Зімовы вечар у Заслаўі

У старажытным горадзе ўзгадаюць музыку Анатоля Багатырова

У старажытным горадзе ўзгадаюць музыку Анатоля Багатырова

Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пачынае чарговы гадавы цыкл асветніцкіх імпрэз у малых гарадах краіны з фестывалю ў Заслаўі. Музычнае свята пройдзе ў старажытным горадзе 18 студзеня і стане 13-м па ліку.

Як расказаў «Р» мастацкі кіраўнік аркестра, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг, сёлетні заслаўскі фестываль будзе прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Анатоля Багатырова. Аркестрам падрыхтавана спецыяльная праграма твораў славутага беларускага кампазітара, яго сучаснікаў і паслядоўнікаў.

— У Заслаўі мы традыцыйна ўзгадваем музычную спадчыну славутых беларускіх кампазітараў — у гэтым яго адметная рыса. Толькі ў апошнія гады ўзгадалі творы Пукста, Лукаса, Падкавырава, Абеліёвіча... У гэтым накірунку будзем рухацца і надалей. Сёлета цэнтральнай падзеяй фестывалю стане канцэртная праграма «Анатоль Багатыроў і яго час». Анатоль Багатыроў — заснавальнік беларускай нацыянальнай кампазітарскай школы. Сам ён вучань Васіля Залатарова, той, у сваю чаргу, — Рымскага-Корсакава. Уявіце, якая моцная класічная школа закладвалася тут, у Мінску! Анатоль Багатыроў выхаваў некалькі пакаленняў беларускіх кампазітараў: Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Рыхард Вагнер, Юрый Семяняка, Андрэй Мдзівані, Эдуард Зарыцкі і многія іншыя. Што ні імя — то асобы, творцы, якія шмат зрабілі ў музычным мастацтве, — распавёў Міхаіл Фінберг.

У час свята ў Заслаўі пройдзе таксама конкурс маладых выканаўцаў — навучэнцаў музычных школ Міншчыны, адбудзецца майстар-клас маэстра Фінберга, адкрыецца мастацкая выстава. Завершыць дзень вялікі канцэрт эстраднай песні з удзелам усіх салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра.

Падзяліўся маэстра і далейшымі планамі. Зараз музыканты рыхтуюцца да традыцыйнага джазавага фестывалю ў Мінску. Затым у графіку — фестываль «Шлягеры на ўсе часы» з бенефісам аркестра і праграмай, прысвечанай творчасці Валерыя Абадзінскага, Міхаіла Таніча, Эдуарда Хіля. На чарговым «Славянскім базары ў Віцебску» ў суправаджэнні аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга будзе спяваць Ларыса Доліна, пачалі ўжо працаваць над канцэртнай праграмай.

Адначасова ідзе падрыхтоўка да наступных асветніцкіх музычных свят у Чачэрску, Хойніках, Горках, Іванаве, Тураве, Пінску, Нясвіжы... Усяго — у 18 малых гарадах краіны ладзяцца аркестрам такія імпрэзы. Дарэчы, сёлета да гэтага руху далучацца і жыхары яшчэ аднаго горада — упершыню фестываль чакаюць у Любані.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter