З легкай рукі айца Іаана

Песні народнага мужчынскага вакальнага ансамбля «Благавест» з Брэсцкага раёна можна пачуць на «Дажынках» і ў… Парыжы

— Раман Іванавіч, сёлета вашаму калектыву споўніцца трыццаць гадоў. Узрост вельмі сур’ёзны, асабліва калі лічыць, што за гэты перыяд вы чатыры разы пацвярджалі званне народны. Чаму цяпер у «Благавеста» новы мастацкі кіраўнік?

— Каб развівацца,  патрэбны новыя ідэі, новыя людзі. У апошні час наш ансамбль значна амаладзіўся, пашырыў рэпертуар. Прыходзіць маладая плынь, і гэта нармальна. Мы ўвасабляем у жыццё творчыя ідэі, кожны прыўносіць нешта сваё. Мастацкі кіраўнік ансамбля — мой былы вучань Яўген Чарноў. А ў мяне асабіста цяпер ёсць больш часу, каб займацца творчасцю.

Гісторыя калектыву пачалася ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Маладых спевакоў, музыкантаў аб’яднаў мясцовы аматар народнай творчасці Анатоль Разумец. Спачатку ўсё ладзілася на энтузіязме ўдзельнікаў. Не мелі яны ні пляцоўкі ў Доме культуры, дзе можна было б праводзіць рэпетыцыі і канцэрты, ні нармальнай апаратуры. А так захапіліся сваёй справай, што не звярталі ўвагі на нязручнасці. Збіраліся ў школе, у невялічкім клубе, старанна дапрацоўвалі, шліфавалі кожны нумар. Падтрымала мясцовая ПМК-55, якую доўгі час узначальваў цяперашні старшыня Чарнаўчыцкага сельсавета Аляксей Алесік. А калі ў вёсцы пабудавалі прасторны і шыкоўны Дом культуры, месца ў ім хапіла супрацоўнікам самых розных устаноў, у тым ліку і «Благавесту». Што да назвы, то яе параіў узяць настаяцель мясцовай царквы айцец Іаан. Вось артысты і нясуць гледачам заўсёды самыя добрыя весткі і дораць цудоўны настрой.

— Як вы трапілі ў ансамбль?

— Любоў да музыкі і спеваў у мяне была з дзяцінства. Родам я з Украіны, Львоўскай вобласці. Выступаў на школьных канцэртах, займаўся музыкай і спевамі. Многія з маіх сяброў пасля заканчэння школы ішлі ў Брэсцкае музычнае вучылішча. І мне параілі паступіць туды. Там я сустрэўся з таленавітымі выкладчыкамі, цікавымі навучэнцамі. Адным з іх быў вядомы спявак Ігар Карнялюк — вучыліся з ім прыкладна ў адзін час. Помню, што ўжо тады ён выступаў з канцэртамі ў брэсцкім будтрэсце № 8 і быў вельмі запа- трабаваным артыстам. Мяне ж пасля заканчэння вучылішча накіравалі па размеркаванні ў Чарнаўчыцы, дзе я пачаў выкладаць музыку ў школе і трапіў у ансамбль «Благавест», якраз ішло яго станаўленне. У пачатку 90-х гадоў мы былі ўжо добра вядомыя.

— Хто з сённяшніх удзельнікаў ансамбля пачынаў выступаць разам з вамі?

— Іх нямнога. За час існавання калектыву змянілася некалькі пакаленняў яго ўдзельнікаў. Старажылы, акрамя мяне, — Іван Стральчук і Станіслаў Касюк. Цяпер у калектыве восем чалавек. Кожны год на Каляды мы выступаем перад землякамі ў Чарнаўчыцкім Доме культуры са справаздачным канцэртам. Захавалі гэтую традыцыю і напачатку 2014 года. У рэпертуары ў асноўным беларускамоўныя песні.

— Знакаміты твор «Падымем чарку за Беларусь!» таксама прагучыць?

— А як жа! Без гэтай песні не абыходзіцца, бадай, ні адзін канцэрт. Яе простыя, усім зразумелыя словы, прыемная мелодыя адразу западаюць гледачам у душу. І не надакучваюць.

Аўтар — мясцовая дзяўчына Надзея Пучык. Дарэчы, мая былая вучаніца. Яна напісала тэкст, а я паклаў яго на музыку. Такая простая, душэўная песня, мабыць, і была патрэбна нашым людзям, якія ўмеюць працаваць і адпачываць таксама ўмеюць. Мяркую, што менавіта ў гэтым сакрэт яе папулярнасці. Надзея — вельмі таленавітая дзяўчына. Вучыцца ў Беларускім дзяржаўным інстытуце культуры. Яе імя яшчэ прагучыць на сцэне.

— Гастрольны графік у ансамбля «Благавест»  напружаны. А якія канцэрты запамінаюцца артыстам асабліва?

— Канечне, атмасферу святаў ураджаю, якія адбываюцца кожны год і ў якіх мы ахвотна ўдзельнічаем, не параўнаць ні з чым. Тут публіка вельмі ўдзячная і шчырая. Па маім перакананні, у нашай краіне склалася цудоўная традыцыя ўшаноўваць і ўслаўляць чалавека працы, і яе трэба працягваць.

Падабаецца выступаць на фестывалі «Чыстыя вытокі Буга» ў Львоўскай вобласці Украіны. Ведаюць нас у многіх гарадах і мястэчках Польшчы, Літвы, Францыі, ды і іншых краінах. Асабліва цёпла прымалі ў Парыжы. Тут любяць беларускія песні, беларускі фальклор, прычым моўнага бар’ера не існуе.

— Дзе вас можна будзе пабачыць ды пачуць у бліжэйшы час?

— Плануем выступленні ў Польшчы і Украіне. Будзем, вядома, ездзіць і па Брэсцкай вобласці, Беларусі. Творчых задумак шмат, хапіла б толькі часу на іх ажыццяўленне.

Аляксандр КУРЭЦ, «СГ»

Фота  з архіва ансамбля

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter