З радзiмай злiўшыся душой

Старшыня Саюза беларускiх яўрэйскiх грамадскiх арганiзацый i абшчын, заслужаны архiтэктар Беларусi, адзiн з аўтараў мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, чалавек-легенда Леанiд Левiн нарадзiўся i вырас у Мiнску. Яго дзяды i прадзеды жылi ў Беларусi. Цяжкiм шляхам доўгiх шуканняў праз “Хатынь” архiтэктар мовай мастацтва раскрые душу беларускага народа. Яго прыгажосць. Яго трагедыю. Яго бессмяротнасць. Атрымае прызнанне як майстар сваёй справы, стане лаўрэатам Ленiнскай прэмii. I на восьмым дзесятку з асаблiвым хваляваннем у голасе прызнаецца ў любовi да сваёй Радзiмы — Беларусi.

“Богам было мне дадзена нарадзiцца яўрэем, — гаворыць Леанiд Мендзелевiч. — Але беларускiм яўрэем. А калi так, то я павiнен быў хаця б нейкi этап свайго жыцця прысвяцiць гэтай зямлi. Усё беларускае для мяне такое ж роднае i дарагое, як i яўрэйскае”.
У савецкi час, калi беларускiя яўрэi вырашылi стварыць грамадскае аб’яднанне, усе нацыянальныя меншасцi знаходзiлiся “як пад слоем асфальту”. “Гаварыць аб сваёй нацыянальнасцi было нават небяспечна, — прызнаецца архiтэктар. — I калi ў канцы 80-х пайшло “пацяпленне” ў гэтых адносiнах, прадстаўнiкам нацыянальных меншасцей было дазволена арганiзоўваць культурныя цэнтры, з’яўленне ў Беларусi Саюза яўрэйскiх грамадскiх арганiзацый для нас было Падзеяй з вялiкай лiтары. Тады “прачнулiся” не толькi яўрэi. Мы i сёння сябруем з членамi iншых суполак: з татарамi, лiтоўцамi, палякамi, цыганамi... Сёння галоўная наша мэта — адрадзiць сваю культуру, узнавiць сцёртыя часам параграфы гiсторыi, сказаць аб нашай годнасцi”.
Паводле апошняга перапiсу насельнiцтва, у Беларусi налiчваецца каля 28 тысяч грамадзян яўрэйскай нацыянальнасцi, але, згодна з законам рэпатрыацыi яўрэяў у Iзраiль, iх, адзначае Леанiд Левiн, утрая больш. Сёння ў склад Саюза ўваходзiць больш за 100 грамадскiх арганiзацый у 26 гарадах Беларусi. Яўрэйскую мову, культуру, традыцыi вывучаюць у дзiцячых садках № 68 г.Гомеля, № 90 г.Вiцебска, у СШ № 132 г.Мiнска.
Значная частка работы саюза звязана з дабрачыннасцю. Цэнтр “Хэсэд Рахамiм” з дапамогай праграм “Цёплы дом”, “Сям’я” i iншых штогод аказвае матэрыяльную i псiхалагiчную падтрымку амаль 20 тысячам беларускiх грамадзян, прычым не толькi яўрэйскага паходжання. Значныя сродкi Саюз беларускiх яўрэйскiх грамадскiх аб’яднанняў i абшчын, а таксама амерыканскi размеркавальны камiтэт “Джоiнт” выдаткоўвае на патрэбы бальнiц, iнтэрнатаў, школ, дзiцячых садкоў краiны, на культурную i выдавецкую дзейнасць.
Па словах Леанiда Левiна, асноўныя мерапрыемствы, арганiзаваныя саюзам, у наступным годзе будуць прымеркаваны да 65-годдзя знiшчэння мiнскага гета. “Мы хацелi б адкрыць музей Халакоста ў Мiнску, — расказвае ён. — Сёння не ўсе ведаюць аб тым, што ў нашай краiне ў гады Вялiкай Айчыннай загiнула 800 тысяч яўрэяў, кожных дзевяць з дзесяцi, што жылi ў Беларусi. Мы хацелi б увекавечыць памяць партызанкi Машы Брускiнай, якая была павешана разам з беларусамi Алегам Трусам i Уладзiмiрам Шчарбацэвiчам, але на той час яе подзвiг не быў прызнаны, хаця дакументальнае пацвярджэнне гэтаму было”.
Увогуле ж, беларускiя яўрэi жывуць сёння ў сiстэме жыцця нашай краiны, ушаноўваюць тых беларусаў, што некалi, рызыкуючы сваёй сям’ёй, выратоўвалi яўрэяў ад смерцi. Iмёны беларускiх герояў унесены сёння ў адзiную ў СНД кнiгу “Праведнiкi народаў свету”.

Аўтар выказвае падзяку выканаўчаму дырэктару Саюза беларускiх яўрэйскiх грамадскiх аб’яднанняў i абшчын Вiкторыi Брумiнай, намеснiку дырэктара Музея гiсторыi i культуры яўрэяў Беларусi Веранiцы Русаковай за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter