Сябры Іркуцкага беларускага клуба “Крывічы” хораша пакалядавалі ў сібірскай глыбінцы

З людзьмі ды Сонцам у згодзе

Быць бліжэй да людзей, да народных традыцый, да рэальнага жыцця, а не яго сцэнічных заменнікаў — такімі простымі правіламі кіруемся мы ў дзейнасці суполкі. А Калядная пара якраз і цудоўная тым, што ёсць магчымасць для цікавых дзей. Мы, дарэчы, даволі часта практыкуем выезды з Іркуцка ў глыбінку. Вось і 7 ды 8 студзеня 2017 году актывісты Іркуцкага беларускага клуба “Крывічы” правялі выязное святочнае мерапрыемства пад назваю “Каляды-2017”. Тое было ў сяле Аляксандраўск Аларскага раёна Іркуцкай вобласці.

Іркуцкія беларусы-калядоўшчыкі ў сяле Аляксандраўск

Чаму мы былі менавіта там — няцяжка здагадацца. Вы ж ведаеце: свой да свайго цягнецца. А сяло Аляксандраўск было заснавана ў 1901 годзе перасяленцамі з Беларусі. Па гэты час там жывуць жыхары з нязвычнымі для вялікай Сібіры, але ж такімі беларускімі прозвішчамі: Дударык, Цыбуля, Круповіч, Грыс ды іншыя. Ёсць у сяле і свой фальклорны гурт “Крынічанька”. Уявіце сабе: ён быў утвораны яшчэ ў 1964 годзе! І не верце, калі нехта кажа, быццам беларусы не надта шануюць сваю культуру… Гэтай любові можна ў артыстаў з “Крынічанькі” павучыцца. Таму й не перасохла тая жыццятворная крыніца, што з душою створана. Ёсць у сяле і Музей Беларускага побыту, дзе сабраны ўнікальныя прадметы, якія доўгія гады слугавалі першым перасяленцам.

7 студзеня мы хадзілі вясёлаю гурмою па хатах мясцовых жыхароў: калядавалі. Сустракалі нас цёпла, ветліва. Кожная гаспадыня душэўна запрашала за свой стол. І ўявіце сабе: што та было б, каб мы далі слабіну... Таму, выканаўшы абрад Калядавання, ішлі далей. Здавольваліся толькі тым, што клалі ў мех Механошы. А як мы расчуліліся, калі ў адной хаце гаспадары нават надзелі, сустракаючы нас, беларускія кашулі сваіх продкаў! У іншай хаце бабуля плакала ад радасці, што ўбачыла “сапраўдных!” калядоўшчыкаў, як у гады сваёй  маладосці. А нам эмоцый! Ніякая сцэна такіх не дасць! Да таго ж прыйшлі мы да той душэўнай бабулі якраз у дзень яе нараджэння! Во падарунак! Няцяжка прыйсці было ў хату з Каляднай песнямі, жартамі, карагодамі-варажбою, з Казою, Ваўком і Мядзведзем, з Калядою і Варажбіткаю. І так складана — сысці потым з хаты, “збегчы” ад ветлівых гаспадароў...

А 8 студзеня ў клубе сяла Аляксандраўск мы разам зладзілі канцэрт. Акрамя нас выступалі яшчэ гурт “Крынічанька”, прыехалі й творчыя калектывы, салісты з суседніх вёсак. Канцэрт атрымаўся — проста цуд!. А напрыканцы яго мы ўручылі падарункі ўдзельнікам “Крынічанькі” ды дзіцячаму фальклорнаму гуртку “Туесок”. А нам уручылі граматы. І пасля — танцы! Прычым беларускія танцы: Полька, Лявоніха, Кракавяк... Эх, нават месца было малавата — так усе расхадзіліся. А кавалеры ўвогуле ішлі проста нарасхват!

Дзякую актывістам клуба “Крывічы”: за згуртаванасць, творчасць, камандны дух. Дзякуй Волі Галанавай, Юлі Гайсінай, Яне Фадзеевай, Зіне Капуцкай, Дзянісу і Вадзіму Таранушэнкам, Васілю Анісімаву, Дзіму Вараб’ёву, Валі Сіняўскай, Алесі Стасевіч. Наш творчы дэсант у чарговы раз паказаў не толькі важнасць захавання беларускіх традыцый, але і неабходнасць вяртання іх назад у вёску! Туды, дзе традыцыя некалі й склалася.

Таксама дзякуем гасцінным аляксандраўцам за сардэчны прыём. Асаблівая падзяка: дырэктару Дома культуры сяла Аляксандраўск Ларысе Пятроўне Сітнікавай, кіраўніцы гуртка “Туесок” Любові Мікалаеўне Вітвіцкай, кіраўніцы паселішча Мялешчанцы Таццяне Уладзіміраўне. Дзякуем Адміністрацыі Іркуцкай вобласці, яго ўпраўленню па сувязях з грамадскасцю: там нам далі аўтобус для паездкі!

Эх, цудоўныя былі Каляды! То пойдзем і далей — са святам у душы і Новым Сонцам над галавою.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter