З Мiра па нотцы

Больш за дзесяць гадоў таму Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi распачаў фестывальны рух па малых гарадах краiны, каб адрадзiць iх славу знакавых гiсторыка-культурных цэнтраў. Сёлета пяты год, як да гэтых старажытных гарадоў далучыўся Мiр

Старажытныя   замкавыя   муры   “загучалi”   мелодыямi   фальклору,   эстрады,   класiкi   i   джаза

Больш за дзесяць гадоў таму Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi на чале з маэстра Мiхаiлам Фiнбергам распачаў фестывальны рух па малых гарадах краiны, каб адрадзiць iх славу знакавых гiсторыка-культурных цэнтраў i вярнуць у дзень сённяшнi незаслужана забытыя iмёны нашых славутых землякоў – кампазiтараў i музыкантаў, а таксама iх творы, большасць з якiх да гэтага часу заставалiся невядомымi. Нясвiж, Заслаўе, Мсцiслаў, Чачэрск, Тураў... Сёлета пяты год, як да гэтых старажытных гарадоў далучыўся Мiр. А  яго знакамiты замак – помнiк архiтэктуры, якi знаходзiцца пад аховай ЮНЕСКА i ўключаны ў Спiс сусветнай гiсторыка-культурнай спадчыны, даў назву i стаў сiмвалам рэгiянальнага фестывалю мастацтваў. 

Канцэрты ў зале i ля старажытных муроў пад адкрытым небам, выступленнi прафесiянальных i самадзейных спевакоў i музыкантаў, вiдовiшчны сярэдневяковы рыцарскi турнiр, фотавыстаўка, кiрмаш вырабаў майстроў народнай творчасцi, навуковыя чытаннi. Усё гэта — традыцыйныя прыкметы свята ў Мiры. Самая ж адметная яго старонка — музычная, якая кожны год здзiўляе гасцей i ўдзельнiкаў фестывалю новымi адкрыццямi. 

Першым на гэты раз стала прэм’ерная праграма з цыкла “Знакамiтыя iмёны Беларусi”, падрыхтаваная камернымi калектывамi Нацыянальнага канцэртнага аркестра i прысвечаная творчасцi Мацея i Антонiя Радзiвiлаў. Спрадвеку Мiр i тутэйшы замак мелi знаных уладароў i апекуноў з магутнага нясвiжскага роду, вядомых сваiм мецэ-нацтвам i прыхiльнасцю да мастацтваў, у тым лiку i да музыкi. Мацей Радзiвiл (1751—1821) – таленавiты паэт, кампазiтар i грамадскi дзеяч. Ён аўтар твораў для камернага аркестра, фартэпiяна i скрыпкi, а таксама лiбрэтыст оперы “Агатка, або Прыезд пана”, створанай у 1784 годзе ў Нясвiжы. Антонiй Радзiвiл (1775 –1833) увайшоў у гiсторыю  музычнага мастацтва як аўтар першай у свеце оперы на сюжэт “Фауста” Гётэ. Адноўленыя, па сутнасцi вернутыя з небыцця, творы гэтых кампазiтараў упершыню прагучалi ў Мiры. 

Своеасаблiвым мастком з мiнулага ў сучаснае стала выступленне  эстрадных салiстаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра з песеннай праграмай, прымеркаванай да 125-годдзя класiкаў айчыннай лiтаратуры Янкi Купалы i Якуба Коласа, якое сёлета шырока адзначаецца ў нашай краiне.  Творы на словы гэтых двух слынных народных паэтаў гучалi i ў гала-канцэрце “Песняры беларускай душы” калектываў i выканаўцаў Гро-дзенскай абласной фiлармонii. 

У мiнулым годзе ўпершыню ў Мiры прэзентавалi новы творчы праект —  “Дыялог супрацьлегласцей”. Летась на гэтым свайго роду “музычным рынгу” спрачалiся джаз i акадэмiчныя спевы. Сёлета джаз “высвятляў адносiны” з народнай песняй. У музычным паядынку ля замкавых муроў сышлiся бiг-бэнд Нацыянальнага канцэртнага аркестра i Нацыянальны народны акадэмiчны народны хор iмя Г. Цiтовiча. Вынiк жа дыялога зноў пераканаўча даказаў — не бывае ў музыцы лепшых цi горшых напрамкаў, стыляў i жанраў, выдатная музыка нараджаецца ў любым з iх, калi ствараецца i выконваецца яна сапраўднымi прафесiяналамi. 

“Iнтарэс да сiмфанiчных i камерных канцэртаў значна павялiчваецца, калi яны праводзяцца ў будынках, якiя з’яўляюцца гiстарычнымi помнiкамi. Усiм вядомы афарызм: архiтэктура – застылая музыка. Сапраўды, гэтыя вiды мастацтва маюць шмат агульнага – абстрактныя формы, складаныя структурныя пабудовы, нараджаюць энергетычны абмен, вядуць iнфармацыйны дыялог, фармiруюць нашы паводзiны. Помнiкi архiтэктуры “гучаць” незабыўнымi мелодыямi, чым прыцягваюць i музыкантаў, i слухачоў. Спалучэнне архiтэктуры i музыкi нават нарадзiла i ўвяло ў культурны ўжытак такiя паняццi, як музыка сядзiб, замкавая музыка, храмавая музыка, — гэтыя меркаваннi заслужанага дзеяча мастацтваў доктара культуралогii Уладзiмiра Скараходава прагучалi ў час праведзеных у рамках свята мастацтваў навуковых чытанняў, удзел у якiх прынялi каля дзесятка вядомых вучоных краiны. 

На гэты раз гаворка iшла аб архiтэктурнай спадчыне Беларусi. У лiку яе Мiрскi замак займае адметнае месца i пасля завяршэння рэканструкцыi абяцае стаць адным з буйнейшых у нашай краiне турыстычных цэнтраў. 

На здымках: iграе ансамбль флейтыстаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi; Мiрскi замак у чаканнi вечаровых сустрэч з Музыкай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter