З прагай да ведаў

Многія беларусы чытаюць па пяцьдзясят і болей кніг за год

Многія беларусы чытаюць па пяцьдзясят і болей кніг за год

Мноства акцый, творчых конкурсаў сярод творцаў і чытачоў, што прайшлі летась у краіне, натхнілі майстроў слова на стварэнне новых кніг, а ў чытачоў спарадзілі яшчэ больш ахвоты з кожнай старонкай адкрываць для сябе нешта новае. Упэўніліся ў гэтым і самі пісьменнікі ў час апытання, праведзенага Саюзам пісьменнікаў Беларусі ў бібліятэках краіны. Аб гэтым расказаў першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Пашкоў.

Вынікі для беларускіх літаратараў былі нечаканымі. Меркаванне аб тым, што, маўляў, беларусы зараз мала чытаюць, было адразу аспрэчана, калі ўбачылі, што ў некаторых раёнах людзі чытаюць па паўсотні, а часам і больш кніг у год. Кінулася ім у вочы і тое, што большасць бібліятэк укамплектавана кнігамі 1980-х гадоў. У выніку Саюз пісьменнікаў Беларусі прыняў рашэнне штогод выдаваць па дзесяць-дванаццаць кніг беларускіх пісьменнікаў, тыраж якіх ідзе цалкам на камплектаванне бібліятэк.

У снежні галоўная пісьменніцкая арганізацыя краіны падвяла вынікі сваёй дзейнасці за год, акрэсліваючы магчымыя складанасці на кожным этапе на шляху кнігі да чытача. І, як зазначыў Генадзь Пашкоў, у лагічны ланцужок “пісьменнік — выдавец — чытач — кніжны гандаль — бібліятэка” былі вымушаны дадаць яшчэ адно немалаважнае звяно — СМІ.

— Менавіта ад сродкаў масавай інфармацыі залежыць поспех пісьменнікаў і ўвогуле нацыянальнае кнігавыданне, — адзначыў Пашкоў. — Сёлета мы працягнем супрацоўніцтва з друкаванымі і электроннымі СМІ. Спадзяёмся на тое, што з адкрыццём новага тэлеканала “Беларусь 3”, у эфірнай сетцы якога прадугледжана штотыднёвая праграма, дзе гледачы будуць знаёміцца з айчыннымі пісьменнікамі, публіцыстамі і іх творчасцю, беларуская кніга не застанецца ў ролі падчаркі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter