З мілым і ў Ліпаўцы рай

Не пабаяўшыся цяжкасцей, маладая сям’я са сталіцы пераехала на хутар. Мы ехалі ў Ліпавец, закінутую вёсачку на паўднёва-заходнім ускрайку Чашніччыны, схаваную за лесам, за светам ад цывілізацыі. Ці то вёска, ці то хутар. Бо хоць і стаяць там некалькі акалелых нежылых хацін, ды жыве ўсяго адна сям’я. Гэта маладыя людзі, якім няма яшчэ і трыццаці, Насця і Іван Грэскія. Абодва — мінчане. Ён скончыў БНТУ, дзе вучыўся на інжынера, працаваў нейкі час на Мінскім аўтазаводзе. Яна атрымала вышэйшую адукацыю ў медыцынскім універсітэце. Сталіца адкрывала для іх добрыя перспектывы, абяцала кар’еру і грошы, а яны, двое закаханых, вылецелі з цёплых наседжаных бацькоўскіх гняздзечак і падаліся ў пошуках сэнсу жыцця ў вёску. Ды ў якую! Тую, што проці ліха на ўзгорку, дзе пень на калоду брэша.

Яны дамовіліся пабрацца толькі тады, калі займеюць сваю вясковую хату. І займелі. Хату знайшлі па аб’явах у газеце, можна сказаць, пальцам у неба ткнуўшы. Нямала былі здзіўлены бацькі такому нечаканаму ўчынку дзяцей, учынку, які меўся зыначыць увесь іх лёс далейшы. Але нічога не зробіш, і бацькі, людзі інтэлігентныя, змірыліся, пачалі рыхтавацца да вяселля.
Распісваліся ў мясцовым сельсавеце, гулялі ў прасторнай і светлай хаце ў Ліпаўцы, якую адмыслова для гэтага агулам падладзілі, адрамантавалі, упрыгожылі нацыянальнымі карункамі і іншымі атрыбутамі сялянскага побыту. Вось толькі не было гэта ні гульнёю-забаваю двух гарадскіх дылетантаў, а ні паказным сцэнічным дзействам на публіку. Гэта было — для сябе. Пачаткам новага, абсалютна ўсвядомленага выбару, які зрабілі двое маладых людзей. Рамантыкі! Настуля ўсё жыццё марыла пасяліцца ў цёмным лесе, а Янак — жыць на хутары. У Ліпаўцы яны знайшлі “кансенсус”. Дзівакі! Ці ведаюць яны, што вясковая рамантыка дарагога каштуе і дастаецца з мазалямі. Ці надоўга іх, гарадскіх, хопіць...
Праўда, падобна, што бытавыя няўдобіцы іх пакуль што не толькі не расчароўваюць, а, наадварот, забаўляюць. Калі па першым часе не было ў хаце святла — то былі райскія дзянькі! Пры свечцы хораша марыць і зусім не страшна жыць. Ад тэлевізара нашы знаёмыя і ўвогуле вырашылі адмовіцца. Насця кажа, што ён перашкаджае думаць. Праўда, на ўсялякі выпадак у хаце ёсць відэа, добрая музычная апаратура. Янак, дарэчы, аматар беларускага року, так што ў Ліпаўцы маладая пара будзе слухаць не толькі “птушыны спеў і шум дубровы”. Ды і ад цывілізацыі далёка не ўцячэш. Насця ўладкавалася на працу галоўным урачом у бальніцу сястрынскага догляду. Бальніца кіламетраў за дзесяць, але ёсць свая машына, дарогі, дзякуй богу, расчышчаюць, больш таго, нават адмыслова да вяселля мясцовыя ўлады падладзілі непраезджую было дарогу да хутара. Янак штодня падвозіць на працу, ну, а назад часцей дабіраецца дзяўчына рэйсавым аўтобусам. Сам гаспадар пакуль што з працаю не вызначыўся, марыць завесці гаспадарку, агарод, паспытаць сялянскага хлеба. Паставіць тут колькі пчаліных вулляў, сад пасадзіць... А чаму б і не? Была б ахвота.
Зрэшты, гаспадарка ў іх ужо запачалася. Яшчэ на вяселлі падарылі маладым козачку. Праўда, пакуль не навучыліся Бодзю даіць, але ж навука няхітрая...
У хаце, як вяскоўцы кажуць, “здомна”. Тая несамавітая атмасфера, што душу заводзіць. Вялізная руская печ з чыгункамі на загнеце, з вілачнікам у куце. Ёсць і газавая пліта, ды гаспадары прызнаюцца, што рэдка яе карыстаюць. Яда з печы смачней.
За бяседаю п’ём духмяную гарбату, густа настоеную на зёлках. І такое адчуванне, што ты ў гэтай хаце не чужы, і не госць нават, а проста вярнуўся сюды — дадому, да вытокаў, з далёкае дарослае вандроўкі. Няйначай зараз убачыш маму з чыгунком ля печы... І ўжо не здзіўляешся дзівацтву гэтых гарадскіх хлопца ды дзяўчыны, якіх, мусіць, некім абуджаная генетычная памяць прывяла сюды, на ліпавецкі хутар. Не здзіўляешся, а шчыра жадаеш, каб усё ў іх атрымалася, каб вытрымалі, не апусцілі рукі, не збеглі, бо ўсяго яшчэ паспытаюць...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter