Эксперты — про то, чем запомнится «Евровидение-2017»

З песні слоў не выкiнеш

На «Еўрабачанні-2017» у Беларусі сямнаццатае месца. Па дванаццаць балаў NaviBand атрымалі ад нацыянальнага журы Азербайджана і Украіны, патроху «насыпалі» ім Аўстрыя, Латвія, Мальта, Ізраіль, Малдова, Вялікабрытанія. Гледачы сарака з лішнім еўрапейскіх краін далі нам сціплыя 33 балы. Перамагла Партугалія. Сальвадор сабраў амаль у дзесяць разоў галасоў больш, чым нашы артысты. Дык ці можна лічыць іх выступленне ўдалым?


Нам здавалася, што больш адкрытых і шчырых артыстаў, чым NaviBand, на гэтым конкурсе няма. Аказалася, ёсць. Партугалец, павольная кампазіцыя якога больш нагадвала цітры да добрай меладрамы, заваяваў гледачоў менавіта шчырасцю. Ён спяваў сэрцам. Кажуць, з ім у яго не ўсё ў парадку. Але што на гэтым конкурсе праўда, а што выдумка, зразумець складана. У любым выпадку, гэты факт яго жыцця дадаў яму балаў на «Еўрабачанні». Хаця і без таго Сальвадор Сабрал быў на вышыні. І гэта той выпадак, калі мала хто абураны яго перамогай. Дарэчы, найвышэйшыя балы ён атрымаў і ад нацыянальнага журы, і ад гледачоў.

У Кіеве ў нашага гурта была шматлікая група падтрымкі

Партугалец у любым выпадку быў нашмат цікавейшы, чым італьянец, якому букмекеры прадракалі першае месца. У выніку чалавек з малпай за межамі першай пяцёркі. Беларусам жа больш за ўсіх спадабаўся 17-гадовы балгарын з расійскімі каранямі Крысціян Костаў. У яго другое месца. На трэцім нечакана для многіх апынуліся малдаване. Няма сумнення, іх палымяная песня стане адным з галоўных летніх хітоў турэцкага і іншых марскіх узбярэжжаў. Канкурэнцыю ў гэтай справе ім складзе хіба што прадстаўнік Швецыі, які і замкнуў пяцёрку лідараў.

Ці радавацца сямнаццатаму месцу NaviBand? За чатырнаццацігадовую гісторыю ўдзелу Беларусі ў «Еўрабачанні» нашы толькі пяты раз выйшлі ў фінал. Ужо маленькая перамога. Упершыню прагучала беларуская мова — таксама апладысменты. Але давайце паслухаем экспертаў.

ТЭА, спявак:


— Выхад у фінал ужо поспех. Але хацелася, каб месца было вышэй. Сёлета можна было б абвінаваціць суседзяў, якія далі нам мала балаў. Але толькі на іх падтрымку разлічваць нельга. Нам трэба больш працаваць, рыхтавацца загадзя. Пакуль у нас не ўсё добра, як можа здавацца. Але дакладна ведаю адно: нам патрэбна ўдзельнічаць у «Еўрабачанні», гэта магчымасць заявіць пра сябе, пра сваю краіну. 

Што датычыць фармату конкурсу, то яго няма! Пацвярджэнне таму — партугалец, які перамог. Яго выступленне было камерным, што нетыпова для гэтага конкурсу. Мае сімпатыі разрываліся паміж ім і балгарынам. Абодва былі вартыя перамогі.

Уладзімір МАКСІМКАЎ, прадзюсар:


— Лічу, што ніякіх крытэрыяў ацэнкі «Еўрабачання», акрамя спадабалася ці не спадабалася, не можа быць. Мне здаецца, NaviBand запомніўся еўрапейскай публіцы. Ад іншых яны адрозніваліся музыкай, да таго ж былі вельмі абаяльнымі. Раздражнення ні ў каго не выклікалі. Сямнаццатае месца — добры для нас вынік. Лічу, што на гэтым конкурсе нельга ўзняцца вышэй без папярэдне прыдуманай гісторыі. Словам, нашым артыстам трэба было больш пашумець. Але гэта не іх задача, а менеджараў. Сёлета была вельмі слабая піяр-кампанія. 

Паглядзіце, чым прыцягнуў увагу партугалец. Скаргі на нефарматную музыку, якую раней не бралі на радыёстанцыі, сястра, якая напісала яму песню, гісторыя (ці хлусня?) пра сур’ёзныя праблемы з сэрцам. Ён прапускаў рэпетыцыі ў Кіеве, не ўдзельнічаў у прэс-канферэнцыях. Людзі гэта абмяркоўвалі, такім чынам звярталі на яго ўвагу. Плюс яго чыстыя вочы і неблагая песня — вось вам і перамога. 

Арцём МІХАЛЕНКА, спявак, кампазітар, быў удзельнікам «Еўрабачання-2010» у складзе гурта «3+2»:


— Выступленне нашых у фінале мне ў цэлым спадабалася. Бо ў паўфінале яны праспявалі слабей, і, прызнаюся, я мала верыў, што яны пройдуць далей. Тым больш што за імі выступаў прадстаўнік Балгарыі. Гэта значны кантраст. Ужо тады зразумеў, што Крысціян Костаў будзе ў ліку фаварытаў. На мой погляд, менавіта такім і павінен быць пераможца «Еўрабачання»: модная песня, выдатны голас, цікавы нумар.

Мне як колішняму ўдзельніку гэтага конкурсу было прыемна, што сёлета ў адносінах да NaviBand з боку нашых гледачоў не было негатыву, іх падтрымлівалі, нягледзячы на вынік. У 2010-м «3+2» былі другімі (пасля Дзмітрыя Калдуна), хто выйшаў у фінал конкурсу. Тады гэта быў неверагодны поспех, прыемна, што зараз нашы артысты ўсё часцей пераадольваюць бар’ер паўфіналаў. Мы маленькімі крокамі рухаемся наперад, і спадзяюся, Беларусь нарэшце гучна заявіць пра сябе на «Еўрабачанні».

Яўген АЛЕЙНІК, кампазітар, прадзюсар:


— Сёлетні конкурс па складзе ўдзельнікаў быў слабейшым за мінулагодні. Прыхільнікі чакалі больш моцнага фіналу. Але назаву некалькі станоўчых момантаў. Па-першае, радуе, што нашы арганізатары нарэшце адважыліся везці песню на беларускай мове. Гурт Aura з 2011 года падаваў заяўкі на нацыянальны адбор менавіта на роднай мове, але яго чамусьці не заўважалі. Хаця, нагадаю, некалі «Еўрабачанне» задумвалася менавіта як агляд нацыянальных культур. Па-другое, радуе і пераможца. Здалося, партугалец быў адзіным удзельнікам, які не імкнуўся быць лепшым. Ён проста выйшаў і праспяваў шчыра. Ён адмовіўся ад усіх мерапрыемстваў у ходзе конкурсу, шуміхі, якая звычайна спрыяе артыстам, і гэта выклікае павагу. Сабрал узяў душэўнасцю. Дарэчы, менавіта яе і не хапіла балгарыну. Ва ўсіх іншых момантах ён не саступаў партугальцу.

У аэрапорце NaviBand сустракалі сотні прыхільнікаў

Што датычыцца нашых удзельнікаў, яны вельмі хваляваліся і занадта стаміліся. Гэта быў складаны шлях, але ўсё гэта ім вернецца народным прызнаннем. Іншым жадаючым трапіць на «Еўрабачанне» трэба ўжо зараз рыхтавацца. Да сустрэчы ў сонечнай Партугаліі!

stepuro@sb.by

Фота БЕЛТА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter