь і Бушаўка — спадзяваліся знайсці магілы родных нам людзей. Што важна: многім тое ўдалося, знайшлі далёкіх родзічаў. Я, аднак, не знайшла нікога з роду Гарбуновых, з якога маю карані. А некаторых з бабулінай радні,  Янковых, знайшла магілы на могілках у Бушаўцы. Толькі не ведаю дакладна, ці гэта тыя. Бо Янковых там шмат пахавана.

Алена Новікава з Санкт-Пецярбурга
БелаПАН

Пасля была экскурсія па Бушаўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе. Паказалі нам і мясцовую ферму: сучасную, з новым абсталяваннем для даення кароў і домікамі для цялятак. Наведалі карцінную галерэю імя Яўсея Маісеенкі ды Чабатовіцкі цэнтр народнай творчасці й побыту: там шмат чаго цікавага, ад ручнікоў да прадметаў побыту. Дзівіліся: падобныя ж экспанаты, ну адзін у адзін, ёсць і ў нашым Ермакоўскім музеі. Мы расказвалі, якія звычаі, абрады, традыцыі захавалі ды перадалі нам продкі. А падабенства ва ўсім — забудова, планіроўка беларускіх вёсак, хат у іх, цёплае і гасціннае стаўленне да гасцей, гоман, прырода навакольная — штораз нагадвалі нам пра Ермакі. Час праляцеў хутка — і вось мы ўжо ў прыгожым раённым Доме культуры Буда-Кашалёва. Там і быў канцэрт гурта “Россияночка” пад назвай “У песень — родная душа”.

Помніцца нам канцэрт... У зале — шмат гледачоў: людзі ведалі пра наш прыезд. Відаць было, што гэта песні іх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, бо спявалі ў зале — разам з намі. І такая еднасць у песні, роднасць духоўная краналі нас да глыбіні душы. Такога ж мы анідзе не сустракалі... Ансамбль выканаў песні самаходаў і, бачылі мы, расчуліў гледачоў прама да слёз... Ну якое ж гэта шчасце: спяваць родным людзям! Прама ад сэрца да сэрца ідзе песня. Пасля выступу ўдзячныя, узрушаныя людзі падыходзілі, пыталіся: як нам удалося захаваць песні продкаў? З тугою казалі, што цяпер песні бацькоў на Буда-Кашалёўшчыне наогул не спяваюць... 

Фалькларыст Вольга Лабачэўская з гасцямі
источник

У праекце “Вяртанне” спланавана было варэнне дамашняга піва: па рэцэпце, згубленым на зямлі нашых продкаў, але захаваным самаходамі ў Сібіры. Вось мы і аднавілі яго разам з жыхарамі Рагіні. Смачнае атрымалася піва!

У дзень Тройцы, 4 чэрвеня, з раніцы свяціла гарачае сонца. Мы паўдзельнічалі ў набажэнстве ля храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца, які будуецца, і заклалі зямлю, прывезеную з Ермакоў, у той падмурак: каб яшчэ больш парадніцца з зямлёй Беларусі. Узялі й па жменьцы тае зямлі, каб пакласці на магілкі продкаў — першых перасяленцаў-беларусаў, якія прыйшлі ў Сібір. Падыходзілі мясцовыя людзі, пыталіся пра сваякоў — тых, хто выехаў калісьці ў Цюменьскую вобласць, звяралі адзін у аднаго факты, імёны. Па ўсім відаць: любяць беларусы зямлю сваю, памятаюць род — па імёнах, прозвішчах, прафесіях. А пазней было свята вёскі, у якім абрады “Троіца” прадставілі як мясцовыя гурты, так і “Россияночка”. Быў і канцэрт з беларускіх песень, а ў канцы свята — дэгустацыя хатняга піва. Рагінцы казалі: піва жывое, густое і адчуваецца, што яно — са збожжа, якое ўвабрала водар зямлі. Той й сапраўды: гэта не проста напой, а й пэўная сімвалічная сувязь з традыцыямі, з зямлёй продкаў. Таму й вараць адметнае піва ў Ермаках па гэты час.

5 чэрвеня мы пакідалі раён. Вяскоўцы выціралі слёзы, мы абменьваліся адрасамі: вырашылі падтрымліваць сувязі. Дарэчы, у Рагіні да нашай групы далучыліся Мікалай Вараб’ёў, наш аднавясковец (ён якраз быў у камандзіроўцы ў Маскве, але ж марыў пабываць у Беларусі) і Алена Новікава — прапрапраўнучка перасяленцаў, якая жыве ў Санкт-Пецярбурзе. Разам з імі і паехалі ў Гомель. Сярод славутасцяў яго першынство, несумненна, у Палацава-паркавага ансамбля Румянцавых-Паскевічаў. І мы любаваліся ім, а таксама прыродным ландшафтам на стромкім беразе рэчкі Сож. Гамяльчане беражліва захоўваюць сваю гістарычную і культурную спадчыну.

У Гомелі была і экскурсія па філіяле Веткаўскага музея-запаведніка народных традыцый. Філіял месціцца на тэрыторыі Палацава-паркавага ансамбля. Нам паказалі, як ткуць на старадаўніх кроснах ручнікі, паясы, дываны, дарожкі. Там працуе і клуб “Параскева”, які прыцягвае маладых людзей, што жадаюць комплексна вывучаць традыцыі народнага ткацтва, праводзяць энтузіясты і беларускія абрады.

Наведалі й гарадок Ветка, заснаваны ў 1680 годзе рускімі перасяленцамі-стараверамі. Палескае пасяленне стала для іх новым духоўным цэнтрам, пра што сведчыць і назва плошчы горада: Красная. На ёй, у гістарычным будынку працуе Веткаўскі музей народнай творчасці, яго заснавальнікам быў краязнаўца Фёдар Шкляраў. У музеі — вялікае багацце вышытых ручнікоў, бо яны ж суправаджалі чалавека на працягу ўсяго жыцця: першы ткаўся да нараджэння дзіцяці, апошні — павязвалі на магільны крыж. Шмат іншых унікальных экспанатаў: кнігі-старадрукі Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца, Андроніка Цімафеева, Васіля Гарабурды... Старадаўнія разьбяныя абразкі й крыжы, іконы, рознае адзенне, вышыванае арнаментам... Зала, куды трапляе глядач, мае выгляд старога горада, дзе кожны дом —  са сваім характарам і лёсам, дзе ніводзін узорны элемент не пазбаўлены сэнсу, дзе майстар творыць цуды — на радасць усім. Ёсць у Веткаўскім музеі выстава, якая расказвае пра меднае ліццё і чаканныя аклады — яны ў зіхатлівым залатым бляску. “Тут, у Ветцы, ніколі не перарывалася нітка народных традыцый і рамёстваў”, — казаў нам экскурсавод.

У Мінску 6 чэрвеня наведалі гістарычныя мясціны, Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Усе дні ў Беларусі з намі была Вольга Лабачэўская. Яна ж і праводзіла да цягніка. Вялікі дзякуй ёй за гэта. Мы ж для сябе зрабілі выснову: прымаць гасцей Беларусь умее! Увогуле для нас паездка была — і гонар, і хваляванне. Мы ж былі як частка жывой гісторыі, у якой нашчадкі “самаходаў” едуць на зямлю продкаў, каб даведацца, чаму яны рушылі ў Сібір. Даведацца, як раней жылі нашы продкі, да перасялення. Хацелі дазнацца, у якім стане захавалася народная культура беларусаў на зямлі нашых продкаў, якія шанавалі традыцыі, абрады, мову, спявалі народныя песні.

Шмат роздумаў, развагаў выклікала вандроўка. Мы трохі лепш  зразумелі саміх сябе. А на пытанне журналістаў, ці магчыма вяртанне нашчадкаў перасяленцаў у Беларусь, усе адказалі: наўрад ці вернемся... Ермакі — гэта наша Радзіма, і мы тужым па ёй нават цяпер.

З Беларусі мы прывезлі яркія ўражанні, новыя кантакты, сувеніры, метадычныя матэрыялы для працы, падарункі краязнаўчаму музею ў Ермаках. А як прыехалі дадому, то пасадзілі алею каштанаў і дубкоў, падораных нам ад лясгаса Буда-Кашалёўскага раёна. Вельмі дарагі для нас падарунак!

Ад рэдакцыі

Дзякуем спадарыні Надзеі за грунтоўны, падрабязны артыкул. Спадзяемся, ён натхніць і падахвоціць іншых беларусаў замежжа на пошукі родавых каранёў. І што сувязі паміж вяскоўцамі з вёсак Рагінь і Бушаўка, што ў Буда-Кашалёўскім раёне, а таксама з беларускіх вёсак у Сібіры Ермакі, Асінаўка, Ялоўка ды выхадцамі з іх будуць умацоўвацца. Раім усім, хто хоча знайсці радню, звяртацца таксама і ў архівы — як у Беларусі, так і ў Расіі.

На нашу просьбу Надзея Вычужаніна выслала ў рэдакцыю аўдыёфайл унікальнай песні “Што за рэчкай” з рэпертуару “Россияночки”, з прыпіскай: “Запісалі мы яе ў нашай аднасяльчанкі Таццяны Цімафееўны Грэшчанкі”. Хто мае інтарэс да запісу — пішыце на электронны адрас рэдакцыі.

Голас Радзімы № 29 (3533), чацвер, 3 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter