З лёгкай рукі маэстра

ХУТКА СВЯТА, народзіны яшчэ аднаго фэсту. Настане раніца, расой умытая. І пацалуюць смычкі струны скрыпак, стануць выпытваць, дзе песня найзванчэйшая жыве? Яе голас падхопяць фанфары, грымне баявы аркестр, і паляціць над плошчай у Мар’інай Горцы «Майскі вальс». Свята гэта пакуль малавядомае. Будучы фестываль — рэгіянальны. Хаця ўжо сёння мае абрысы міжнароднага: запрошаны ўдзельнікі з гарадоў-пабрацімаў Расіі і Украіны. На Пухавіччыне ўжо прыжыліся такія фестывалі, як «Напеў зямлі маёй», «Грай, гармонік», «Саламяныя дзівосы». Няма сумнення, і «Майскаму вальсу» на прыз кампазітара Ігара ЛУЧАНКА пашчасціць.

На малой радзіме Ігара Лучанка – у Мар’інай Горцы – ладзіцца музычны фэст.

ХУТКА СВЯТА, народзіны яшчэ аднаго фэсту. Настане раніца, расой умытая. І пацалуюць смычкі струны скрыпак, стануць выпытваць, дзе песня найзванчэйшая жыве? Яе голас падхопяць фанфары, грымне баявы аркестр, і паляціць над плошчай у Мар’інай Горцы «Майскі вальс». Свята гэта пакуль малавядомае. Будучы фестываль — рэгіянальны. Хаця ўжо сёння мае абрысы міжнароднага: запрошаны ўдзельнікі з гарадоў-пабрацімаў Расіі і Украіны. На Пухавіччыне ўжо прыжыліся такія фестывалі, як «Напеў зямлі маёй», «Грай, гармонік», «Саламяныя дзівосы». Няма сумнення, і «Майскаму вальсу» на прыз кампазітара Ігара ЛУЧАНКА пашчасціць.

— Я з задавальненнем працую над праграмай новага фестывалю, — зазначае дырэктар Цэнтра культуры Алена Салагубава. — І рада, што знайшла з маэстра агульную мову. Для нас Ігар Міхайлавіч не проста земляк, ён наш сябра і дарадца. І нам вельмі хочацца, каб нешта знакавае, вытканае з яго імем, успыхнула і ў нашай Мар’інай Горцы. Тым больш што не за гарамі слаўны юбілей народнага артыста СССР і Беларусі.

І яшчэ дадам: у Ігара Міхайлавіча лёгкая рука. Ён вызначыўся ў Віцебску са «Славянскім базарам», з яго падачы пакрочыў далёка абласны фестываль «Напеў зямлі маёй», што праводзіцца на Пухавіччыне. Думаю, што і над «Майскім вальсам» будзе свяціць зорнае неба.

— Алена Сяргееўна, мяркуюць, што фестываль ваш ператворыцца ў міжнародны.

— Мы толькі парадуемся за такі статус. Ужо сёння магу засведчыць: у Мар’інай Горцы два дні будзе граць аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, пройдзе гала-канцэрт зорак беларускай і расійскай эстрады. Нас будуць радаваць Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Уладзімір Правалінскі І Іван Краснадубскі. Магчыма, прыедуць і іншыя знакамітыя госці з краін Садружнасці. Перамовы вядуцца. Думаю, што ўрачыстасць высокага класу мы заслужылі.

Так лічыць і старшыня райвыканкама Фёдар Караленя:

— Генератары добрай справы — жыхары нашага раёна і горада, якія ганарацца сваім земляком, любяць яго творчасць. Кажуць, вялікае бачыцца на адлегласці. Нам па душы, калі скарачаецца яна. І ад блізкай яркай зоркі хутчэй запальваюцца маленькія зорачкі.

Фестываль у Мар’інай Горцы — свята для Ігара Міхайлавіча асаблівае. І не таму, што маэстра будзе ўручаць свой прыз, а таму што горад на Цітаўцы — яго малая радзіма.

— З гадамі ўсё мацней і мацней пачынаеш адчуваць прыцягненне гэтага магніта і робіш усё добрае для зямлі, па якой крочылі матуля з бацькам, — сказаў кампазітар на сустрэчы ў Мінску. — У гімне, які я напісаў, ёсць радкі: «Марьина Горка — светлая зорька, годы идут чередой, снова на сердце мне сладко и горько здесь под родимой звездой».

— Але ж вы нарадзіліся ў Мінску, там карані вашы, — перапыняю субяседніка.

— Карані вайна зруйнавала. У 1946 годзе наша сям’я вырашыла паехаць з гасціннага расійскага Сальска, дзе знайшла прытулак падчас лютага ліхалецця, у Беларусь. І лёс вызначыў месца: тата, па прафесіі ўрач, атрымаў накіраванне на станцыю Пухавічы ў чыгуначную паліклініку. Год мы жылі ў паліклініцы, дзе нам адвялі невялічкі пакойчык. Стала цесна, і бацькі вырашылі перавезці сюды хату дзядулі з Чэрвеня, яна і сёння стаіць у тым жа месцы, дзе яе складвалі. У гэтай хаце я ўзяў першыя ноты на фісгармоні, тут вучыўся азам музыкі, адсюль паехаў за майстэрствам у Мінск. Дзе потым ні быў, не забываў дарогу ў бацькоўскі дом. Помніцца ўсё, нават крыўднае. Вось вам прыклад адзін. Калі прыязджаў у Мар’іну Горку, хадзіў у мясцовы клуб, каб патанчыць. Аднойчы захварэў баяніст. Папрасіў мяне: выручай. А на той час у маім рэпертуары мала было танцавальных мелодый: факстрот, танга, вальс і марш. Але калі папрасілі, як адмовіць, ды яшчэ хвораму чалавеку? На маю бяду прыехала на той вечар журналістка з рэспубліканскай газеты і напісала потым: «Музыкант, які сядзеў на сцэне, вяла іграў нейкі танец, танцуючыя пары марудна перасоўваліся ад адной сцяны да другой». Музыкант — гэта пра мяне. Аднак крытыка ў газеце «Сталінская моладзь» не спыніла мяне. Па-ранейшаму граў на танцах, граў на сваёй вуліцы, у парку. Але з кожным разам усё лепш і лепш.

Я гэты прыклад прывёў дзеля чаго? На фестывалі, які пройдзе ў маі, нам нельга граць і пець вяла. А толькі з душой і ўзнёсла. Кожная песня павінна стаць хвалюючай і незабыўнай, — кажа маэстра.

Таму галоўная ўстаноўка арганізатараў фестывалю: правіць балем будзе Яе вялікасць мелодыя, будуць гучаць задушэўныя народныя напевы, ваенна- патрыятычныя песні, песні, якія жыць і будаваць дапамагаюць.

Яўген КАЗЮКІН

Фота з сямейнага альбома Ігара ЛУЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter