З нуды і ад радасці

Ці праўда, што гарэлка была абавязковым атрыбутам у некаторых беларускіх абрадах?

Ці праўда, што гарэлка была абавязковым атрыбутам у некаторых беларускіх абрадах?

Калісьці, перад тым як выпіць кілішак гарэлкі, веруючыя людзі хрысціліся, бо лічылі, што пры яе вырабе не абышлося без нячыстай сілы. Паводле беларускага падання, зафіксаванага на Слонімшчыне, Бог, хоць і ведаў, што гарэлку гоніць чорт, але даў сваё блаславенне, каб людзі, якія пілі яе ўмерана, былі жывыя і здаровыя. Але затое Ён у дзесяць разоў скараціў ураджайнасць жыта. 

У вясельным рытуале гарэлка як бы “замацоўвала” вызначаныя вынікі пры сватаўстве: сваты абавязкова бралі з сабою бутэльку гарэлкі. Калі сватаўство атрымоўвалася, гарэлку трэба было абавязкова выпіць у хаце нявесты, а пустую бутэльку напоўніць жытам і панесці ў хату жаніха. Нездарма такі абрад на Беларусі называлі “Запоіны”.

Пасля нараджэння дзіцяці бацька першым выпіваў напоўнены да краёў кілішак гарэлкі, каб дзіця было здаровае, а жыццё яго было “поўнае”, гэта значыць шчаслівае.

Як знак прысутнасці душы памерлага чалавека сярод жывых на памінальны стол бліжэй да чырвонага кута ставілі кілішак гарэлкі. l Сярод нашых продкаў існавала правіла — на святочным застоллі першы кілішак гарэлкі неабходна выпіваць да дна і не пакідаць “слёзы”: “Хто не асушвае чарку, той лічыцца заўзятым ворагам, таму што не выпіў за здароўе гаспадара хаты”.

На памінках, наадварот, неабходна было на дне кілішка пакінуць трохі гарэлкі — тыя самыя “слёзы” па памерламу чалавеку. Затым у кілішак ізноў налівалі гарэлку. Трэба было двойчы паўтарыць гэтыя ж дзеянні. За трэцім разам гарэлка выпівалася да дна, а кілішак пераварочвалі. Штораз трэба было прагаворваць прыкладна так: “Няхай зямля яму пухам, царства нябеснае, грахоў адпушчэнне, душачцы выратаванне”. 

У асяроддзі народных знахароў існавала перакананасць: калі хто на памінках выпівае больш, чым тры кілішкі гарэлкі, то яго ўнукі будуць алкаголікамі! l Але ніколі ў народзе не лічылася прыстойным напіцца дап’яна або выпіць без нагоды. П’янства лічылася заганай, а п’яніцамі пагарджалі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter