Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Новую эмблему для Міністэрства замежных спраў Беларусі распрацаваў мастак-геральдыст Віктар Ляхар

З нацыянальным каларытам


Сайт Міністэрства замежных спраў Беларусі цяпер часцей наведваюць актывісты беларускіх суполак, увогуле беларусы замежжа — бо менавіта спецыялісты МЗС з некаторага часу каардынуюць працу з беларускай дыяспарай. Магчыма, многія заўважылі: у Міністэрства з’явілася новая эмблема. З чыровона-зялёнымі колерамі, адметнай “беларускай зоркай” — так называюць часам этнографы васьміканцовую выяву, што сустракаецца на многіх тканых, вышываных народных узорах.

МЗС прадставіла сваю новую эмблему на пачатку мая. Аднак, паводле слоў прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Дзмітрыя Мірончыка, упершыню знак сталі выкарыстоўваць на паштоўках, што рассылала Міністэрства да Новага года. Новая атрыбутыка, заўважыў дыпламат, уводзіцца паступова, гэта цэлы пакет.

Эмблема МЗС мае цяпер форму круга, з надпісам “Рэспубліка Беларусь. Міністэрства замежных спраў” сінім колерам па краі, стылізаваным арнаментам у колерах сцяга пасярэдзіне, а таксама Дзяржаўным гербам у цэнтры. Як расказваў журналістам Дзмітры Мірончык, эмблему выбіралі з больш чым некалькіх дзясяткаў варыянтаў, у тым ліку й тых, што прадставілі творчыя саюзы. А ў выніку ўсё ж даверыліся прафесійным геральдыстам. “Па-першае, эмблема павінна адпавядаць пэўным канонам і традыцыям геральдыкі міністэрстваў, ведамстваў ды іншых дзяржустаноў Беларусі. Па-другое, былі патрабаванні па каляровай гаме. Абавязковыя колеры нацыянальнага сцяга для эмблемы МЗС, каб быць вядомымі для замежных партнёраў. А насычаны сіні колер з’яўляецца адным з традыцыйных у сімволіцы дыпламатычнай прафесіі. Таксама на эмблеме лёгка пазнаць сімвал нашага традыцыйнага беларускага арнаменту, гэта было для нас важна і дорага”, — расказаў прэс-сакратар журналістам інтэрнэт-партала TUT.BY.

Аўтар эмблемы — мастак Віктар Ляхар, сябар Геральдычнай рады пры Прэзідэнце і Міжнароднага саюза дызайнераў. Пра яго, дарэчы, пісала й наша газета. Віктар стварыў сімволіку для многіх органаў дзяржкіравання Беларусі, распрацоўваў розныя ўзнагароды і нават ведамасны мундзір. Спецыяліст у галіне ваеннай сімволікі працаваў і над гербамі ды сцягамі гарадоў Беларусі.

Папярэдняй эмблемай Міністэрства, нагадаем, шмат гадоў была выява аднаго з будынкаў МЗС на сінім фоне.

Голас Радзімы № 24 (3528), чацвер, 29 чэрвеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter