“З любоўю да цябе, мая Радзіма”

Пад такой назвай напярэдадні Дня Рэспублікі ў КЗ “Мінск” пройдзе канцэрт лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Алега Сямёнава.

Высокую ацэнку свайму даўняму сябру дала папулярная беларуская спявачка Ірына Дарафеева.
— З Алегам мы аб’ехалі амаль усю краіну з акцыяй “Пад мірным небам”, — расказвае Ірына Дарафеева. — Мы выконвалі і беларускія народныя песні. Без жывых канцэртаў артыст не можа называцца артыстам. І толькі той чалавек, які можа выступаць на сцэне некалькі гадзін, без стомы  дорачы слухачам часцінку сваёй душы, і разумее, што яшчэ не ўсё сказаў, можа разлічваць на любоў і прызнанне публікі. Алегу Сямёнаву ўжо ўдалося яго заваяваць.
Нядаўна ўбачыў свет новы альбом спевака “Прызнанне”. Пазнаёміцца з новымі кампазіцыямі ў выкананні Алега Сямёнава можна будзе ў час канцэрта “З любоўю да цябе, мая Радзіма”, які адбудзецца напярэдадні Дня Рэспублікі ў канцэртнай зале “Мінск”.
 Як расказаў артыст, у канцэрце прымуць удзел знакамітыя беларускія спевакі Ядвіга Паплаўская, Аляксандр Ціхановіч, арт-група “Беларусы”, Ізмаіл Капланаў і Нэлі Багуслаўская, а таксама Дарыя, Ірына Сапунова.
Некаторы час Алег Сямёнаў працаваў у Тэатры песні Ірыны Дарафеевай, але дагэтуль зоркам беларускай сцэны не ўдавалася праспяваць дуэтам. На канцэрце 2 ліпеня мара артыстаў ажыццявіцца.
— Увогуле праграма “З любоўю да цябе, мая Радзіма” — даніна павагі ветэранам вайны і працы, усім, хто абараняў і адраджаў нашу краіну, хто сваёй дзейнасцю спрыяў яе росквіту, — адзначыў артыст. — У апошні час я працую больш за ўсё ў Беларусі і з дапамогай Ірыны Дарафеевай пераканаўся, што, нягледзячы на тое што не становіцца менш песень-аднадзёнак, сваё прызнанне атрымліваюць і песні, якія нясуць у сабе духоўнасць.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter