З песнямі ў Кіеў

Прайшла жараб’ёўка финала адбору на дзіцячае «Еўрабачанне»

Вызначылася паслядоўнасць выступленняў дзесяці ўдзельнікаў нацыянальнага адбору на дзіцячае «Еўрабачанне-2013»

Фінал нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2013» пройдзе ў Мінску 4 кастрычніка. Як паведамілі «Р» у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, днямі адбылася жараб’ёўка ўдзельнікаў. Яна, дарэчы, праходзіла ў незвычайным фармаце: у выглядзе гульні ў дартс. Дзеці кідалі дроцікі ў круглую мішэнь, усталяваную ў студыі, кожнае поле якой было замацавана за лічбай ад 1 да 10. Паводле слоў арганізатараў, гульнявая форма сустрэчы стварыла пазітыўную атмасферу сярод дзяцей, якія з задавальненнем падтрымлівалі адзін аднаго.

Нагадаем, за пуцёўку на дзіцячае «Еўрабачанне» будуць спаборнічаць дзесяць юных выканаўцаў. Паслядоўнасць выступленняў канкурсантаў у фінале вызначылася наступная: Руслан Асланаў (Мінскі раён, в.Тарасава), Ангеліна Піпер (Брэсцкая вобласць, в. Астрамечава), Ксенія Церашонак (г. Мінск), Даная Шаршавіцкая (Мінская вобласць, г. Барысаў), Ігар Мураўкін (Мінскі раён, п. Калодзішчы), Юлія Мажылоўская (г. Мінск), Уладлен Іваноў (Магілёўская вобласць, г. Бабруйск), Ілья Волкаў (г. Мінск), На¬дзея Місякова (г. Мінск), Ганна Зайцава (г. Мінск).

— Практычна ўсе конкурсныя нумары ўдзельнікаў гатовыя, — адзначыла кіраўнік нацыянальнага адборачнага тура дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2013», выканаўчы пра¬дзюсар тэлеканала «Беларусь 2» Людміла Барадзіна. — Як заўсёды, пасля прагляду адбылося абмеркаванне, у час якога педагогі па вакале, харэографы і бацькі атрымалі ад кіраўнікоў праекта рэкамендацыі адносна шліфоўкі нумароў, працы над дэталямі і стылем выступленняў.

Пераможцу фіналу, які 30 лістапада прадставіць Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні-2013» у Кіеве, назавуць па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў. Трансляцыю нацыянальнага адбору будзе весці тэлеканал «Беларусь 1».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter