З “Народнай газетай” жыць цікавей!

Кожны сёмы ўдзельнік нашага конкурсу “Падпішыся — і выйграй!” атрымлівае прыз Святлана Хільман з Жыткавіч ужо больш за десяць гадоў выпісвае “НГ”. Падпісваецца адразу на паўгода і дасылае ў рэдакцыю купон для ўдзелу ў розыгрышы прызоў. На гэты раз ёй пашчасціла стаць уладальніцай халадзільніка. І раней Святлане Дзмітрыеўне шанцавала: яна праз акцыю нашай газеты ўжо двойчы выйгравала прас. Падпісчыца прызнаецца, што вось ужо дзесяцігоддзе не расстаецца з выданнем не толькі таму, што яно дорыць магчымасць атрымаць нешта ў падарунак, але найперш таму, што “НГ” стала для яе газетай, без якой нельга абысціся.

“Яна для мяне і ўсёй маёй сям’і, сапраўды, як родная, — прызнаецца пераможца конкурсу. — Спачатку яе свежы нумар ад пачатку і да канца прачытвае мой муж Генадзь Раманавіч, а потым бяруся ўнікаць у жыццё краіны і я. “НГ” — мая памочніца, дарадца. Не ведала, як правільна аформіць кватэру дзецям у спадчыну, прачытала ў ёй каментарый спецыяліста. Забаліць сэрца — адкрыю медыцынскую старонку і ведаю, што рабіць. Нават да ўрача не заўсёды звяртаюся. Аб сакрэтах агародніцтва расказвае “Народная усадьба”, аб праблемах жыллёва-камунальнай гаспадаркі — “Народный управдом”. Усім сваім сяброўкам раю выпісваць “Народную газету”.
Цёплыя выказванні ў адрас газеты гучалі і на сустрэчы з падпісчыкамі ў Жыткавіцкім РВПС, дзе і адбылося ўручэнне сям’і Хільман каштоўнага прыза. Бібліятэкар чытальнай залы Жыткавіцкай раённай бібліятэкі Валянціна Ахрамовіч адзначыла, што апошнім часам газета стала вельмі запатрабаванай сярод чытачоў. “Сапраўдным упрыгожаннем “НГ” з’яўляецца газета ў газеце “Сям’я”, — сказала яна. — Чытаюць гэты дадатак з цікавасцю і моладзь, і пенсіянеры. Шмат карысных матэрыялаў знаходзяць для сябе настаўнікі біялогіі ва ўкладцы “ЭкоСреда”. Вельмі прывабліваюць чытача матэрыялы Янкі Крука і Аксаны Катовіч”.
Падчас уручэння падарунка былі разыграны яшчэ два. Чайны сервіз ад “НГ” атрымала намеснік начальніка 3-гарадскога аддзялення сувязі Святлана Башкевіч, а кубак з лагатыпам “Народнай газеты” дастаўся вядучаму эканамісту Жыткавіцкага РУПС Надзеі Яцкевіч.
Далей журналісцкі дэсант “НГ” “высадзіўся” ў горадзе Мікашэвічы, дзе адбыліся сустрэчы з падпісчыкамі ў працоўных калектывах унітарнага вытворчага прадпрыемства “Граніт” і аўтапарка № 6. Жыхары Мікашэвіч выказвалі словы падзякі “Народнай газеце” за пільную ўвагу да медыцынскай тэматыкі, праблемам цэнтралізаванага тэсціравання, выбару навучальнай установы для выпускнікоў школ. Пастаянныя чытачкі газеты Вера Чэрэц, Ганна Люст адзначылі, што часта за “НГ” у мясцовы кіёск выстройваюцца чэргі. “Каб не прапусціць важны матэрыял на хвалюючыя тэмы, патрэбна адразу падпісвацца на паўгода”, — прыйшлі да высновы яны.
Завіталі супрацоўнікі “Народнай газеты” і да сваіх пастаянных чытачоў, якія жывуць у вёсцы Вулька Першая, што ў Лунінецкім раёне, — Фёдара Васільевіча Яфімава і Надзеі Васілеўны Цішко. І не проста так, а з падарункам, які яны выйгралі праз акцыю “НГ”, чайным сервізам. Яны выпісваюць наша выданне з яе першага нумара і аддаваць перавагу іншай газеце не збіраюцца. “У “НГ” ёсць усё, што мяне цікавіць, — адзначае Фёдар Васільевіч. — Калі па тэлевізары ці радыё навіны падаюцца коратка, то праз газету я даведваюся больш падрабязна. Вельмі падабаецца чытаць “Союзное вече”. Там знаходжу і праблемныя, і аналітычныя матэрыялы на розную тэматыку”.
Гульня “Падпішыся — і выйграй” працягваецца. У кастрычніку адбудзецца наступны розыгрыш каштоўных падарункаў сярод тых, хто падпішацца на другое паўгоддзе і чацвёрты квартал і дашле запоўненыя купоны ў рэдакцыю. Заставайцеся з намі!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter