З нашага чалавечнага роду

Калі кажу, помнім і ведаем, што было з бацькамі, дзядамі і прадзедамі ў Вялікую Айчынную, дык падкрэсліваю: не толькі з іх расказаў, а і са школы, ВНУ, працоўных калектываў, з літаратуры, кіно, мастацтва… А наша памяць і веды — тое непарыўнае звяно, на якім і трымаецца сувязь пакаленняў і мацуецца жыццё. Літаратуры тут, як і ўсяму праўдзіваму, — месца сваё. Усё разам — наша агульнае бясцэннае духоўнае багацце. Зазначу, што да літаратуры: яна, дакументальная і мастацкая, аб тым перыядзе гісторыі нашай Айчыны, вядома не толькі ў нас, а і далёка за яе межамі. Успаміны франтавікоў і партызанаў — дакументальная праўда. Мастацкія кнігі, створаныя пісьменнікамі, якія на сваім вопыце зведалі, што такое вайна і выжылі, — таксама пякучая праўда. Праўдзівасць дакументальнай, як і належыць, падцвярджалася фактамі. Мастацкая ж, і ёсць мастацкая. Але калі заснавана на праўдзе — і яна дакумент часу і стану чалавечай душы на вайне… 

Зноў пра дакументальную як неад’емную частку агульнанароднай памяці. Найперш — кніга «Ніколі не забудзем» (1948). Яе ведаюць не толькі людзі пасляваенных пакаленняў, але, упэўнены, і наступных — шмат разоў перавыдавалася. І, зазначу, праз год пасля першага выдання выйшла ў Расіі на рускай мове, перакладалася на некаторыя іншыя мовы народаў СССР, а таксама на іспанскую, венгерскую і японскую. 

«Ніколі не забудзем» — сведчанне пра вайну больш за 400 з тысяч і тысяч беларускіх дзяцей. Многія з іх не толькі перажылі яе жахі, а і былі вымушаны ваяваць (вайна і дзеці — несумяшчальна, бесчалавечна ва ўсіх праявах!). І як пісаў у прадмове да выдання Якуб Колас, кніга паказала веліч душы і патрыятызм усяго народа ў цэлым і, у прыватнасці, яго гераічных дзяцей. А таксама, што гэта грозны абвінаваўчы акт…

Тагачасны рэдактар газеты «Піянер Беларусі» (пазней «Раніца», цяпер дадатак да «Переходного возраста») Анастасія Рокаш падала ідэю кнігі супрацоўніку выдання, былому франтавіку, пісьменніку Пятру Рунцу. Адзначаю: ідэю падтрымалі дзяржаўныя і камсамольскія органы, а калі пісьменнікі, то найперш Кандрат Крапіва, Янка Маўр і іншыя. А ўвогуле, гэта была ўсенародная акцыя: школьнікі, студэнты, настаўнікі, рабочыя, калгаснікі і г. д. прынялі ўдзел у напісанні і зборы матэрыялаў для выдання.

З той пары, больш дакладна, з першых дзён вызвалення нашай рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і, канешне ж, па сёння, перыядычны друк, дакументальная і мастацкая літаратуры, адлюстроўваючы падзеі вайны, расказваючы пра чалавека на ёй, ні на імгненне не выводзяць з-пад сваёй увагі дзяцей. І загінуўшых, і тых, хто перажыў яе жахі. А як інакш? Гэта ж усё наша, з нашага чалавечнага роду, які імкнуліся знішчыць фашысты… І, канешне ж, як я ўжо адзначаў у сваіх папярэдніх матэрыялах, грамадства і дзяржава надавалі і надаюць памяці пра былое належную ўвагу…

Адно з апошніх сведчанняў таму — кніга-пямяць «Маленькие солдаты большой войны» (2019). Выйшла ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Аўтар-складальнік Уладзімір Вавула. З дзецьмі ён працуе шмат гадоў. І як прызнаецца сам, «…начиная с 1968 года, стал собирать сведения о юных патриотах Родины, которые …встали на защиту нашей страны от врага». І далей акцэнтуе ўвагу на тым, што матэрыялы, якія ён сабраў, «…пополнили копилку кабинета истории детского движения Минского дворца детей и молодежи». Таксама адзначае, што «идея создания книги «Маленькие солдаты большой войны» появилась в результате совместной работы кабинета истории детского движения Минского дворца детей и молодежи, а также редакции республиканской газеты «Зорька» по сохранению памяти о юных защитниках Родины». А ўвогуле — гэта вынік пошукавай працы школьнікаў усёй нашай краіны па ўвекавечванню памяці. Яны, змагары за Радзіму, — ад 14-гадовых хлопцаў і дзяўчат, як Валя Арцем’ева, Валодзя Афанасьеў, браты Косця і Барыс Бяляўскія і іншыя, да 7—9-гадовых, як Толя Захаранка, Жэня Курган, Вася Князеў…

Дарэчы, Васіль Князеў, цяперашні начальнік штаба батальёна беларускіх арлянят, напісаў для кнігі прадмову. У ёй ён, былы сын палка, адзначае, што пошукавая праца, якая пачалася шмат гадоў таму, працягваецца.

У сувязі з гэтым не магу не прыгадаць з уласнага… 

Я, як і мае аднагодкі-землякі, нарадзіўся ў пасёлку, які стваралі былыя воіны і партызаны. У мірны час — лесанарыхтоўшчыкі: драўніна вельмі была патрэбна краіне, якая будавалася. Ніхто з іх, сапраўдных патрыётаў, сваім мінулым не казыраў. А вось нам, сваім дзецям, ставілі ў прыклад нашых не намнога старэйшых за нас землякоў, якія змагаліся з ворагам. Міколу Свірку і Віктара Костку з Новага Гарадка. Вёска гэта злучалася з нашым пасёлкам Скачок Кіраўскага раёна, у якім была школа. У вайну Мікола і Віктар былі ў партызанах. Мікола з 14 гадоў, Віктар — з 15. Першы, каго нам ставілі ў прыклад, ужо працаваў у саўгасе, другі — афіцэр. У кнізе пра Свірку ёсць матэрыял. Пра Костку паведамляю: Віктар Фёдаравіч — палкоўнік у адстаўцы, жыве ў Мінску. Ветэрану 92 гады. Але ён і сёння, без перабольшання, у страі. Актыўна працуе з моладдзю, пра яго часта піша прэса. Ён не толькі гонар нашага пасёлка, але і, як усе ветэраны, наш агульны гонар. 

У кнізе больш за 200 імёнаў юных змагароў. Падаюцца і звесткі пра тое, якімі людзьмі сталі тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, каму пашчасціла выжыць. Сталі яны хлебаробамі, рабочымі, настаўнікамі, вучонымі, вайскоўцамі, дзяржаўнымі дзеячамі, а ўвогуле — сапраўднымі людзьмі. Імі яны былі ўжо ў гады ліхалецця…

Несумненна, Уладзімір Васільевіч Вавула, ды і ўсе мы, ад школьнікаў да ветэранаў, і далей будзем адкрываць новыя і новыя імёны дзяцей вайны, бо сапраўды, ніхто не павінен быць забытым. І тыя, хто загінуў, і хто выжыў. Яшчэ раз падкрэслю: усё гэта — з нашага чалавечнага роду.

Уладзімір САЛАМАХА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter