Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

З паўладарскім прывітаннем, альбо Як супляменніца Любоў Богнат садзейнічае развіццю стасункаў паміж Беларуссю і Казахстанам

Толькі газета змясціла тэкст (“Новае месца для сустрэч”, ГР №18 ад 18.05.2017) пра змену паштовага адрасу, тэлефонаў рэдакцыі, як нам пазванілі. “Добры дзень! Гэта Любоў Іванаўна Богнат з Казахстана турбуе, — чую ў трубцы. — У Беларусі з візітам была афіцыйная дэлегацыя з Паўладарскай вобласці, узначальваў яе акім, гэта значыць кіраўнік вобласці Булат Бакауаў. Можа напішаце пра гэта? Шмат сустрэч было, дамовы аб супрацоўніцтве прывезлі. Я, на жаль, не змагла паляцець, бо збіраюся сёлета ў Мінск на Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа. І у ІІІ Фэсце мастацтваў беларусаў свету плануем удзельнічаць”.

Хлебам-соллю сустракаюць у Гомелі гасцей з Казахстана 

Пагаварыўшы з Любоўю Іванаўнай, адкрыла сайты інфармагенцтваў. Дзе ж былі госці? Вось кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый розных галін народнай гаспадаркі, прадстаўнікі органаў кіравання брацкай краіны — у Адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска. І паміж гэтым раёнам сталіцы і казахстанскім горадам Экібастузам падпісана дамова аб супрацоўніцтве. На сайце адміністрацыі раёна чытаем: “Пагадненнем прадугледжваецца пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, садзеянне ва ўсталяванні кантактаў між суб’ектамі гаспадарання, правядзенне выстаў, кірмашоў, бізнес-форумаў, а таксама развіццё ўзаемадзеяння ў сферах адукацыі, культуры, спорту і турызму”. 

А пад час візіту дэлегацыі ў Мінскую вобласць акім з Паўладара сустрэўся са старшынёй Мінаблвыканкама Сямёнам Шапірам. Начальніца ўпраўлення знешнеэканамічных сувязяў камітэта эканомікі Мінаблвыканкама Вольга Гаўрук паведаміла мне па тэлефоне: кіраўнік Паўладарскай вобласці зацікавіўся закупкай маладняку буйной рагатай жывёлы для развіцця малочнай жывёлагадоўлі, а таксама супрацоўніцтвам у будаўніцтве малочна-таварных комплексаў. “Спецыялісты нашай вобласці гатовыя і кансультаваць, і будаваць малочнатаварныя комплексы непасрэдна на тэрыторыі Казахстана на ўзаемавыгадных умовах”, — казала Вольга Гаўрук.

На кандытарскай фабрыцы “Спартак” 

Пабывалі госці ў Жлобіне, Рагачове, Гомелі. Наведалі Беларускі металургічны завод, Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат, аграпрамысловае прадпрыемства “Ціхінічы”, “Гомсельмаш”, кандытарскую фабрыку “Спартак”, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Вельмі зацікавіў акіма беларускі досвед па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, і найперш невялікіх гарадоў. Пра тое пасля завяршэння міжрэгіянальнай нарады Гомельскай і Паўладарскай абласцей напісала БелТА. “Ёсць шмат цікавых знаходак. Мы гатовыя запрасіць у Паўладарскую вобласць гомельскіх архітэктараў, будаўнікоў — папрацаваць у нас некаторы час”, — адзначыў Булат Бакауаў.

Любоў Богнат казала мне, што сёлетняя вандроўка казахстанскай дэлегацыі — візіт у адказ. Летась у лістападзе ў Паўладарскай вобласці гасцявалі прадстаўнікі ўлады, прадпрымальнікі з Гомельшчыны. Было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Гомельскім аблвыканкамам і акіматам Паўладарскай вобласці. У стужцы навін Гомельскага аблвыканкама знаходжу: у студзені-лютым 2017 года тавараабарот паміж рэгіёнамі склаў 1,4 млн. даляраў. Вялікім попытам карыстаюцца гомельскія прадукты харчавання, прамтавары. Асноўныя экспартныя пазіцыі: малако і згушчаныя вяршкі, абсталяванне для чыгуначных шляхоў, посуд сталовы і кухонны з фарфору. А з Паўладарскай вобласці імпартуецца ферасіліцый для Беларускага металургічнага завода.

Паспяхова развіваецца супра­цоўніцтва і ў сацыяльнай сферы. Так, па дамове з казахстанскім Саюзам ветэранаў Чарнобыля ў Гомелі штогод праходзяць абследаванне і атрымліваюць лячэнне больш за 100 казахстанцаў. Яшчэ адладжваюцца стасункі паміж Гомельскім дзяржпедуніверсітэтам імя Ф. Скарыны і Паўладарскім дзяржаўным педагагічным інстытутам.

Сёлета ж па выніках міжрэ­гіянальнай нарады падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж свабоднымі эканамічнымі зонамі, размешчанымі ў Паўладарскай і Гомельскай абласцях. Яшчэ адзін перспектыўны кірунак узаема-зеяння рэгіёнаў — закупка тэхнікі “Гомсельмаша”. Прычым больш за іншых гасцей зацікавіў варыянт так званага бюджэтнага збожжаўборачнага камбайна — КЗС-5, прызначанага для працы на палях невялікай плошчы, у першую чаргу ў фермерскіх гаспадарках.

Цікавае віртуальнае падарожжа атрымалася ў мяне з падачы супляменніцы, старшыні Паўладарскай суполкі “Беларусь” Любові Богнат. Канешне, жывы кантакт і асабістыя ўражанні не заменіць нішто, але, спадзяюся, асноўныя моманты з візіту гасцей мне асвятліць удалося. Так што й такая форма работы з беларусамі замежжа можа быць да месца ў працы журналістаў нашай газеты. 

Кацярына Мядзведская


Голас Радзімы № 20 (3524), чацвер, 1 чэрвеня, 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter