Вяртанне страчаных каштоўнасцей: Нацыянальнаму музею суайчыннiк з Манака падарыў калекцыю карцiн i скульптур беларускiх мастакоў

З Манака з любоўю

Нацыянальнаму мастацкаму музею часта робяць падарункі. Рознай каштоўнасці і паходжання. Але тое, што адбылося на пачатку 2018-га, абвешчанага Годам малой радзімы, выглядае вельмі сімвалічна і ўдвая прыемна. Калекцыянер і проста багаты чалавек Георгій Хацанкоў, які нарадзіўся на Гомельшчыне, а зараз жыве ў Манака, вырашыў зрабіць землякам падарунак — адзінаццаць карцін і скульптур нашых мастакоў.

Больш за дваццаць гадоў таму ўдава Кішчанкі пазіравала разам з маленькім сынам свайму мужу.

Міністр культуры Юрый Бондар, прымаючы падарункі, не хаваў радасці: гэтыя экспанаты дапоўняць і ўпрыгожаць калекцыю сучаснага мастацтва музея. І тут жа ўручыў нагрудны знак паслу Беларусі ў Францыі і Манака па сумяшчальніцтве Паўлу
Павел Латушка.
Латушку. За што? У тым ліку і за вяртанне страчаных каштоўнасцей. Павел Паўлавіч называе гэту работу сваім сціплым унёскам. Хаця ўсе разумеюць, што ў культурнай справе менавіта гэты пасол сёння і з’яўляецца прыкладам для пераймання. Між іншым, у гэтыя дні чатырнаццаць беларускіх мастакоў зноў выстаўляюцца ў «Гранд-Пале»: ужо каторы год шырокавядомая выстава «Арт-Капіталь» не праходзіць без нашага ўдзелу.

Але ўсё гэта блякне ў параўнанні з тым, што знакавыя творы Аляксандра Кішчанкі, Аляксея Марачкіна, Уладзіміра Слабодчыкава, Галіны Гаравой зноў на радзіме. Некаторых з іх ужо няма на гэтым свеце, але іх мастацтва працягвае жыць. 

Аляксанд Кішчанка ўпісаў сваё імя ў гісторыю найперш «Габеленам стагоддзя», але ў яго было шмат і цікавых жывапісных палотнаў. Тры з іх вярнуліся ў Мінск. «Раяль», «Беларуска з сухім галлём» і «Ніна з Максімкам» ніколі не выстаўляліся ў Мінску. Удава Кішчанкі Ніна Кухарэнка ўжо не памятае, як гэтыя карціны пайшлі з іх дома і які шлях пераадолелі, але вельмі шчаслівая, што яны зноў на радзіме. На адной з іх яна з малым сынам на руках, нібы беларуская мадонна. Яна часта пазіравала мужу, таму для яе гэта не толькі памяць пра блізкага чалавека, але і ўспаміны пра светлыя дні. Ніна Уладзіміраўна шчаслівая, што ёсць такія людзі, як Георгій Хацанкоў, якія не шкадуюць грошай для сапраўднага мастацтва, і больш за тое, вяртаюць яго ў Беларусь.

Скульптура Уладзіміра Слабодчыкава аб'ехала шмат краін і зноў вярнулася ў Беларусь.

Яна прыгадвае адваротную гісторыю. У 1996-м Кішчанка паехаў на выставу ў Германію і ўзяў з сабой чатыры жывапісныя работы і два фрагменты таго самага «Габелена стагоддзя». Праз некалькі дзён сам вярнуўся дадому, а яго творы засталіся на экспанаванні. Праз пэўны час збіраўся за імі паехаць, але цяжкая хвароба і раптоўная смерць не дазволілі гэта зрабіць. Ачуняўшы ад гора, Ніна Уладзіміраўна пачала шукаць тыя карціны за мяжой, але да гэтага часу невядома, дзе яны захоўваюцца. Удава Кішчанкі спадзяецца, што знойдзецца чалавек, які дапаможа вярнуць гэтыя каштоўнасці ў Мінск. Але ў любым выпадку яна шчаслівая, што да 85-годдзя мужа атрымала такі падарунак і бліжэйшая выстава Аляксандра Кішчанкі будзе яшчэ больш поўнай.

Уладзімір Слабодчыкаў, наадварот, добра памятае, як амаль дваццаць гадоў таму Хацанкоў прыходзіў да яго ў майстэрню і назіраў за працай. Пасля і купіў яго скульптуру «Чарнобыльская мадонна». Мастак добра ведаў пра падарожжы сваёй работы па свеце, але сам не бачыў яе шмат гадоў. Ён згодны з дырэктарам НММ Уладзімірам Пракапцовым: лепшыя работы нашых творцаў павінны захоўвацца ў дзяржаўным музеі, таму вяртанне яго скульптуры — як бальзам на душу. Зусім хутка ва Уладзіміра Іванавіча выстаўка, дзе і можна будзе ўбачыць яго «Чарнобыльскую мадонну». Дарэчы, усе падарункі Хацанкова будуць выстаўлены ў музеі лічаныя дні, потым яны трапяць на навуковае даследаванне, адтуль — у фонды. У экспазіцыі яны будуць з’яўляцца з нагоды юбілеяў мастакоў і іншых свят.

Георгій Хацанкоў не змог прыехаць у Мінск па сямейных абставінах. Але ён абяцаў быць тут пры першай жа магчымасці. Абяцае, што прыедзе не з пустымі рукамі. Падарункам будзе яшчэ адзін твор беларускага мастака. Сапраўды, прыклад, годны для пераймання.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter