З-пад Турава муроў сiвых гукне нас поклiчна Радзiма

У гэтыя выхадныя Гомельшчына стане месцам знакавай падзеі ў духоўным жыцці краіны – Дзён беларускага пісьменства. Не сакрэт, што правядзенне названага свята – адказны экзамен для многіх, хто працуе ў вобласці на ніве культуры. Як рыхтуюцца да яго культработнікі і жыхары паўднёва-ўсходняга рэгіёна? З гэтага пытання мы распачалі гутарку з начальнікам упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкома Аляксандрам Прусавым.
— Бадай, упершыню за ўсю гісторыю свята межы яго – і ў часавым, і ў маштабным вымярэннях – істотна пашырацца: захапляючыя дзеі Дзён пісьменства адбудуцца не толькі ў Тураве, а і напярэдадні — у Гомелі. Такое рашэнне з улікам нашых прапаноў прынята аргкамітэтам свята ў ходзе яго падрыхтоўкі. Як чакаецца, 4 верасня мерапрыемствы Дзён выразнымі фарбамі ўвальюцца ў агульную ўзнёслую плынь свята абласнога цэнтра “Пяю табе, мой горад!”. Гамяльчане і госці Гомеля стануць сведкамі мерапрыемстваў, чырвонай ніццю праз якія прасочыцца вобраз чалавека, чый уплыў на развіццё пісьменства на гэтых землях не падлягае сумненню. Гэта легендарная асоба — грамадскі дзеяч, асветнік Кірыла Тураўскі, што жыў і тварыў тут у ХІІ стагоддзі. Перакідваю масток у сучаснасць: традыцыі падзвіжніка славянскай еднасці і сёння жывуць на Гомельшчыне. Вось ужо больш як 10 год тут плённа дзейнічае на ніве ўмацавання культурных і чалавечых сувязяў суседніх славянскіх народаў таварыства імя Кірылы Тураўскага на чале са старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Валерыем Сяліцкім. Актывісты названага грамадскага аб’яднання ўнеслі сваю лепту і ў падрыхтоўку навукова-практычнай канферэнцыі “Тураўскія чытанні”, якая з удзелам вядомых навукоўцаў краіны пройдзе ў Гомелі. Не пакінуць удзельнікаў свята абыякавымі і такія прымеркаваныя да яго падзеі, як адкрыццё ў скверы каля будынка абласнога драмтэатра помніка Кірылу Тураўскаму, цэнтральнай часткі палаца Румянцавых—Паскевічаў, дзе да пачатку Дзён пісьменства завершана рэканструкцыя. Не магу ў гэтай сувязі не згадаць і пра найцікавую выставу старадрукаваных выданняў Беларусі, якую рыхтуюцца разгарнуць для ўдзельнікаў урачыстасцей у Гомелі супрацоўнікі Веткаўскага музея народнай творчасці. Захапляючымі чакаюць стаць святочныя дзействы і ў “сталіцы” Дзён пісьменства — Тураве. Тут будуць рэалізаваны шматлікія творчыя задумы. Адна з іх — своеасаблівая тэатралізаваная “рэанімацыя” часу, у які жыў Кірыла Тураўскі, з адсочваннем вех яго жыцця — ад дзяцінства да княства. Увогуле ж пра мяркуемы размах свята сведчыць ужо тое, што ў ім толькі з Гомельшчыны прымуць удзел 29 вядучых творчых калектываў і каля 70 майстроў народнай творчасці. Вядома, гэта вельмі адказная місія для нашых культработнікаў, а таму ва ўсіх установах культуры сёння вядзецца дбайная падрыхтоўка да свята. — На шчасце, Бог не абдзялiў вобласць мясцiнамi, падобнымi да Тураўшчыны, якiя нясуць на сабе як адбiтак сiвой гiсторыi, так i высокую эстэтычную вартасць. Што робiцца тут па захаваннi аб’ектаў гiстарычнай i духоўнай спадчыны, падрыхтоўцы да магчымага ўключэння асобных з iх у турыстычныя маршруты так званага залатога кальца Гомельшчыны? – У вобласцi сёння налiчваецца каля 900 помнiкаў, што маюць гiстарычную i культурную значнасць. Многiя з iх добра вядомыя i не патрабуюць дадатковага апiсання. Як, да прыкладу, уключаны ЮНЕСКА ў спiс аб’ектаў сусветнай культурнай i прыроднай спадчыны помнiк ХVIII—XIX стагоддзяў палаца-паркавы ансамбль у Гомелi. Або сядзiбна-паркавыя комплексы ў населеных пунктах Чырвоны Бераг Жлобiнскага i Барысаўшчына Хойнiцкага раёнаў – помнiкi ландшафтнага мастацтва эклектычнага кiрунку, збудаванне былой калегii iезуiтаў у вёсцы Юравiчы Калiнкавiцкага раёна – адзiн з нямногiх уцалелых узораў культавай архiтэктуры позняга барока... Усё больш такiх унiкальных аб’ектаў атрымлiвае сваё афiцыйнае прызнанне. Толькi сёлета ў Рэспублiканскi савет па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны намi накiраваны прадстаўленнi на 32 помнiкi, 19 з iх ужо набылi статус нацыянальнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi. Апрача згаданай мной рэканструкцыi палаца Румянцавых-Паскевiчаў, у апошнi час рэстаўрацыйныя работы (у большасцi за сродкi абласнога бюджэту) вялiся i працягваюцца сёння яшчэ на пяцi помнiках гiсторыi i культуры – у Гомелi, Чачэрску, Лоеве, пасёлку Чырвоны Бераг Жлобiнскага раёна. Мэта такога клопату празрыстая: не толькi захаваць спадчыну для нашчадкаў, але i, па магчымасцi, уключыць гэтыя аб’екты ў пералiк будучых турыстычных маршрутаў, што пралягуць па Гомельшчыне. Дарэчы кажучы, гэтаму напрамку ў вобласцi надаецца сёння вялiкая ўвага. Сумесна Гомельскiм i Брэсцкiм аблвыканкомамi падрыхтавана да разгляду дзяржаўная праграма развiцця Беларускага Палесся, якая прадугледжвае адраджэнне, захаванне i развiццё фальклору, народных рамёстваў, аднаўленне гiсторыка-культурнай спадчыны, развiццё турызму. Той жа Тураў згодна з ёй з цягам часу заклiканы стаць асяродкам экалагiчнага i краязнаўчага турызму на Гомельшчыне. – Удзел у святочных мерапрыемствах для многiх лепшых мастацкiх калектываў вобласцi – працяг мэтанакiраванай, напружанай работы па абслугоўваннi культурных запатрабаванняў жыхароў Гомельшчыны. Цi ёсць нейкi сакрэт у тым, што вобласць вось ужо тры гады запар утрымлiвае ў краiне першынство па арганiзацыi канцэртнай дзейнасцi сярод сельскага насельнiцтва? — Перамога, як вядома, сама па сабе не прыходзiць. Лiчу, што гэта плён шматгадовай мэтанакiраванай дзейнасцi высокапрафесiйнай творчай каманды культработнiкаў вобласцi. У прыватнасцi, кадраў сельскiх устаноў культуры, у падрыхтоўцы якiх у нас маюцца добрыя напрацоўкi. Не апошняе са складаемых нашага дасягнення тое, што толькi за мiнулы i сёлетнi гады на баланс упраўлення культуры прынята каля 20 сельскiх устаноў культуры, што дагэтуль мелi ведамасную прыналежнасць. Калi ж падсумоўваць сказанае, то, лiчу, цудоўна, што такое прафесiйнае сапернiцтва ў сiстэме ўстаноў Мiнiстэрства культуры ёсць, што яно мабiлiзуе нашы кадры i ўзнiмае ўзровень iх работы. Тым больш што вядзецца гэта спаборнiцтва пад чуйным патранажам кiраўнiка дзяржавы. — Што адметнае ўключана ў блiжэйшыя планы ўстаноў культуры вобласцi, чым парадуюць яны гараджан i вяскоўцаў у блiжэйшы час? – Днi беларускага пiсьменства, упэўнены, дадуць добры старт шэрагу мерапрыемстваў, якiя немагчыма будзе абмiнуць увагай. Так, у вераснi па раёнах Гомельшчыны пройдзе вялiкi гастрольны тур канцэртнага аркестра абласной фiлармонii пад кiраўнiцтвам заслужанага артыста Рэспублiкi Беларусь Юрыя Васiлеўскага з удзелам вядомых выканаўцаў Галiны Паўлянок, Якава Навуменкi, Iрыны Дарафеевай, уладальнiка Гран-пры Мiжнароднага фестывалю “Славянскi базар у Вiцебску-2003” Максiма Сапацькова, лаўрэата мiжнародных конкурсаў Трафiма Анцiпава. Актыўна рыхтуемся да правядзення славянскага пленэру жывапiсу, прысвечанага творчасцi народнага мастака БССР Вiталя Цвiркi, фестываляў гiтарнай музыкi “Рэнесанс гiтары”, мастацтваў – “Беларуская музычная восень”... Ну i, канечне ж, вельмi запатрабаванымi будуць нашы творчыя сiлы падчас паўсюднага правядзення галоўных урачыстасцей хлебаробаў – святаў ураджаю. Трэба спадзявацца, упляце вобласць дастойную кветку ў творчы вянок ушанавання лепшых з лепшых земляробаў краiны i на рэспублiканскiм свяце “Дажынкi-2004” у Ваўкавыску: гэта права будзе дадзена вакальна- харэаграфiчнаму ансамблю “Рудабельская пацеха” Акцябрскага цэнтра культуры.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter