Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

З Міністрам па-сяброўску

Госці з беларускіх школ Вільнюса і Рыгі былі запрошаны на сустрэчу ў Міністэрства замежных спраў

Наведваць навагоднія прадстаўленні ў Палацы Рэспублікі — даўняя традыцыя і Вільнюскай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны, і Рыжскай асноўнай беларускай школы імя Янкі Купалы. “Памятаю, мой сын яшчэ ў трэцім класе ўпершыню прыехаў у Мінск, на Прэзідэнцкую ёлку, — згадвала дырэктарка гімназіі Дзіяна Стахновіч. — А ён і ўніверсітэт закончыў: працуе ў Вільнюсе праграмістам”. Патрапіць на такое свята для гімназістаў, школьнікаў заўсёды — прэстыжна. Вось і на гэты раз прыехала амаль пяцьдзясят лепшых: выдатнікаў, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці з Рыгі ды Вільнюса. “На свята ў Мінск прыязджаюць найперш тыя, хто мае вялікую цікавасць да беларускай мовы і культуры”, — адзначала дырэктарка рыжскай школы Ганна Іванэ.

Вучні з Вільнюса і Рыгі гасцявалі ў Мінску

Сустрэча ж гасцей з Міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем прайшла ўпершыню. Фармат яе быў дэмакратычны. Гімназісты, школьнікі па-сяброўску задавалі дыпламату пытанні: і чым ганарыцца Міністр у сваёй краіне, і якія прафесіі, на яго думку, будуць найбольш запатрабаваныя гадоў праз дзесяць, і дзе адпачываюць дзеці з тэрыторый, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Цікавілі таксама пытанні, як стаць Міністрам і ці цяжка працаваць на такой пасадзе.

Што ім запомнілася з тае размовы? Трэцякласнік з Вільнюса Дзяніс без роздумаў выдае: “Я даведаўся: самыя вялікія машыны ў свеце робяць у Беларусі, на заводзе ў Жодзіне. І Беларусь спрыяе таму, каб суседнія краіны жылі ў міры”. Шасцікласніцу Кацю з Рыгі ўразіла, што ў летніку “Зубраня”, у якім і яна неаднойчы бывала, адпачываюць дзеці з Японіі, Сірыі. А ў Юрмалу на аздараўленне штогод прыязджаюць школьнікі з Беларусі. “Як лічыце: што трэба рабіць, каб стаць Міністрам?”, — пытаюся. “Шмат і добра вучыцца!”, — усміхаюцца малыя.

Пад час сустрэчы Уладзімір Макей уручыў Ганне Іванэ медаль Францыска Скарыны, яе калега з Вільнюса Дзіяна Стахновіч ушанавана ганаровай граматай Міністэрства. Міністр заверыў: МЗС — надзейны партнёр навучальных устаноў нават у самых складаных справах. На памяць пра сустрэчу і як сімвал сувязі з Беларуссю павезлі госці ў Вільнюс і Рыгу пано з выявай слуцкіх паясоў.

“Заўсёды адчуваем з боку Беларусі моцную падтрымку, — казала мне пасля размовы з Міністрам Дзіяна Стахновіч. — Гэта і падручнікі, і традыцыйныя навагоднія святы, і адпачынак дзяцей у беларускіх летніках. А нядаўна мы атрымалі падарунак ад мэра Мінска: спартыўны інвентар. Не губляем сувязі з Бацькаўшчынай, і Беларусь ведае, што мы ёсць”. Пра дапамогу з роднай краіны казала і Ганна Іванэ: “Па-першае, у 2010 годзе Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб пастаяннай падтрымцы нашай школы. Гэта — і поўнае забеспячэнне падручнікамі, і адпачынак у дзіцячым летніку “Зубраня”, і навагоднія сустрэчы. І нашы падарожжы па Беларусі, якія ладзім ужо на працягу сямі гадоў пад час асенніх канікулаў, усе — за кошт беларускай дзяржавы”.

Я павіншавала спадарыню Ганну з высокай узнагародай. Яна ж, сціпла ўсміхнуўшыся, казала: заслуга ў тым і ўсіх вучняў, настаўнікаў, а таксама яе папярэднікаў на адказнай пасадзе: “Школа працуе ўжо 22 гады, яна ўпэўнена глядзіць у будучыню. Вучацца ў нас дзеці ў асноўным этнічных беларусаў. Родная мова і літаратура вывучаюцца як асобныя прадметы. Але й білінгвальна, па-беларуску і па-латышску, выкладаюцца прыродазнаўства, візуальнае мастацтва, спевы, працоўнае навучанне”.

Сэрца школы, па словах яе дырэктаркі, — гэта, безумоўна, беларуская мова. Прычым, вывучаючы яе, вучні анічога не губляюць, а, наадварот, набываюць. “Ніхто не ведае, як складуцца лёсы нашых вучняў, дзе яны будуць жыць і працаваць, — разважае Ганна Іванэ. — Межы сёння адкрытыя, і можна пераехаць у любую краіну, але, галоўнае — заставацца сабою, не асімілявацца, не растварыцца ў людской плыні. Варта ведаць, памятаць: хто ты, адкуль твае карані... І тое, што веды яшчэ нікому ніколі не шкодзілі, гэта праўда. Вось я, напрыклад, выйшаўшы замуж за латыша, ну ніяк не думала, што мне з часам у Рызе вельмі спатрэбіцца мой дыплом беларускага філолага. А ўжо 22 гады працую па спецыяльнасці ў Рыжскай асноўнай беларускай школе”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 2 (3554), чацвер, 11 студзеня, 2018 у PDF

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...