В этом году календарь объединил День знаний и День белорусской письменности. Получилось очень символично

З любоўю да матчынай мовы

Як першакласнікі вучацца пісаць па пропісях, так і мы ўжо дваццаць шосты раз звяралі «каліграфію» культуры і духоўнасці з камертонам сваёй багатай спадчыны, з летапісам стагоддзяў славутай гісторыі беларусаў. А душа ў нас шырокая, скарбаў назапашана неабдымная колькасць, таму ў адзін дзень ну ніяк не ўпішашся! Вось і ў Слоніме святкаваць Дзень беларускага пісьменства пачалі яшчэ раніцай у суботу, а яскравую фінальную кропку (дакладней — рознакаляровае шматкроп’е) паставіў у нядзелю ў начным небе феерверк.

Фота  БЕЛТА

Здавалася б, колькі здравіц, прысвечаных беларускаму пісьменству, ужо прагучала за мінулыя гады, колькі новых цікавых фактаў выявілі навукоўцы, літаратары, даследчыкі роднай мовы, але кожны раз інтарэс да гэтай падзеі толькі нарастае.

«Вялікая місія Дня пісьменства — аб’ядноўваць усіх беларусаў свету, перадаваць новым пакаленням літаратурныя і мастацкія скарбы нашага народа, любоў да матчынай мовы, выхоўваць беражлівыя адносіны да помнікаў даўніны, садзейнічаць умацаванню пачуцця гонару за Радзіму», — падкрэсліў у прывітанні ўдзельнікам і гасцям Дня беларускага пісьменства Аляксандр Лукашэнка. Па словах Прэзідэнта, гэта свята займае пачэснае месца сярод важнейшых падзей культурнага жыцця краіны і з’яўляецца добрай нагодай яшчэ раз звярнуцца да спрадвечных нацыянальных традыцый і асэнсаваць іх месца ў сучаснасці. Прывітанне Аляксандра Лукашэнкі зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч, які прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця свята.

Фота Аляксея Сталярова

Слонімская зямля невыпадкова прымала Дзень беларускага пісьменства. Гэта край культурных традыцый, якія сваімі каранямі сыходзяць глыбока ў мінулае. Зрабіў вялікі ўклад Прынёманскі край і ў развіццё беларускага кнігавыдання. «Наша зямля і сёння багатая талентамі, — сказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. — Сіламі журналістаў, пісьменнікаў, паліграфістаў, выдаўцоў ствараецца сучасная культура Беларусі».

Фота Аляксея Сталярова

Цяжка нават праз коску пералічыць усе мерапрыемствы, якія адбываліся ў святочным Слоніме больш чым на дзесяці пляцоўках. Беларускія і замежныя літаратары прынялі ўдзел у міжнародным круглым стале «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». Адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Слонімскія чытанні». Вялікую цікавасць вызваў фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», які праходзіў у мясцовым драматычным тэатры — так-так, невялікі горад можа пахваліцца і ім, працягваючы свае старажытныя тэатральныя традыцыі.
Фота  БЕЛТА

На доўгую і добрую памяць мясцо­вым жыхарам застануцца новы кніжны магазін «Санет» і доўгачаканы бронзавы помнік Льву Сапегу. Некалі выдавец Статута Вялікага Княства Літоўскага быў старастам гэтага горада і шмат чаго карыснага зрабіў для яго. Па хадайніцтве Льва Сапегі ў 1591 го­дзе Слоніму было прысвоена Магдэ­бургскае права, падараваны герб з выявай ільва, які трымае залатую стралу. «Легендарныя гістарычныя асобы вяртаюцца ў сучасную Беларусь у кнігах, помніках, артэфактах, — адзначыў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. — Гэтых сімвалаў не было б без творчай мыслі, натхнення нашых мастакоў і пісьменнікаў». Аўтары помніка — скульптары Іван Міско (знакаміты ўраджэнец Слонімшчыны), Ула­дзімір Піпін і Сяргей Логвін. «Леў Сапега вярнуўся ў Слонім, горад, які ён вельмі паважаў, — не хаваў радасці старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч. — Гэты помнік для сланімчан павінен стаць адным з сімвалаў любові да роднай зямлі. І галоўнае — не бронза, не граніт, а тое значэнне, якое нясе для грамадства помнік такому выдатнаму чалавеку».

Фота Аляксея Сталярова

Ды й сам горад стаў яшчэ большым прыгажуном. Добраўпарадкавалі вуліцы, двары, дамы і аб’екты сацыяльнай інфраструктуры, а таксама набярэжную канала Агінскага — папулярнае месца адпачынку гараджан. Рэканструявалі гасцініцу «Шчара». Усё гэта спаўна ацанілі ўдзельнікі і госці свята.

Урачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства пазнаёміла з багатай гісторыяй слонімскай зямлі. У канцэртнай праграме прынялі ўдзел самадзейныя і прафесійныя выканаўцы, у тым ліку Ядзвіга Паплаўская, Пётр Ялфімаў, Юлія Быкава і Яўген Алейнік, дзяржаўны ансамбль «Песняры», група «Чысты голас» і іншыя. Акрамя таго, на галоўнай сцэне адбылося ўшаноўванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія» за творы, напісаныя ў 2018 годзе. Сярод пераможцаў — Мікола Маляўка, Алег Ждан, Віктар Хурсік, Святлана Калядка, Станіслава Умец і Уладзімір Ягоўдзік (яшчэ адзін вядомы ўраджэнец Слонімскага раёна). «Дзень Беларускага пісьменства — своеасаблівы экзамен і справаздача пісьменнікаў перад жыхарамі краіны, — падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. — Кожны год з-пад пяра творчых людзей выходзяць цудоўныя творы. Прыемна, што пісьменнікаў цэняць, падтрымліваюць на самым высокім узроўні».

Фота  БЕЛТА

На Фестывалі кнігі і прэсы можна было ўволю пагартаць старонкі розных выданняў. У цэнтры ўвагі апынуліся і экспазіцыі выдавецкага дома «Беларусь сегодня», у тым ліку спецпраект «НеЗВЫЧАЙныя вёскі», які знаёміць з найбольш цікавымі звычаямі і абрадамі беларускіх вёсак, а таксама выстава работ мастака Алега Карповіча, прысвечаных Году малой радзімы. Месцам асаблівага прыцягнення стаў і «Друкарскі двор», дзе былі прадстаўлены друкарскія прылады розных стагоддзяў і ўзноўлены друкарскі станок часоў Францыска Скарыны. Дзякуючы калекцыі гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава можна было прасачыць за развіццём мастацтва друкавання паштовак.

Усім жадаючым прапанавалі раз­гадаць «Код Сапегі» — паўдзельнічаць у захапляльнай квэст-гульні. У кожнага была магчымасць паспрабаваць свае сілы ў традыцыйных рамёствах — майстры вучылі выраб­ляць гаршкі, выразаць з дрэва лыжкі, плесці розныя рэчы з саломы. Па ўсім горадзе разгарнуліся канцэртныя, гульнёвыя, выставачныя, гандлёвыя пляцоўкі. На адной з іх частавалі стравамі, прыгатаванымі па рэцэптах з кніг класікаў, у тым ліку верашчакай, клёцкамі, пірагом з гусінай пячонкай, шынкай і нават карпам па-шляхецку.

Фота Аляксея Сталярова

Увечары на закрыцці свята эстафету Дня беларускага пісьменства ўрачыста перадалі гораду Бялынічы Магілёўскай вобласці. Як адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, правядзенне Дня беларускага пісьменства ў розных гарадах спрыяе іх развіццю і пераўтварэнню: «Мы павінны стварыць камфортную атмасферу і ў плане побыту, і ў плане культуры ў кожным кутку краіны. Важна, каб людзі ганарыліся сваімі роднымі месцамі».

А кнігавыдаўцы тым часам адправіліся з аднаго балю на другі — у сераду ў расійскай сталіцы на ВДНГ адкрылася XXXII Маскоўская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, дзе Беларусь атрымала статус ганаровага госця. Наша нацыянальная экспазіцыя з’яўляецца і адной з самых маштабных на маскоўскім кніжным форуме — яе агульная плошча складае больш за 200 квадратных метраў.

Фота  БЕЛТА

Наперадзе яшчэ і XIV Міжнародны фестываль-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі — 2019» — з 12 па 14 верасня ў Гомелі і Гомельскім раёне будуць дзяліцца сваімі творчымі здабыткамі і абменьвацца вопытам каля 150 паэтаў і пісьменнікаў з Беларусі, Расіі і Украіны. Да таго ж, незалежна ад нейкіх мерапрыемстваў, заў­сёды ёсць магчымасць падсілкавац­ца з жыватворнай крыніцы роднай мовы. Перафразуючы класіка, можна з упэўненасцю сказаць: мы багатыя — мы сваё пісьменства маем. ­Беларускае.

kuklov@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter