З Ніццы — у Прылучкі. У аграэкасядзібу пад Мінскам едуць турысты нават з сусветна вядомых курортаў

Да сталіцы тут рукой падаць, вёрст сем. Цяплынь. Спакой. Думкі плывуць гэтак жа лёгка-бязважка, як тыя пёркі-пілігрымы ў небе: вяртаюць у Прылучкі, дзе толькі што быў у мінуўшчыне краю, радзіннага і для паніча, і для простага селяніна... Знітаванасць часу, прасторы, лёсаў... Мусіць, усё гэта і ёсць Бацькаўшчына.
Адна на ўсіх, і ў кожнага свая. Дзе б ты ні жыў...

Адкрываючы Беларусь

Узгадалася гісторыя, расказаная мне гаспадыняй аграэкасядзібы ў Прылучках Ірынай Мяркулавай.
— Апошнім часам да нас усё часцей прыязджаюць замежныя турысты, — дзялілася са мною Ірына Жанаўна. — Толькі за мінулы год сялібу наведалі і, спадзяюся, добра адпачылі, хораша правялі тут час, грамадзяне з Германіі, Францыі, Італіі, нават са Злучаных Штатаў Амерыкі. Зразумела, асноўны турыстычны кантынгент — нашы суайчыннікі, пераважна сталічныя жыхары. Едуць парамі, сем’ямі, з дзецьмі... Адны — каб наталіцца краявідамі; другія — каб дакрануцца да гістарычнай мінуўшчыны тутэйшага краю — яна неверагодна багатая і цікавая. Яшчэ нехта — проста адпачыць: папарыцца ў лазні, наладзіць карпаратыўную вечарыну, пасядзець ля каміна, паслухаць добрую музыку, паспяваць з сябрамі ля вогнішча ці пагуляць у тэніс...
А неяк патэлефанавалі з Францыі, з Ніццы — гэта самы поўдзень краіны, Міжземнамор’е... Званіў нехта П’ер Іў. Ён замовіў, што хацеў бы з жонкай і маці спыніцца ў нас на некалькі дзён у якасці турыстаў. Каб бліжэй пазнаёміцца з краінай, з нашымі традыцыямі, з прыродай, з беларускай кухняй. Зразумела ж, мы кожнаму госцю рады. Але тут, можна сказаць, асаблівы выпадак, бо звычайна ўсе імкнуцца якраз у Ніцу. Ну як жа — сусветна вядомы курорт, рай для турыста. І раптам такое...
Ужо потым, падчас знаходжання сям’і Іў у Прылучках, П’ер расказаў Ірыне сваю гісторыю. Сам ён з патомнай каталіцкай сям’і. Яшчэ ў юнацтве П’ер вырашыў жыццё сваё прысвяціць Богу. Але здарылася тое, чаго ніхто не чакаў: будучы на трэцім курсе духоўнай семінарыі, П’ер закахаўся ў дзяўчыну з малавядомай Беларусі. Перамагло каханне, відаць, была на тое воля Гасподняя. Святлана пераехала да мужа ў Ніццу. І вось усёй сям’ёй яны прыехалі на яе Радзіму.
— Цяпер дзе толькі нашых няма! — казала мне спадарыня Ірына. — Але многія беларусы-эмігранты не парываюць з радзімай канчаткова, а час ад часу вяртаюцца, як кажуць, да родных пенатаў. Едуць цэлымі сем’ямі, са знаёмымі, сябрамі. Некаторыя спыняюцца ў нас — і адкрываюць для сябе Беларусь. У нас жа ёсць што паглядзець. А прырода якая! Маці П’ера, напрыклад, а ёй 87 гадоў, была проста ў захапленні ад нашых краявідаў, ад беларускай кухні, гасціннасці простых людзей, ад старадаўніх звычаяў, культурных набыткаў беларускай нацыі. Казала мне, што абавязкова раскажа і пакажа ўласнаручна зроблены ёю слайд-фільм пра Беларусь сябрам у Францыі. Яна ўпэўнена, што многія з іх абавязкова завітаюць у нашы мясціны.

Матывацыя жыцця

— У заходніх турыстаў, асабліва людзей сталага веку, — дзялілася сваімі думкамі Ірына, — усё яшчэ існуе стэрэатып: быццам тут адсутнічае і сэрвіс належны, і дарогі нікуды не вартыя, і ўвогуле небяспечна тут знаходзіцца. Людзі проста дрэнна інфармаваны, часам атаясамліваюць нашу краіну з расійскай глыбінкай. Ім, на жаль, невядома, што Беларусь мае сваю самабытную культуру, дзівосную мову, найбагацейшую гісторыю, якая сягае ў глыбіню стагоддзяў і цалкам суаднесена з еўрапейскай цывілізацыяй. А за апошнія гады — самі бачыце — у нас велізарныя перамены: колькі новых гатэляў з’явілася, а колькі будуецца, прычым не толькі ў сталіцы. І рэстараны на любы густ, і цікавыя турыстычныя маршруты, і еўрапейскага ўзроўню аўтадарогі. Наогул айчынны сэрвіс, што б ні казалі скептыкі, зрабіў значны крок наперад. Толькі на Міншчыне аграэкатурыстычных сядзіб нак-шталт нашай — звыш 130, а па ўсёй краіне іх амаль паўтысячы. Гэта цудоўна, што Беларусь становіцца ўсё больш адкрытай свету. І потым, аграэкатурызм прыносіць людзям не толькі задавальненне, але шмат каму рабочыя месцы, а значыць, у выйгрышы ўсе — дзяржава, насельніцтва, турысты.
Важна і іншае: аграэкатурызм — як сфера бізнесу — абудзіў у людзей прыватную ініцыятыву. А гэта — ведаем з мужам па сабе — асноўная матывацыя жыцця цяперашняга пакалення беларусаў.

На графскіх руінах

Аграсядзіба Мяркулавых месціцца ў Прылучках, у катэджным пасёлку побач з сажалкай ды гаспадарчымі пабудовамі, што належалі некалі славутаму на ўсю Беларусь роду Чапскіх. Пастаяльцам аграэкасядзібы, а яны з дапамогаю гаспадара і адначасова экскурсавода Сяргея Вячаслававіча Мяркулава наладжваюць пешыя ды на роварах турпаходы па тутэйшых мясцінах.
Маці П’ера, іншых замежных гасцей, якія адпачывалі ў Прылучках, па-сапраўднаму ўзрушыла гісторыя краю, самабытная культура тутэйшых людзей, асабліва спадчына роду Гутэн-Чапскіх. “Толькі ўшчыльную пазнаёміўшыся з вашай культурай і гісторыяй, — гаварыла пажылая францужанка, — я зразумела, наколькі драматычны лёс беларускай нацыі, якой прыйшлося перажыць усё, што выпала з цягам стагоддзяў. У такога народа нельга адабраць ні яго самасць, ні яго самастойнасць, бо не забыта памяць продкаў, на гербе якіх ад веку напісаны так любы мне дэвіз: “Жыццё — Айчыне, гонар — нікому”.

Экскурсавод Мацвейка

Васьмігадовы Мацвейка — адзін з траіх дзетак сям’і Мяркулавых. Жвавы, гаваркі, дасціпны... Пакуль Ірына Жанаўна люляла малодшанькую, трохмесячную дачушку Аню, хлапчук выклікаўся быць маім гідам. “Можаце не хвалявацца, — запэўніла мяне гаспадыня сялібы, — Мацвей усё пакажа і раскажа не горш за мяне: навучыўся што ад бацькі, а што ад мяне...
Для пачатку хлапчанё пацягнула мяне ў паляўнічую залу і ў так званы “Скарбчык”. “Як няма адпачываючых, — шэптам прызнаўся Мацвейка, — дык я люблю тут бавіць час. Бывае, чытаю кніжкі, дэкламую вершы альбо спяваю, іншы раз слухаю музыку. Хочаце, заспяваю вам частушкі?..
І, не счакаўшы маёй згоды, заспяваў — ды так цудоўна, настраёва, і ўсё на роднай мове. Уражаны, пытаюся: хто навучыў? “Бабуля і мама, — кажа, — а яшчэ я вучуся ў другім класе беларускай гімназіі. І ў музычнай школе навучаюся. А хочаце, я пачытаю вам вершы, з Максіма Багдановіча? Проста на ваш дыктафон, пасля паслухаем разам...”.
А потым Мацвейка вадзіў мяне па велізарным доме, знаёміў з гасцявымі апартаментамі: тут вясёлы “Сонечны” пакой, там утульная “Зялёная” зала, далей — рамантычны пакойчык пад дахам “Зязюля”.
“Гасцям болей за ўсё падабаецца паляўнічая зала з камінам. Там яны звычайна ўладкоўваюцца ля агню, — даводзіў мне хлапчук, — слухаюць музыку, альбо як тата ўзгадвае легенды, розныя гісторыі з жыцця паноў Чапскіх. Я таксама люблю яго слухаць. Вы, напрыклад,  ведаеце, што будынак тэатра Янкі Купалы ў Мінску збудавалі Чапскія? — нечакана запытаў Мацвейка. — І піваварны завод на вуліцы Багдановіча, і электрастанцыю. А ў Дудутках калі-небудзь былі? Гэта ж іхняя спадчына...”
Цэлую гадзіну Мацвейка, як сапраўдны гід, знаёміў мяне з цудоўным домам і прылеглым да яго, па-сучаснаму аформленым, уладкаваным для адпачынку зялёным ландшафтам. Тут усё прадумана да дробязей. Ёсць лазня і басейн, тэнісны корт і дзіцячая пляцоўка, хатні музей прадметаў сялянскага побыту і нават куточак з рознай хатняй жыўнасцю. “Не ведаеце, што такое суднік? — дзівіўся з мяне хлапчына. — Дык гэта ж лядоўня для прадуктаў. Проста раней не існавала халадзільнікаў. Вось і плялі з лазы суднікі з вечкам, там кілбасы захоўвалі, вяндліну... А вось гэты суднік мы прывезлі з Валожына, знайшлі яго на гарышчы ў маёй бабулі. Мусіць, яго вырабіў мой прадзед...”.

...Вандроўка ў Прылучкі доўжылася паўдня, а здалося, што быў там доўга-доўга, цэлую вечнасць. І не хацелася вяртацца ў велізарны горад, у вір паўсядзённасці і клопатнай звыкласці. Падумалася: можа, людзі і імкнуцца на ўлонне прыроды, каб дакрануцца да супрацьлеглага — да тых вечных вытокаў-каштоўнасцей, пра якія мы забываем у гарадскім тлуме? Як бы там ні было, ва ўсіх нас ёсць магчымасць вяртацца да іх зноў і зноў. Незалежна ад таго, дзе жывём — у сваёй краіне ці далёка за яе межамі. Знітаванасць часу, прасторы і лёсаў. Яна нават у сне прыходзіць — разам з цёплымі дажджамі далёкай і мілай Радзімы...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter