“З Радзівіламі я пазнаёміўся, калі мне было шэсць гадоў”

А праз чвэрць стагоддзя Андрэй Куваеў стварыў “пасольства” магнатаў у Інтэрнэце

А праз чвэрць стагоддзя Андрэй Куваеў стварыў “пасольства” магнатаў у Інтэрнэце

Ён прыйшоў у Нацыянальны гістарычны архіў падлеткам і папрасіў: “Дайце мне, калі ласка, радзі-вілаўскія кнігі”. Супрацоўнікі пакруцілі пальцам каля скроні. Ва ўстанову, дзе “засядаюць” за старымі фаліянтамі сівыя прафесары, прыйшоў сапраўды дзіўны наведвальнік.

Але юнак яшчэ раз паўтарыў сваю просьбу. І яму не адмовілі. Хаця для работы ў сховішчы старажытнасцей звычайнаму грамадзяніну патрэбны рэкамендацыйныя лісты і выкананне мноства іншых фармальнасцей. Андрэй жа Куваеў чымсьці зачараваў “жрацоў” гісторыі. Дый нядзіўна. Энтузіяст з маленства, нікому не кажучы, ціха збіраў сабе дома кнігі, фатаграфіі, рэдкія дакументы пра славутых беларускіх магнатаў. І таму, калі надоечы з’явіўся яго сайт radziwill.by, дзе выкладзены рарытэтныя матэрыялы, гэта стала “выбухам” у Інтэрнэце. Ніхто ж не чакаў!

Сустрэча з Дон Кіхотам

Сціпласць Куваева здзіўляе. Нават здаецца, што ён трохі шыфруецца. Бо толькі пры сустрэчы я змог высветліць сякія-такія падрабязнасці біяграфіі незвычайнага чалавека. Нарадзіўся ў 1979 годзе “паміж Гомелем і Баранавічамі”, вучыўся ў мінскім ліцэі імя Якуба Коласа, пасля ў “наргасе”, затым працаваў у Беларусбанку, цяпер робіць у камерцыйнай фірме — прадае камп’ютэрную тэхніку.
— Нядрэнная біяграфія, Андрэй. А куды ж у такі насычаны падзеямі жыццяпіс уціснуць Радзівілаў? Як яны ўвайшлі ў ваша жыццё? — карэспандэнт “НГ” стаў першым журналістам, які выцягнуў Куваева з віртуальнай рэальнасці ў нашу рэчаіснасць. Да гэтага ён быў для грамадства чалавекам-невідзімкай. І вось мы сядзім у кавярні, размаўляем...
— З Радзівіламі я пазнаёміўся, калі мне было шэсць гадоў. Прыехаў неяк да бабулі з дзядулем у Гомель і ўбачыў у іхняй хатняй бібліятэцы альбом “Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў”. Пакуль дарослыя балявалі, я гартаў кнігу і разглядаў партрэты князёў у даспехах, са зброяй, княгінь у шыкоўных сукенках. Больш за ўсё мяне ўразіў вусата-барадаты Юрый Радзівіл, які нагадваў Дон Кіхота. Увогуле ж магнаты выглядалі казачнымі персанажамі. Неверагодна, што такія героі былі ў нашым мінулым.

Тайны крамзоляў

Адзінай крыніцай, па якой у пачатку 90-х гадоў можна было вывудзіць хоць якую інфармацыю пра Нясвіж, была кніга мясцовай краязнаўцы і экскурсавода Клаўдзіі Шышыгінай-Патоцкай. Але і змешчаных там звестак Андрэю ўжо неставала.
— Ва ўзросце 15 гадоў я пайшоў у Нацыянальны гістарычны архіў, які размяшчаўся на вуліцы Батанічнай, а пасля пераехаў на Крапоткіна. Загадчыца чытальнага зала адвяла мяне да дырэктара. Той доўга цікавіўся, што прывяло мяне ў сховішча даўніх актаў: маўляў, яшчэ такі малы, а ўжо такімі сур’ёзнымі рэчамі займаюся. Сапраўды, карціна вымалёўвалася дзіўная: хлопец прыйшоў ва ўстанову, дзе, апрача прафесараў у акулярах, іншых візіцёраў не бачылі. У архіў яшчэ ніхто маладзейшы за мяне не завітваў.
— За якія дакументы вы ў першую чаргу ўзяліся?
— Першае, што мне прынеслі ў архіве, былі не фаліянты, а скрынкі з мікрафільмамі...
— Ага, вы спадзяваліся, што адчуеце подых даўніны ад старога пергамента, а тут — катушкі...
— Я быў у шоку. Я не разумеў, чаму мне прынеслі не арыгіналы. Ну добра, стаў круціць мікрафільмы на спецыяльным апараце, а там пакуль адзін кадр настроіш — пройдзе вельмі многа часу. Дый крамзолі на старапольскай мове — гэта ж былі рукапісы, а ў кожнага аўтара свой почырк — чыталіся з цяжкасцю. Далей пракладваць дарогу скрозь тэкст мяне падбівала толькі думка пра тое, што ў гэтым дакуменце можа хавацца нейкая тайна.
— Вы, мабыць, адчувалі сябе Шампальёнам, які па іерогліфе расшыфраваў-такі старажытнаегіпецкае пісьмо?
— Так, я хацеў даведацца тое, чаго яшчэ ніхто не ведаў, і расказаць гэта ўсім. Я наўздагад прачытваў інвентары маёнткаў, апісанні пакояў Нясвіжскага замка. З дзесяці слоў адно разумеў — і рухаўся далей. Увесь час пад рукой быў польска-рускі слоўнік пачатку XIX стагоддзя, бо тагачасная польская мова адрознівалася ад сучаснай.
— Які канкрэтны вынік давала сядзенне над паперамі?
— Вынікам было ўжо тое, што я ўпершыню разгортваў кнігі, якія перад гэтым бралі ў рукі толькі архіўныя супрацоўнікі, каб упісаць у каталогі, яшчэ ў 50-я гады мінулага стагоддзя. А вось даследчыкі іх не праглядалі. Пра гэта сведчылі запісы ў лістках карыстання кнігамі. Між тым у адным з тамоў я знайшоў апісанне нясвіжскіх скарбаў XVIII стагоддзя. Ніхто гэты дакумент дасюль не апублікаваў.
— Значыць, арыгінальныя манускрыпты вы ўрэшце пабачылі?
— Радзівілаўскі 694-ы фонд лічыцца асабліва каштоўным, таму “леваму” чалавеку арыгінальных  дакументаў адсюль не выдаюць, як мне патлумачылі. Але калі загад-
чык чытальнай залы па сваім суб’ектыўным меркаванні раптам вырашае, што нейкаму чытачу варта прынесці менавіта арыгіналы, то гэта, лічыце, асаблівая ласка. Мне ўрэшце пашанцавала, а з некаторых спраў я нават здолеў зрабіць копіі.
— Даруйце, калі ж вы хадзілі на заняткі ў ліцэі?
— Прагульваў заняткі, як ні сорамна. Дакладней, адпрошваўся, у кожную вольную хвлінку бег у архіў. А яшчэ ж наведваў Нацыянальную бібліятэку. Там захоўваецца нямала кніг з Нясвіжскага замка і шмат даследаванняў пра саміх Радзівілаў. Аднак многіх з іх не аказалася на паліцах. Замест выдання, улічанага ў каталогу, мне прыходзіла, напрыклад, такое паведамленне: “Кнігі няма на месцы з 1979 года”.

Архіў на антрэсолях

Чым больш Куваеў назапашваў матэрыялаў, тым часцей у яго ўзнікала пытанне: а што з імі рабіць далей? Кнігу ён так і не скончыў. А дома на антрэсолях утварыўся, лічыце,
яшчэ адзін радзівілаўскі архіў...
— Праходзіў час, я пасталеў, ілюзіі і ружовая мары пакрысе саступалі месца рэальнаму жыццю,  паступова я ўсвядоміў: “за кошт” Радзівілаў не пражывеш. У архіве я наглядзеўся на нашых навукоўцаў: у адрозненне ад сваіх заходніх калег яны за свае найкаштоўнешыя даследаванні атрымліваюць капеечныя ганарары. Зрэшты, паўплывалі на мой выбар далейшага занятку ў жыцці і бацькі, яны пераканалі мяне пайсці вучыцца ў эканамічны ўніверсітэт і заняцца прафесійна справай, якая прыносіць найперш грошы. А дзякуючы добраму заробку я змагу і далей працягваць свае даследаванні. Радзівілы мне і цяпер прыносяць эмацыянальнае задавальненне — адпачынак для душы ды новыя адкрыцці. Так, я не стаў, як марыў у дзяцінстве, дыпламаваным спецыялістам, не магу ездзіць на канферэнцыі і дзяліцца з трыбуны вынікамі сваіх даследаванняў з калегамі-гісторыкамі. Аднак я магу сабе дазволіць ездзіць на гэтыя ж канферэнцыі за ўласны кошт і слухаць, абмяркоўваць цікавыя мне пытанні. А дыпломы і дысертацыі яшчэ паспею напісаць — мне ж толькі трыццаць гадоў!
— Вы аптыміст. А ці не шкадавалі вы аб тым, што столькі часу збіралі велізарны архіў, а цяпер ён пакрываецца пылам на антрэсолях?
— Усё ж я змог выкарыстаць яго для канкрэтнай справы. Калі ў 2000 годзе пачаліся падрыхтоўчыя работы да рэстаўрацыі Нясвіжскага замка, мяне парэкамендавалі тагачаснаму навуковаму кіраўніку замка спадару Бачкаву. Я паказаў свой “радзівілаўскі архіў”, і неўзабаве мая мара аб рэальнай дапамозе любімаму замку спраўдзілася — архітэктар
назначыў мяне, звычай-
нага студэнта эканамічнага ўніверсітэта, кіраўніком гістарычных даследаванняў магнацкай рэзідэнцыі.
— Чаму менавіта вас?
— Бо ў  мяне на руках былі сістэматызаваныя дакументы XVI — XVIII стагоддзяў, якіх не меў ніводзін гісторык або архітэктар. Па гэтых паперах лёгка вызначыць, на якой сцяне колькі было вокнаў, дзвярэй, дзе пад слоем тынку можа хавацца жывапіс. Але галоўнае, што я меў — сотні здымкаў інтэр’ераў замка. Я знаходзіў гэтыя фота ў старых часопісах, кнігах, не лічачы архіва. Пасля, каб атрымаць здымкі з Белдзяржархіва кінафотафонадакументаў і не плаціць па 50 тысяч рублёў за кадр, я мяняўся фатаграфіямі адна да адной. Архіў даваў мне копіі сваіх рарытэтаў, я — сваіх. Некалькі гадоў таму я пачаў ствараць электронную базу свайго архіва. А з гэтага ўжо сёлета нарадзілася ідэя зрабіць сайт з усімі пераведзенымі ў лічбавы фармат матэрыяламі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter