Евдоким Романов умело совмещал педагогическую, этнографическую и научную деятельность

З любоўю да радзімы

Этнограф, фалькларыст, гісторык, края-знавец, археолаг, антраполаг, рэпетытар, педагог, інспектар народных вучылішч… Чым толькі не займаўся Еўдакім Раманавіч Раманаў! Сёлета адзначаем 165 гадоў з дня нараджэння нашага знакамітага земляка.


Еўдакім Раманаў з маленства адрозніваўся дзейным і прадпрымальным норавам. Ён нарадзіўся ў 1855 годзе ў мястэчку Беліца Гомельскага павета ў беднай мяшчанскай сям’і. Нягледзячы на нястачу сродкаў, у 12-гадовым узросце паступіў у Гомельскую прагімназію. Хутка асірацеў, але не паў духам. Каб працягваць вучобу, наняўся рэпетытарам да купца. Экстэрнам здаў экзамены на атрыманне звання народнага настаўніка і ў 17-гадовым узросце ўладкаваўся на працу ў Герасімаўскае народнае вучылішча Хлыстоўскай воласці Аршанскага павета. Працаваў настаўнікам 14 гадоў, 20 — выконваў абавязкі інспектара народных вучылішч.


Раманаў не толькі здолеў самастойна пабудаваць кар’еру ў педагагічнай сферы, але і ўнёс вялікі ўклад у справу вывучэння беларускага этнасу. Ён напісаў больш за 200 навуковых прац, даследаваў каля 1000 старажытных гарадзішч і сабраў звыш 10 000 фальклорных тэкстаў. Асноўная частка гэтага фальклорнага масіву была апублікавана ў 1886—1912 гадах у яго «Беларускім зборніку». Еўдакім Раманавіч так пісаў пра гэту працу: «Балюча зрабіла майму беларускаму сэрцу такое незнаёмства навукоўцаў з маёй роднай мовай, і ўзяўся я за збіральніцтва... Вось прычына з’яўлення майго зборніка. Хацелася б верыць, што мая праца і праца маіх шаноўных супрацоўнікаў не загіне для навукі і што своечасова з’явяцца прадаўжальнікі пачатых мною спраў. Я ж зрабіў, што мог...»

З 1917 года Раманаў жыў у Стаўрапалі, дзе і памёр 20 студзеня 1922 года. Дзейнасць Еўдакіма Раманавіча адзначана малым і вялікім залатымі медалямі, дыпломамі навуковых таварыстваў, акрамя таго, ён з’яўляецца лаўрэатам імянных прэмій Расійскай акадэміі навук. Сёння яго імя носяць музей у Магілёве, бібліятэка і вуліца ў Гомелі.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter