Давайце шанаваць імя Бога, сваё і іншых, бо з гэтага пачынаецца наша хрысціянская любоў

З павагай да імені

Выбар імя для дзіцяці ў наш час часцей за ўсё ператвараецца ў складаны працэс. Рэдка бацькі вырашаюць хутка і палюбоўна, як назваць сына або дачку. І іх можна зразумець, паколькі дзіця пой­дзе па жыцці са сваім іменем, якое можа ўплываць на яго будучыню.

Даўней з улікам традыцый заходняга ці ўсходняга хрысціянства бацькі выбіралі свайму дзіцяці імя згодна з хрыціянскім календаром. У ім яны знаходзілі, якія святыя ўспамінаюцца ў дзень яго нараджэння, і імя аднаго з іх давалі яму. Як вядома, юліянскі і грыгарыянскі календары не супадаюць, таму ў праваслаўных і каталіцкіх календарах часта ўзгадваюцца адны і тыя ж святыя, але ў розныя дні. Часам узнікае блытаніна з-за таго, што адно і тое ж імя мае розныя формы ў розных мовах, напрыклад, Юрый, Грыгорый, Ежы, Джордж, Хорхэ. Некаторыя ўспрымаюць іх як розныя формы аднаго імені, а некаторыя — як зусім розныя імёны. Што ж, хутчэй за ўсё важна тое, як сам носьбіт імя пазіцыяніруе сябе і што яго імя для яго азначае.

У бытавых адносінах многія формы імені займелі розныя варыяцыі, часта памяншальна-ласкальныя. У нашых вёсках нармальным было сустрэць розных Манек, Марый, Марыек, Марысей і г.д. Кожны чалавек меў сваю форму імя, нават калі нібыта яно супадала з пашпартам. Аднак цяпер пераважае тэндэнцыя, што чалавека называюць толькі так, як запісана ў яго дакументах, паколькі імёны ў іх не змяняюцца. У слоўніках беларускай мовы можна знасці паралельны адпаведнік каталіцкіх і праваслаўных форм адных і тых жа імёнаў. Гэта ўнікальная сітуацыя ў свеце, бо звычайна імёны адрозніваюцца не з-за канфесійнай прыналежнасці, а з-за розніцы моў ці рэгіёнаў.

Мне здаецца, што зараз многія паспешна даюць экстравагантнае імя свайму немаўляці. Выбіраючы для дзіцяці імя сярод абвешчаных святых, бацькі захоўваюць традыцыю сваіх продкаў, знаходзяць для яго нябеснага заступніка. І біяграфія гэтага святога можа стаць прыкладам для пераймання. Каталіцкі касцёл і Праваслаўная царква просяць бацькоў не называць сваіх дзяцей імёнамі, якія супярэчаць хрысціянскаму духу, напрыклад Люцыфер. Гэта цяжка ўявіць, але і такое тэарэтычна можа здарыцца.

Раней, калі бацькі выбіралі імя для немаўляці згодна з хрысціянскім календаром, дзень нараджэння дзіцяці называлі «імянінамі», бо гэта быў дзень імені яго святога і адначасова дзень нараджэння гэтага чалавека. Цяпер часта святога з такім іменем у літургіі ўспамінаюць у адзін дзень, а можа быць так, што носьбіт гэтага імені нарадзіўся ў іншы. Таму імяніны і дзень нараджэння не супадаюць. У рускай мове словы «именины» і «день рождения» зараз ужываюцца як сінонімы, але ў іншых гэта не так. Напрыклад, у англійскай мове ёсць выраз name day — гэта дзень успаміну святога, у гонар якога ты названы, а birthday — дзень твайго нараджэння. У Іспаніі імяніны важнейшыя за дзень нараджэння. У Польшчы гэтыя два дні раўнапраўныя.

З усяго сказанага можна зрабіць выснову, што многія традыцыі змяняюцца. Касцёл і Царква пакорна просяць сваіх вернікаў аб самым важным: не ўжываць імя Бога без патрэбны. Часта чуем, як лю­дзі кажуць неабдумана «Госпадзі, Божа...» зусім у недарэчных сітуацыях. Давайце шанаваць імя Бога, сваё і іншых, бо з гэтага пачынаецца наша хрысціянская любоў.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter