З «Рытмам кахання»

На «Еўрабачанні-2013» Беларусь прадставіць Алёна Ланская

Алёна Ланская прадставіць Беларусь на «Еўрабачанні-2013»

Заслужаная артыстка Беларусі Алёна Ланская стала праможцай нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне — 2013». З кампазіцыяй «Rhythm Of Love» («Рытм кахання») яна набрала максімальную колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў (24) і атрымала права прадставіць нашу краіну на міжнародным песенным конкурсе, які пройдзе ў маі будучага года ў шведскім горадзе Мальмё.

У якасці ўзнагароды спявачцы ўручылі стылізаванае сэрца, вырабленае па спецыяльнаму заказу Белтэлерадыёкампаніі на шклозаводзе «Нёман».

— У нас ёсць таленавітыя людзі, і калі захацець, то можна зрабіць добры, годны нумар. І калі я прыйшла пасля выступлення ў грымёрку, адразу ўсіх падзякавала, — сказала пасля перамогі спявачка.

Аўтары конкурснай кампазіцыі «Rhythm Of Love» — Леанід Шырын, Юрый Вашчук (музыка) і Аляксей Шырын (тэкст). Песню запісвалі ў Лондане. У нумары Алёны Ланской задзейнічаны шоу-балет «Trend Deluxe», удзельнікі якога здымаліся ў яе кліпе на песню «Адзінокія сэрцы».

Сёлетні ўдзел у нацыянальным адборы на «Еўрабачанне» — трэці па ліку для Алёны Ланской. Нагадаем: летась яна таксама была названа пераможцай. Але вакол вынікаў галасавання тады разгарэўся гучны скандал, спецяльна створанай камісіяй яны былі перагледжаны і прызнаны фальшывымі. Спявачцы давялося саступіць сваё права прадстаўляць нашу краіну ў Баку на «Еўрабачанні-2012» гурту «Litesound».

Алёне Ланской 27 гадоў. Яна родам з Магілёва. Дыпламаваны эканаміст з вышэйшай адукацыяй, але музыкай займаецца з юных гадоў. Спявала ў школьным хоры, выступала сольна і ў складзе розных творчых калектываў. Мае шэраг лаўрэатскіх званняў рэспубліканскіх і міжнародных песенных конкурсаў, уладальніца Гран-пры конкурса выканаўцаў на «Славянскім базары ў Віцебску-2011». Самая маладая ў краіне заслужаная артыстка, ганаровае званне атрымала ў 2011-м. З 2004 года — салістка прадзюсерскага цэнтра «Спамаш».

У рэпертуары Алёны Ланской сёння больш за 60 песень. Сёлета пад кіраўніцтвам вядомага прадзюсера Саймана Баса ў Англіі быў запісаны новы англамоўны альбом спявачкі. У яго ўвайшлі 14 кампазіцый, 11 з якіх стварылі спецыяльна для Алёны вядомыя еўрапейскія кампазітары з Вялікабрытаніі, Бельгіі, Швецыі. Аўтар яшчэ трох песень — вядомы беларускі кампазітар Леанід Шырын. Прычым для ўключэння ў альбом яны былі адабраны асабіста Сайманам Басам як роўныя па якасці еўрапейскім хітам. Работа над дыскам вялася ў Швецыі на студыі знакамітага Бэні Андэрсана, экс-вакаліста і клавішніка легендарнай групы ABBA.

Нагадаем, да ўдзелу ў сёлетнім нацыянальным адборачным туры на «Еўрабачанне-2013» прафесійным журы былі дапушчаны больш за 80 прэтэндэнтаў. У фінале спаборнічалі 10 выканаўцаў і музычных калектываў, у ліку якіх Макс Лорэнс, Аляксей Грос, Віталь Варанко, Яnkey, Дарыя, Сацура, Юзары, гурты «Nuteki» і «Beaver Band».

Фота: БЕЛТА 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter