Снегирь, Леля и ухо: чем будут удивлять минчан на фестивале ледяных скульптур

З налёдам творчасцi

Белы снег, шэры лёд. Гэта тое, з чаго можна рабіць выдатныя скульптуры. Вы гэтага не ведалі? Зазірніце 26 студзеня ў Мінску на 5-ы фестываль-конкурс ледзяных і снежных скульптур «Свет крышталяў у батанічным садзе». З серады майстры-скульптары, а таксама іх памочнікі бензапіламі, рыдлёўкамі і скрабкамі ажыўляюць кубы снегу і лёду, ствараючы творы мастацтва. Вось-вось завершаць – можна будзе рабіць класныя сэлфі. Напярэдадні карэспандэнту «Р» паказалі ў зімовым батанічным садзе, як робяць снежна-ледзяныя скульптуры.

Урачыстае адкрыццё фестывалю-конкурсу адбудзецца ўжо ў гэтую суботу.
З 2012 года ў Цэнтральным батанічным садзе НАН праходзіць гэта незвычайнае мерапрыемства. У гэтым сезоне ўдзельнічаюць у фестывалі дзевяць каманд прафесійных скульптараў і дзевяць студэнцкіх каманд профільных факультэтаў. Майстры працуюць з лёдам, студэнты — са снегам. 

Першае, што вы ўбачыце, калі прыйдзеце на алею скульптур, — працу Васіля Цімашова, выкладчыка гімназіі-каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка. Гэта будзе марская ракавінка з лёду – з 22 кубікаў памерамі прыкладна 60 на 40 сантыметраў.

— Мы з жонкай звычайна робім скульптуры, але яна цяпер у дэкрэце, я адзін, — ненадоўга спыняе бензапілу Васіль. — Пасля фестывалю адпраўлюся ў Расію, Літву на падобныя фестывалі. Уцеплены касцюм, які на мне бачыце, купіў спецыяльна для таго, каб у суровых зімовых умовах працаваць: пры -20 і нават -40. Таму галоўная парада студэнтам да працы над скульптурамі была простай: цёпла апранайцеся і бярыце гарбату. 

Скульптары, якія працуюць з такім вось незвычайным матэрыялам, робяць гэта таксама незвычайнымі інструментамі. Вось Васілю сябры з Якуціі падарылі зубатку — лёгка зразае з кубікаў лёду непатрэбныя часткі, а яшчэ просты нож, каб прыбіраць лішняе. А вось інструмент мімі ў гонар францужанкі, якая яго прыдумала. Ён створаны для таго, каб зачышчаць паверхню. Ёсць і вугалок — ім можна маляваць узоры, напрыклад жаночыя валасы на ледзяным партрэце. Мне даюць магчымасць таксама заняцца творчасцю: атрымалася нешта невыразнае, накідала шмат «футры» — так скульптары называюць ледзяныя адкіды. Інструмент востры, сілу трэба прыкладаць. А Васілю не прывыкаць: ён цяжкія кубы падымае, перастаўляе, падбівае. Таксама склейвае вадой кавалкі лёду, «точыць» бензапілой. 

Пытаюся, а ці будуць фарбаваць гэтыя творы? Васіль кажа, што яны і без таго будуць прыгожыя, хоць ведае выпадкі, калі скульптары пульверызатарам з малаком пырскаюць на скульптуру, з-за чаго яна становіцца белай і матавай. Часам фарбуюць акрылам, зверху пакрываюць снегам. Як абараніць твор ад сонца? Увогуле, ніяк. Нядоўгае жыццё ў скульптур, калі «прыйдзе» плюс. Вадзім Мацкевіч, скульптар і разам з тым куратар удзельнікаў фэсту, расказвае:

— Лёд для працы майстроў прывезлі з вадасховішча Дразды і нарэзалі ў кубы, а снег, сабраны ў блокі, кубы, — з саду.

Іду далей па алеі. Мароз кусае за шчокі, але здаецца, што ўдзельнікі таго не заўважаюць. Вось выкладчык БНТУ разам са сваёй дачкой робіць мульцяшнага чалавечка з лёду, побач студэнты майструюць са снегу ляснога бабра ў хатцы. На другім баку студэнткі Галіна Благарэнка і Лізавета Разенберг удзвюх працуюць над снегіром са снегу. Яны ўжо прафесіяналы: ездзілі на фестывалі ў Петразаводск, Краснаярск – ведаюць, што шуфель і штыкавая рыдлёўка — гэта не толькі інструменты для будаўніцтва. Гэта іх «пэндзлі» ў нейкім сэнсе. 


Сярод майстроў заўважаю наведвальнікаў саду: мама Вольга і яе сыны — 4-гадовы Ігар і 2-гадовы Карней. Апошні не выпускае з рук кавалак снегу. Яны прыйшлі сюды прагуляцца, але ўбачылі, што тут нараджаецца казка. І фота зрабілі, і ўжо ацанілі выставу на пачатковым этапе, а Карней, як вы ўжо зразумелі, сабраўся і сам нешта зрабіць.

Студэнты ў камандах па 2—3 чалавекі з Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Гле­бава, гімназіі-каледжа імя  Ахрэм­чыка, Акадэміі мастацтваў імкнуцца на мяне не адцягваць увагу. У кагосьці атрымліваецца цуда-юда рыба-кіт, у кагосьці — мульцяшны бегемот, які чысціць зубы. У іншых — славянская багіня вясны і кахання Леля з ластаўкай, а ў кагосьці і велізарнае чалавечае вуха. Пытаюся: а як рабілі эскіз вуха? Студэнт Канстанцін Козыраў прыўзнімае шапку сваёй калегі Аляксандры Дасько і паказвае: «Вось жа яно! Глядзі і рабі. Але ўсё няпроста: снег, як аказалася, не даруе памылак. Спецыфічны матэрыял. Але мы стараемся».

Усё так уражвае, што нават не трэба быць дзіцем, каб здзіўляцца тут. Прыходзьце паглядзець на тое, што ніколі нельга паўтарыць і, на жаль, захаваць назаўсёды ў садзе. У суботу можна не толькі ўбачыць, але і прагаласаваць за ўпадабаную скульптуру. Дарэчы, працаваць выстава будзе да 3 лютага. Рамантыкі павінны сабе пазначыць: па вечарах скульптуры будуць падсвечвацца. Ідэальнае месца для спаткання!

alinakasel@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter