Навукова-асветнiцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» рушыць з Мiнска ў Барысаў на сустрэчу Дня беларускага пiсьменства
3 верасня з Мiнска ад Свята-Духава кафедральнага сабора пасля ранiшняга малебна i блаславення мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусi Фiларэта ў свой традыцыйны шлях адправiцца навукова-асветнiцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў».
Гэтае штогадовае паломнiцтва – неад’емная частка Дня беларускага пiсьменства i сёлета папярэднiчае яму 15-ы раз. Экспедыцыя, у складзе якой 35 чалавек – вядомыя пiсьменнiкi, вучоныя, артысты, журналiсты, прадстаўнiкi духавенства, пройдзе на працягу пяцi дзён. 5 верасня яна прыбудзе ў Барысаў — сёлетнюю сталiцу Дня беларускага пiсьменства, каб ужо 7 верасня разам з усiмi гасцямi горада далучыцца да свята i яго шматлiкiх удзельнiкаў.
Як заўсёды, экспедыцыя нясе з сабой Непагасную лампаду Духоўнасцi з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, запаленым у 1992 годзе ў Iерусалiме i перададзеным ў Беларусь. Гэта святыня захоўваецца ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мiнску, а падчас экспедыцыi Благадатны Агонь перадаецца на свечкi прыхаджанам па ўсёй краiне, на яе шляху iм асвячаюцца саборы, храмы, каплiцы, манастыры, помнiкi славы i мужнасцi нашага народа, а таксама многiя сацыяльныя i адукацыйныя ўстановы — дзiцячыя дамы, бальнiцы, прытулкi, дамы ветэранаў, школы, дзiцячыя садкi...
Як расказала «Р» iнiцыятар i нязменны кiраўнiк навукова-асветнiцкай экспедыцыi, беларуская пiсьменнiца, лаўрэат прэмii «За духоўнае адраджэнне» Нiна Загорская, за час свайго iснавання экспедыцыя прайшла па Беларусi 15 тысяч кiламетраў, на гэтым шляху Благадатным Агнём асвечаны больш за 400 праваслаўных святыняў i амаль столькi ж мiрскiх аўдыторый.
Як заўсёды, разам з Благадатным Агнём «Дарогай да святыняў» суправаджае ўдзельнiкаў экспедыцыi Адзiгiтрыя (Шляхаводная) цудатворная Загор’е-Сталавiцкая iкона Пакрову Пра-святой Багародзiцы. У яе цiкавая гiсторыя, пра якую Нiна Сямёнаўна i сёння не можа ўспамiнаць без хвалявання. З’яўленне iконы адбылося каля яе роднай вёскi Загор’е Баранавiцкага раёна, на месцы, празваным людзьмi Святым Полем, бо калiсьцi там стаяла мясцовая царква, вакол якой спрадвеку хавалi нябожчыкаў амаль з дзесятка блiжэйшых паселiшчаў. У 1983 годзе колiшнiя загорскiя могiлкi аддалi пад кар’ер для дабудовы аўтатрасы Брэст—Масква. Першы ж коўш экскаватара падчас земляных работ падняў iкону...
8 жнiўня 2000 года Сiнодам Беларускай праваслаўнай царквы Загор’е-Сталавiцкая iкона Пакрову Прасвятой Багародзiцы кана-нiзавана як цудатворная i да пабудовы храма на месцы яе з’яўлення захоўваецца ў келлi мiтрапалiта Фiларэта. Але разам з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга адзiн раз на год яна адпраўляецца па Беларусi.
Сёлета экспедыцыя «Дарога да святыняў» пройдзе праз Баранавiцкi, Зэльвенскi, Мастоўскi, Шчучынскi, Дзятлаўскi, Карэлiцкi, Валожынскi раёны, завiтае ў Жодзiна i ўжо адтуль накiруецца да Барысава. У горадзе Непагасную лампаду Духоўнасцi даставяць у храм Нараджэння Хрыста, дзе пройдзе ўрачыстая боская лiтургiя.
Адным з першых мерапрыемстваў экспедыцыi «Дарога да святыняў» стане пасадка Сада малiтвы, якi па iнiцыятыве пiлiгрымаў з’яўляецца ў кожнай новай сталiцы Дня беларускага пiсьменства. На гэты раз ён будзе закладзены ў Барысаве, а таксама ў вёсцы Барань у Свята-Ксенiнскiм жаночым манастыры.
— У пасаджаны яблыневы сад, бярозавы гай, дуброву цi сасновы бор зможа прыйсцi кожны, каб звярнуцца сваiмi думкамi да Бога. А маладыя дрэўцы лiсточкамi, галiнкамi моляцца за нас i днём, i ноччу, — гаворыць Нiна Загорская.
У гэтыя днi Нiна Сямёнаўна разам са сваiмi спадарожнiкамi збiраецца ў чарговае паломнiцтва па беларускiх гарадах i вёсках, каб як мага больш людзей – дарослых i дзяцей — змаглi дакрануцца сэрцамi да непагаснага святла духоўнасцi i адчуць яго благадатнае цяпло.
На снимке: на цэнтральнай плошчы Барысава.