Старажытны лялечны тэатр вярнулі з нябыту майстры Брэстчыны

З падачы дробнай шляхты

Тое, што замяняла нашым продкам тэлевізар, цырк і тэатр, адрадзілі ў Стойлах


У АГРАСЯДЗІБЕ вёскі Стойлы Пружанскага раёна напярэдадні Каляд здарылася незвычайная падзея, што спалучыла адразу два сакавітыя беларускія словы — “талака” і “батлейка”. Суполка членаў грамадскага аб'яднання аматараў мастацтваў «ТУР», сярод якіх  пяць народных майстроў, сабралася ў амаль бязлюдным аддаленым паселішчы, каб стварыць традыцыйны беларускі драўляны тэатр. 

Народны майстар з Камянца Уладзімір ЧЫКВІН стварыў эскіз батлейкі і анёлаў


АЛЕ перш чым вярнуцца да батлейкі, трэба ўзгадаць, чым слаўныя самі Стойлы. Апошнім яе карэнным жыхаром быў майстар разьбы па дрэве Мікалай Тарасюк. За сваё жыццё ён стварыў каля 30 тысяч драўляных чалавечкаў — мужычкоў, дзетак, кабет, папоў... Многiя з iх зараз жывуць у розных музеях нашай краіны i Польшчы, а для астатнiх творца пабудаваў у сядзiбе асобны дом-музей «Успамiны Бацькаўшчыны». 

Пасля смерці 82-гадовага патрыёта вёскі, якую ён адмаўляўся пакінуць, нават калі застаўся зусім адзін, справа майстра не была забыта. Ларыса і Аляксандр Быцко арганізавалі ў Стойлах сваю аграсядзібу, наведвальнікі якой звычайна не абмяжоўваюцца адпачынкам на прыродзе, але і прыходзяць у музей разьбяра і ўдзельнічаюць у разнастайных творчых праектах. Напрыклад, тут праводзяць майстар-класы і квэсты для школьнікаў з недалёкай вёсачкі Шчарчова. Але гэтага энергічным і творчым мужу і жонцы было мала. 

— Так нарадзілася ідэя стварыць спектакль, прысвечаны Міколе Тарасюку, «ажывіць» яго скульптуры, — тлумачыць гаспадыня. — Найбольш удалай формай для гэтага нам падалася батлейка — традыцыйны лялечны тэатр. Адной з прычын такога выбару было тое, што на Берасцейшчыне такі твор пакуль жыве толькі ў Доме рамёстваў вёскі Русіно Баранавіцкага раёна.

У ВЕРАСНІ ў сядзібе адкрылі культурна-адукацыйны цэнтр «Вясковы рэнесанс». Гэта досыць прасторнае памяшканне з утульным камінам і сталамі, каля якіх можа размясціцца вялікая кампанія. Менавіта тут і вырашылі праводзіць лялечную дзею.

Першапачатковая задума — паставіць гістарычную п’есу пра жыццё Мікалая Тарасюка. Але многія вопытныя батлеечнікі параілі суполцы спачатку зрабіць класічную батлейку з рэлігійным хрысціянскім сюжэтам і толькі пазней дадаваць цывільныя дэталі. Напрыклад, ёсць правіла: у класічнай батлейцы павінна быць 12 базавых персанажаў і некалькі дадатковых. Сам праект аўтары назвалі «Мастацтва шчырага сэрца». З красавіка гэтага года работа закіпела — і атрымалася сапраўды незвычайная рэч.

Эскізам батлейкі займаўся народны майстар з Камянца Уладзімір Чыквін, саму трохпавярховую сцэнічную прастору ствараў разьбяр Вячаслаў Дароцька з вёскі Барысава Кобрынскага раёна. Кветкі і анёлы ў старажытных пружанскіх традыцыях з’явіліся на ёй дзякуючы народнаму майстру Марыі Кулецкай.


Гаспадыня Ларыса БЫЦКО дэманструе сцэну са спектакля.

Лялькі-фігуркі кожны разьбяр ствараў самастойна, прытрымліваліся толькі агульных памераў. Святую Сям'ю вырабляў народны майстар Анатоль Туркоў з Камянца, анёлаў і цара Ірада — Уладзімір Чыквін, Валерый Манцэвіч з Драгічына займаўся вобразамі Рахель і ваяроў, Аляксандр Лазерка ўвасобіў Смерць з касой і Нячысціка. Дарэчы, гэтыя майстры правялі спецыяльны ўрок для сельскіх дзяцей са Шчарчоўскай школы, і яны таксама прыклалі руку да стварэння навагодняга дзіва.

Акрамя драўляных фігурак, з шэрсці зваляла авечку Наталля Глявацкая, а Наталля Ярмоцык з Бярозы спляла з саломы зорку, сонца і месяц. Брэстчанка Марына Марчук намалявала ў тэхніцы баціку карціны раю і пекла, а Таццяна Гладкоўская адказвала за адзенне для герояў. Батлейка размяшчаецца ў адмыслова ўпрыгожаным куфры, які распісала народны майстар з Бярозы Таццяна Зданевіч. А вялікія вокны ў альтанцы ўпрыгожылі папяровымі карцінамі з вясковага жыцця з анёламі і зоркамі студэнты. 

Пра карані батлеечнага тэатра я распытала майстра Уладзіміра Чыквіна:

— Гэта традыцыя ўзнікла на памежжы Польшчы і Беларусі, а захавалася і развівалася на нашай тэрыторыі, зараз таксама сустракаецца на ўскрайку Расіі і Украіны, — сведчыць ён. — Вясковым людзям яна замяняла і тэлевізар, і сапраўдны тэатр. Пазней цікавую з’яву заўважыла дробная шляхта, яна запрашала самадзейных артыстаў, а таксама мастакоў, каб парадаваць сваіх дзяцей каляднай дзеяй. Так паступова першапачатковы варыянт удасканальваўся, і ва ўжыванні аказаліся больш прыгожыя і дасканалыя батлейкі.

Падчас падрыхтоўкі спектакля вельмі многа інфармацыі стваральнікі стойлаўскага лялечнага тэатра адшукалі ў краязнаўчых музеях, асабліва ў заходняй частцы краіны. Захаваліся таксама фрагменты лялек і сцэны. У батлейцы абавязкова павінны быць неба, зямля і падземны свет — тры паверхі. Але для эканоміі часам нашы продкі рабілі і аднапавярховыя варыянты.

— Хто часцей за ўсё ў такім спектаклі кіраваў лялькамі — прафесійныя артысты ці простыя людзі?

— Звычайна гэта вясковыя энтузіясты весялосці, самыя актыўныя жыхары, — патлумачыў Уладзімір Мікалаевіч. — Пасля кананічнага сюжэта гледачам абавязкова паказвалі невялікія жарты ці кпіны на тэмы сялянскага побыту. 

 Аляксандру БЫЦКО ўпершыню давялося стаць акцёрам лялечнага тэатра.

Разглядаю драўляных анёлаў разьбяра — і здаецца, што гэта не проста лялькі. Усё пачынаецца з задумы і кавалка дрэва, а далей — фантазія мастака... Творчы працэс іх нараджэння можа займаць і дваццаць хвілін, і тры дні. У народнага майстра цікаўнасць да гэтага рамяства праявілася яшчэ ў дзяцінстве, бо вырас пры лесе — побач Белавежская пушча. Калі пачаў выразаць першыя фігуркі, знайшліся і добрыя дарадцы. Так традыцыя перадавалася з рук у рукі. 

Першае прадстаўленне батлейкі вырашылі прымеркаваць да каталіцкіх Каляд. Складанай канструкцыяй і лялькамі кіруюць самі гаспадары аграсядзібы. Ларыса Мікалаеўна падзялілася дэталямі падрыхтоўкі: калі дачушка падрасла і з’ехала на вучобу, яе пакой прыстасавалі пад дамашні тэатр, і там штовечар муж і жонка «гуляюць у лялькі». П’еса не будзе заўсёды аднолькавай, паступова яе будуць удасканальваць і дадаваць нешта новае. Зараз запланаваны паказ для трох дзіцячых груп, але гаспадары аграсядзібы вельмі спадзяюцца, што іх будзе больш, бо ўбачыць такое прадстаўленне сёння — рэдкая магчымасць. У наступным годзе Быцко плануюць паказаць яго на Міжнародным фестывалі батлеек у мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры.

ДАВЕДКА «СГ» 

Батлейка вядома беларусам з XVI—XVII стагоддзяў. Наогул, гэтае слова паходзіць ад назвы горада Віфлеем, дзе ў калядную ноч у авечых яслях нарадзіўся Ісус Хрыстос. Класічныя спектаклі разыгрываліся толькі на гэтую біблейскую тэму, але пазней да іх сталі дабаўляцца і свецкія пастаноўкі. 

yasko@sb.by

Фота аўтара і Ірыны СЯДОВАЙ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter