З навуковай крыніцы напіцца

У Гомелі прайдуць адкрытыя навуковыя Гаазаўскія чытанні

Адкрытыя навуковыя Гаазаўскія чытанні ў трынаццаты раз збіраюць юных даследчыкаў гуманітарных дысцыплін у гомельскай гімназіі № 58, якая носіць імя вядомага ўрача-гуманіста Фёдара Пятровіча Гааза (сапраўднае імя Фрыдрых Іосіф). З часу спачыну яго сёлета споўніцца 160 гадоў.

Па словах дырэктара названай установы Віктара Петухова, у конкурсе будзе ўдзельнічаць каля 230 даследчых і творчых работ школьнікаў і навучэнцаў, што прадстаўляюць 53 установы адукацыі з Гомеля, а таксама Рэчыцкага ліцэя, ліцэя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Юныя навукоўцы прымуць удзел у рабоце 11 тэматычных секцый па грамадазнаўчых, гісторыка-філалагічных, псіхалагічных і мастацтвазнаўчых дысцыплінах. Як і раней, вялікая ўвага будзе нададзена якасці падрыхтаваных матэрыялаў. Невыпадкова ў складзе журы навуковага мерапрыемства — выкладчыкі ГДУ імя Францыска Скарыны, Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, пісьменнікі і журналісты, прадстаўнікі Гомельскай епархіі. Упершыню сёлета ўдзел у Гаазаўскіх мерапрыемствах прымуць педагогі, якім прадастаўлена магчымасць выступіць у секцыі «Праваслаўе і педагогіка». Па інфармацыі арганізатараў чытанняў, тэматыка васьмі заяўленых работ настаўнікаў тычыцца разгляду традыцый праваслаўнай культуры і выхавання школьнікаў рознага ўзросту. Як сведчаць гістарычныя крыніцы, Фрыдрых Іосіф нарадзіўся ў 1780 годзе ў маленькім нямецкім гарадку паблізу Кёльна. У свае 22 гады ён стаў доктарам медыцыны і па запрашэнні князя Рэпніна прыехаў у Маскву. Напачатку быў тут галоўным урачом Паўлаўскай клінікі, затым — да 1853 года — галоўным урачом усіх турэмных бальніц. Пратэстант па вераспавяданні, Фёдар Гааз здзейсніў сапраўдны пераварот у пенітэнцыярнай сістэме таго часу, змагаючыся супраць бюракратыі і казнакрадства многіх маскоўскіх чыноўнікаў, за што яго называлі дзіваком і «утрированным филантропом». Але Гааз не толькі лячыў хворых, але і быў вучоным. Ён, у прыватнасці, накіраваўся на Каўказ, дзе даследаваў мінеральныя крыніцы Есентукоў, Кіславодска і склаў рэкамендацыі для іх лячэбнага выкарыстання. Практычныя адкрыцці вучонага паклалі пачатак курорталогіі. Упершыню навуковы форум пад імем Гааза прайшоў у Гомелі ў 2000 годзе з удзелам школьнікаў і настаўнікаў з Масквы і Санкт-Пецярбурга. Яго мэта — папулярызацыя навуковай дзейнасці моладзі і захаванне памяці аб вядомым гуманісце, асноўны дэвіз якога — «Спяшайцеся рабіць дабро» — застаецца надзвычай актуальным і для нашага часу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter