З лазні ў пячору. Саляную...

ПЕРШЫХ адпачываючых прыняў пасля рэ- канструкцыі рассветаўскі санаторый імя К. П. Арлоўскага, што ў Кіраўскім раёне. Маштабная рэканструкцыя ўстановы доўжылася тры гады. І нарэшце яе дзверы адчыніліся для наведвальнікаў. Мы таксама вырашылі завітаць у медустанову, каб паглядзець, як яна змянілася, і былі ўражаны з першых крокаў.

Санаторый у Кіраўскім раёне ў сённяшнім новым абліччы будзе ўкладаць свае інвестыцыі ў здароўе людзей.

ПЕРШЫХ адпачываючых прыняў пасля рэ- канструкцыі рассветаўскі санаторый імя К. П. Арлоўскага, што ў Кіраўскім раёне. Маштабная рэканструкцыя ўстановы доўжылася тры гады. І нарэшце яе дзверы адчыніліся для наведвальнікаў. Мы таксама вырашылі завітаць у медустанову, каб паглядзець, як яна змянілася, і былі ўражаны з першых крокаў.

СЁННЯ санаторый імя К. П. Арлоўскага дзякуючы намаганням будаўнікоў, персаналу (а калектыў установы быў захаваны, яго члены працавалі падчас рэканструкцыі ў якасці падсобных рабочых), прываблівае цудоўнымі ўмовамі пражывання, аздараўлення і адпачынку.

— За час рамонту мы цалкам рэканструявалі галоўны корпус, гразелячэбніцы і кацельні, — гаворыць дырэктар установы Наталля Шаплыка. — Абнавілі нумарны фонд — тут з’явіліся і нумары-люксы. Замянілі матэрыяльна-тэхнічную базу як медыцынскага абсталявання, так і тэхналагічнага. Адчынілі новыя кабінеты: сухія вуглякіслыя ванны, галатэрапіі — саляная пячора. Абнавілі абсталяванне водалячэбніцы, фізкабінета, лазні — тут з’явілася інфрачырвоная саўна. Перарабілі басейн, у якім зараз можна не толькі плаваць, але і прымаць водныя масажныя працэдуры.

Неабходна сказаць і аб «нябачнай» частцы работ: поўнасцю заменена цеплатраса, камунікацыі, пабудавана станцыя абезжалезьвання вады. У падвале ўстаноўлена ўнікальная сістэма цэнтральнага пыласосу: варта толькі санітаркам пры ўборцы памяшканняў падключыць шланг да разетак на паверхах, і сістэма запрацуе. Поўнасцю заменена абсталяванне харчблока, утульнай і прыгожай стала зала для прыёму ежы. Набыў шыкоўнае сучаснае аблічча і клуб, добраўпарадкаваны парк.

Профіль установы — прафілактыка і лячэнне захворванняў апорна-рухальнага апарата і страўнікава-кішэчнага тракта.

На рамонт было накіравана нямала сродкаў. Праўленне СВК «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага пайшло на такія крокі, маючы на ўвазе, што ўкладаемыя ў гэтую справу інвестыцыі — гэта інвестыцыі ў здароўе людзей. Улічвалі і тое, што даходы ад аказання санаторна-аздараўленчых паслуг — гэта дадатковыя сродкі ў грамадскую касу гаспадаркі і ўклад у выкананне раёнам прагнозу па аказанні платных паслуг насельніцтву.

У санаторыі ёсць дзве свідравіны мінеральнай вады — унікальнай, з выдатным лячэбным эфектам, аб чым маецца заключэнне спецыялістаў рэспубліканскага ўзроўню: адна свідравіна выкарыстоўваецца для мінеральных ваннаў, другая — «сілкуе» бювет, дзе адпачываючыя могуць набраць вады для сябе.

Пералічыць усё зробленае ў рассветаўскай здраўніцы складана: лепш, як гаворыцца, адзін раз убачыць. А зрабіць гэта можна, набыўшы пуцёўку ці курсоўку на амбулаторнае лячэнне: ільготным катэгорыям грамадзян прадастаўляюцца скідкі. Тым больш што водгукі аб здраўніцы цудоўныя. Муж і жонка з Любані, пенсіянерка з Барысава, работнік СЗАТ «Бабруйскі завод рапсавага алею» — ў адзін голас адзначылі, што ў санаторыі ёсць усё, каб належным чынам падлячыцца ды адпачыць.

Зараз санаторый разлічаны на 66 месцаў, плануецца давесці іх да 100 пасля рэканструкцыі старога корпуса, якую намечана правесці ў гэтым годзе. А яшчэ мяркуецца зрабіць побач конны манеж (падмурак для гэтых мэтаў закладзены). Коні ў сельгаскааператыве маюцца. Гэта, упэўнены, будзе таксама цікава і карысна для дзяцей і дарослых.

— Мы працуем на перспектыву, — гаворыць галоўны ўрач санаторыя Уладзімір Кавалеўскі. — Каб і праз месяц, два і больш наш пацыент адчуваў сябе ў добрым здароўі і  мог выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Дарэчы, ёсць сярод адпачываючых і работнікі СВК «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага. Яны лічаць, што рассветаўская здраўніца можа з годнасцю прымаць адпачываючых з розных куткоў нашай рэспублікі і з замежжа, і дастойна канкурыраваць з іншымі падобнымі ўстановамі. Праўленне гаспадаркі таксама далучыцца да рэканструкцыі.

 НЯДАЎНА на базе СВК «Рассвет» імя К. П. Арлоўскага прайшоў рэспубліканскі семінар-нарада, на якім разглядалі вынікі работы па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва краіны за 2010 год і мінулую пяцігодку ў цэлым, пастаўлены задачы на бягучы год. У семінары ўдзельнічалі прадстаўнікі Апарата Савета Міністраў, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Магілёўскага аблвыканкама, шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, начальнікі прадстаўніцтваў абласных упраўленняў Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, уласнікі і кіраўнікі санаторна-курортных арганізацый, аб’яднанняў, дэпутаты. Усе высокія госці былі таксама задаволены ўмовамі, якія тут створаны.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў семінара-нарады, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка адзначыў, што вызначаная тэма надзвычай актуальная для Магілёўшчыны. Яе санаторна-курортная база складалася гістарычна, не ўсім установам па розных прычынах удалося выжыць, адмоўны ўплыў аказалі і наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сёння запатрабаванасць у такім відзе паслуг высокая. Таму абласная ўлада падтрымлівае дзейнасць санаторна-курортных арганізацый, мэтанакіравана займаецца ўмацаваннем і ўдасканальваннем іх матэрыяльна-тэхнічнай базы.

У вобласці значная ўвага надаецца аздараўленню дзіцячага насельніцтва, асабліва хто пражывае ў зоне радыяцыйнага кантролю: у 2010 годзе 17 тысяч дзяцей Магілёўшчыны прайшлі санаторна-курортнае лячэнне, больш за 50 тысяч — у летніх аздараўленчых лагерах, што, безумоўна, дало свой эфект у плане ўмацавання здароўя і самаадчування дзяцей.

— Работа па забеспячэнні якасці санаторна-курортных паслуг будзе працягвацца і далей, — сказаў Валерый Малашка. — На IV Усебеларускім народным сходзе пастаўлена задача дабіцца таго, каб Беларусь у 2011—2015 гадах увайшла ў колькасць 50-ці краін з найвышэйшым індэксам чалавечага патэнцыялу. І ў першую чаргу складаемыя гэтага індэкса — паказчыкі здароўя і працягласці жыцця.

 ПРЫ падвядзенні вынікаў работы гэтай сферы ў цэлым па рэспубліцы адзначалася, што сярод станоўчых тэндэнцый — актыўнае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы санаторна-курортных арганізацый (на гэтыя мэты ў 2010 годзе было зрасходавана 130 млрд. рублёў). І як вынік, развіццё экспарту іх паслуг. Летась у санаторыях краіны адпачыла 174 тысячы жыхароў блізкага і далёкага замежжа. Павялічылася і колькасць адпачываючых з Беларусі: узрастаюць зарплаты, пенсіі, і людзі ахвотна ўкладаюць сродкі ў сваё аздараўленне. У летні час нават паўстае праблема недахопу месцаў у санаторыях. Вось і праводзіцца рэканструкцыя пэўных здраўніц з мэтай павелічэння ложка-месцаў.

Наталля ХАДАКОВА

НА ЗДЫМКАХ: за здароўем у водалячэбніцу;  камфорт  пачынаецца з фасаду.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter