Сёлета ў фiнале нацыянальнага адбору шмат выдатных вакалiстаў, але ў такiх конкурсах голас – не самое галоўнае

З першага па дзясяты разлічыся!

Cёння вырашыцца інтрыга: хто ж паедзе ў Партугалію? Фінал нацыянальнага адбору да «Еўрабачання-2018» чакаецца гарачым. Мы вырашылі даведацца, хто чым збіраецца здзіўляць гледачоў і журы. Нагадаем, што менавіта яны і вырашаць, каму дастанецца адзіная пуцёўка на конкурс.

Кірыл ГУД да гэтага быў больш вядомы як аўтар песен, а не выканаўца.

Adagio — увасобленая мара кампазітара Яўгена Алейніка. У адну групу ён сабраў чатырох абсалютна розных выканаўцаў, за плячыма кожнага з якіх перамогі ў прэстыжных міжнародных конкурсах. Многіх здзівіла з'яўленне сярод іх саліста Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Аляксандра Гелаха — нечаканасць. «Злучэнне класікі і эстрады», — аднагалосна яны называюць фішку сваёй песні.

Калі да нацыянальнага адбору яшчэ і заста­валіся людзі, якія не ведалі Мікіту Аляксеева (Alekseev) і яго «Пьянае сонца», то цяпер, няма сумневу, гэтае прозвішча на вуснах ва ўсіх. Менавіта з-за ўкраінскага выканаўцы і разгарэўся ўвесь сыр-бор у нашым конкурсе. Толькі глухі не пачуў падабенства песні «Навсегда», якая выковалася раней, з заяўленай на нацадбор Forever. Па сутнасці — гэта парушэнне правілаў конкурсу. Па факце — артысту дазволілі перарабіць музыку і дапусцілі да фіналу конкурсу. 

Услед за Аляксеевым на сцэну выйдзе Shuma — гэта яшчэ адзін парушальнік правілаў нацыянальнага адбору. Гэтаму гурту таксама дазволілі перарабіць песню, а дакладней, змяніць словы, і ён працягвае сваю барацьбу. У чым сіла гэтага калектыву? «Першае — беларуская мова, другое — выкарыстанне беларускіх традыцый у музыцы, трэцяе — актуальныя і прафесійныя гук і стыль, — лічыць салістка групы Руся.

Вольга Шуманская, яна ж Napoli, спадзяецца, што яе пяты ўдзел у нацыянальным адборы будзе больш паспяховым, чым папярэднія: «На гэты раз я падрыхтавала дарослую, эмацыянальную і вельмі моцную кампазіцыю ад аўтараў песень новага альбома Сяргея Лазарава, у якой распавядаецца аб праўдзівым імкненні чалавечай душы да бездакорнага шчасця».

Анастасія Малашкевіч лічыць, што ў яе самая еўравізійная песня з тых, што прадстаўлены на нацадборы: «Да таго ж сёлета ў фінале я самы вакальны чалавек – гэта ўсім добра вядома. І Беларусі не будзе сорамна за мяне». Другі год Анастасія з’яўляецца стажорам Вялікага тэатра. Яна выконвае партыі ў «Турандоте», «Сельской чести», а хутка выйдзе на сцэну ў галоўнай ролі ў «Тоске».

Гюнеш настроена рашуча. Усё ж такі яна сёмы раз спрабуе прабіцца на «Еўрабачанне». У гэты раз яна сабрала міжнародную каманду, якая і дапамагае ёй рыхтавацца да фіналу. Аранжыроўку песні зрабіў Anders Hansson — шведскі прадзюсар, кампазітар і аранжыроўшчык, вядомы па супрацоўніцтве з такімі артыстамі, як Cher, Christina Aguilera і іншымі. Майстарынг кампазіцыі рабілі ў галівудскай студыі. Песня ў артысткі аб моцнай жанчыне, якая, нягледзячы на страты і перашкоды, працягвае верыць у свае сілы і ідзе наперад. Дакладна гісторыя пра Гюнеш і «Еўрабачанне»!

Гурт «Радыёхваля» — гэта чатыры прыгожыя хлопцы. Але моц гэтых канкурсантаў не ў біцэпсах і сучасных касцюмах. Саліст гурта Улад Чыжыкаў гаворыць, што яны збіраюцца скарыць публіку душэўнасцю і прыемнай атмасферай. Ніякіх наваротаў на сцэне не будзе, толькі светлавое афармленне.

Alen Hit з сябрамі-аднадумцамі напісаў сучасную танцавальную кампазіцыю I don’t Care. Але здзіўляць гледачоў збіраецца не толькі гэтым. Ён задумаў вельмі незвычайны нумар: на працягу апошняга тыдня ён не столькі займаўся вакалам, колькі вырашаў усе тэхнічныя праблемы, так як выкарыстаць апошнія тэхналогіі аказалася не так проста. Словам, яго козыр – танцавальная музыка і нечаканае афармленне сцэны.

Lexy Weaver – гэта ж фіналістка мінулагодняга нацыянальнага адбору Аляксандра Ткач. Кагосьці факт яе другога запар пападання ў адну варонку здзіўляе, але ніяк не яе бацьку і па сумяшчальніцтву прадзюсара: «Аляксандра – гэта будучае нашай краіны. Яна сама піша песні, сама іх спявае і гэтым падкрэслівае, што робіць добрую справу, якая цікавая для іншых». За год, што прайшоў з мінулага адбору, дзяўчына выпусціла альбом песень, атрымала тры амерыканскія прэміі, перамагла ў некалькіх музычных конкурсах.

Да нядаўняга часу Кірыл Ермакоў, ён жа Кірыл Гуд, быў больш вядомы як кампазітар і аранжыроўшчык. Ён, дарэчы, напісаў некалькі песень для расійскай спявачкі Валерыі. Але цяпер спрабуе сябе як спявак. Пра «Еўрабачанне» ведае лепш за іншых: некалі выходзіў на бэк-вакале ў Тэа. У гэтым плане ён ідзе па слядах свайго старэйшага сябра: здзіўляць у першаю чаргу збіраецца песняй, а не нумарам, хаця і абяцае незвычайную відэакарцінку.

stepuro@rambler.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter