З малітвай і на сучок

Так пазбаўляе  людзей  ад  хвароб  кубанская  казачка Тамара  Маслава, якая  атабарылася  ў  Беларусі

Так пазбаўляе  людзей  ад  хвароб  кубанская  казачка Тамара  Маслава, якая  атабарылася  ў  Беларусі 

Хоць і былі яны братамі, і жылі побач, але ладу між сабой не мелі. Лаяліся, сварыліся, раўлі адзін на аднаго. Невядома, хто з іх, так бы мовіць, каго перароў, але вёска, якая з цягам часу вырасла ля іх сяліб сёння так і называецца – Перароў. Месцазнаходжанне яе – паўднёвы ўскраек Жыткавіцкага раёна, высокі бераг Прыпяці, пад якім начамі бухаюць самы, тэрарызуюць шматлікую рачную малечу шчупакі, судакі і жэрахі. 

Гэта звычайная палеская вёска бачыла, як, дарэчы, і ўсе астатнія беларускія паселішчы, і лепшыя часы. Калісьці было тут багата людзей, якія са скуры вылузваліся, але стараліся жыць як мага лепей, выгадаваць і адправіць у свет дзяцей. Зараз тут, па палескіх мерках, малалюдна – усяго каля чатырохсот чалавек. У асноўным пенсіянеры, сярод якіх большасць жанчын. Бо мужчыны чамусьці паміраюць рана – дапрацаваў чалавек да пенсіі, яшчэ гады чатыры пражыў і ўсё, — у «райзем-аддзел», на могілкі значыць. Зрухаў да лепшага, бачна па ўсяму, наўрад ці варта чакаць – смяротнасць, лічу, на парадак перавышае нараджальнасць, дзеці і ўнукі тутэйшых насельнікаў на-дзейна аселі ў далёкіх і блізкіх гарадах, дачнікі, што пакрысе купляюць дамы ў гэтай цудоўнай мясціне, можа б і хацелі паспрыяць мясцовай дэмаграфіі, але ж, самі разумееце, узрост ў іх такі, што, можа, яшчэ і хочацца, але ўжо не можацца. 

Пра тутэйшае жыццё мы размаўляем з сакратаром Перароўскага сельсавета Ганнай Пашук, якая, здаецца, ніяк не ўцяміць, што цікавага ў ім можна знайсці. Ёсць людзі, ёсць у іх работа: хтосьці на мясцовыя прадпрыемствы – пякарню, лясгас, СВК, пошту, магазін – уладкаваўся, а тыя, каму карцела болей зарабіць, падаліся ў Расію. Многім няслаба дапамагаюць парнікі, у самой Ганны плёнкай накрыты чатыры соткі, і зараз яна праз дзень адвозіць у Альшаны па дзвесце кілаграмаў агуркоў. І бядуе, што з-за нейкай там забастоўкі перакупшчыкаў не палескай нацыянальнасці кошт іх імкліва ўпаў – пяцьсот рублёў за кілаграм усяго даюць. Дадатковыя гэтыя грошы хто з вяскоўцаў адкладвае на будучае, хто транзітам прапускае праз магазін, хаця, па словах Ганны, п’юць тут не надта каб і многа. А калі п’юць, то не надта сваволяць. Таму Перароў адчуў сапраўдны шок, калі некалькі год таму нейкі чужы мужык забіў мясцовага настаўніка, а праз месяц мясцовы ўжо дзяцюк з такім імпэтам да-біваўся прыязнасці маладзенькай настаўніцы, што трапіў за краты. 

Калі Ганна сказала, што да сельсавета дзевятнаццаць год адпрацавала загадчыцай мясцовага клуба, у якім сваім часам збіралася да сотні чалавек моладзі, а зараз утрая менш, я натапырыў вушы, успомніў, што нешта такое ўжо чуў ад сябрука, які прыязжае сюды лавіць шчупакоў. Пытаюся, ці не тая самая гэта Ганна, якая хадзіць, гаварыць, лавіць рыбу, страляць качак, ганяць на матацыкле навучылася, як у такіх выпадках кажуць, адначасова? 

— Я, — сціпла прызнаецца субяседніца. – Пачала з дзяцінства з бацькам на рэчку хадзіць – ён з настаўкай у вадзе, а я па беразе рыбу за ім збіраю. Калі два дні на рацэ не пабуду, як хворая раблюся. Не тое, каб мне той рыбы хацелася: злаўлю – добра, не злаўлю – такая й бяда, але ж карціць. Страляць, праўда, ужо не хочацца. Ды і мужык мой Саша гэты занятак кінуў: стрэў аднойчы бабра, прыцэліўся, пабачыў, як звярок перад смерцю немінучай плача, — і не змог выстраліць, а цяпер і стрэльбу ў рукі не бярэ. 

— Вам да Маславых трэба, — нечакана гаворыць Ганна. Са-дзіцца за руль свайго легкавічка і паддае газу. 

У Маславых – рамонт, гаспадыня хаты Тамара Спірыдонаўна камандуе сынам Сяргеем і ўнукам Ігарам, што і як трэба рабіць. Чакаюць сына Славу з жонкай і дзецьмі. Ён у Маскве, палкоўнік ФСБ, не апошні ў Расіі спецыяліст па антытэрору. Адзін з яго сыноў, Ігар, – падпалкоўнік расійскага Генштаба, другі, Дзіма, — супрацоўнік службы аховы прэзідэнта Расіі (такая, бач ты на яе, простая палеская сямейка). 

Пра тое-сёе размаўляем з Тамарай Спірыдонаўнай, кубанскай казачкай. Яна звязала свой лёс з бравым капітанам-палешуком Іосіфам Маславым, які не толькі дзевяцьсот дзён і начэй бараніў Ленінград, але і Берлін браў. У адрынцы, у цяньку і на ветрыку, сушацца самыя розныя зёлкі. 

— Чыстацел, зверабой, мята, шыпшына, календула, дзевясіл, кветачкі белага бэзу – вялікая ў іх сіла, ад усіх хвароб дапамога, — гаворыць Спірыдонаўна, якая ў свае без аднаго восемдзесят год выглядае не толькі добра, але і зухавата. – Я, напрыклад, да мінулага года не ведала, што можа балець галава і павышацца крывяны ціск. А калі аднойчы пячонка забалела, жоўць нешта загусцела, дык адварам шыпшыны ўратавалася, а потым вазіў мяне Слава да маскоўскіх прафесараў, дык іхняе УГД нічога дрэннага ў мяне не выявіла. 

— Спірыдонаўна, вы пра сучок раскажыце, — падказвае Ганна Пашук. 

Жанчына не вельмі каб гэтага і хоча. Але ж, нарэшце, даведваемся: калі дачка Ганны Света аднойчы моцна захварэла і калі не дапамагло ёй нават неаднаразовае пераліванне крыві, Спірыдонаўна памазала нейкімі зёлкамі болькі, павадзіла над імі сукаватым паленам — і ўсё, Светка жывая-здаровая, закончыла ліцэй, рыхтуецца да паступлення у Акадэмію міліцыі, а пакуль тое будзе, праводзіць доўгія надвячоркі з кавалерам на лавачцы под вокнамі матчынай хаты. 

Мы доўга і аб розным размаўлялі. Успомнілі мужа і бацьку Іосіфа Іосіфавіча Маслава, які памёр 20 мая 1985 года якраз у дзень нараджэння Сяргея. Ён, негаваркі і сталы мужчына, прыносіць па просьбе маці шматлікія бацькавы баявыя ўзнагароды. І раптам гаворыць: 

— Піянеры-следапыты адшукалі бацькаў адрас, і адзін з яго аднапалчан прыслаў яму пісьмо. У ім былі такія радкі: «Ты, Юзік, быў сапраўдным чалавекам і ніколі не хаваўся пад плашч-палатку, каб употайкі з’есці свае дадатковыя камісарскія дзвесце грамаў хлеба...» А яшчэ бацька ніколі не глядзеў фільмы пра вайну, адварочваўся ад тэлевізара і плакаў... 

Пачуўшы гэтыя словы, пагля-дзеўшы на Сяргеевага сына Ігара, які раптам пасталеў і ўвесь неяк раздабрыўся, я не стаў распытваць Спірыдонаўну пра тое, чым яна жыла, якіх каштоўнасцей прытрымлівалася, як выхоўвала дзяцей іх сям’я – ёсць сітуацыі, калі лепей проста разам памаўчаць... 

На здымку: Сакратар Перароўскага сельсавета Ганна Пашук з аўтарам гэтых радкоў на цеплаходзе «Стрэжань».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter