З ласкай Божай, ці Правапіс вялікай і малой літар у рэлігійных і іншых найменнях.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Пісьмо адлюстроўвае быццё чалавека, з’яўляецца формай захавання ведаў пра рэчаіснасць. Тое, што адбываецца ў жыцці, абавязкова адаб’ецца на маўленні і пісьме. Дастаткова зірнуць на пісьмовы тэкст, каб пераканацца ў прыярытэтах таго ці іншага часу. Асаблівым выразнікам іх (прыярытэтаў) з’яўляецца вялікая літара. Яна вылучае слова з аднароднай сукупнасці, можа паказаць, як людзі ставяцца да тых ці іншых з’яў або каштоўнасцей. Яскравай ілюстрацыяй такога стаўлення можа служыць ужыванне вялікай і малой літар у рэлігійных найменнях.
У “Правілах” (1959) не гаварылася пра напісанне слоў, звязаных з рэлігіяй. Словы Бог, Божы і інш. было прынята пісаць з малой літары. “Атэістычная” рыса правапісу адцяняла вартасці тагачаснага грамадства, у якім адвяргаўся тэізм (вера ў Бога). Аднак колькі б у ХХ ст. ні прыкладалася намаганняў, каб знішчыць цэрквы, веру, рэлігійную свядомасць, ваяўнічы атэізм на зломе стагоддзяў адступіў.
Парадаксальна гучыць, але заўзятыя атэісты і ў савецкі час амаль кожны дзень звярталіся да Бога. І няўцям было, што, дзякуючы, жадалі выратавання Божага. Рускае слова спасибо ўтварылася ад словазлучэння “спаси Бог” і стала часціцай, якая выражае ўдзячнасць. Сёння назіраем вяртанне да хрысціянскіх каштоўнасцей, да Бога. Аднаўляюцца і будуюцца новыя храмы, людзі вяртаюцца да каранёў. Змены ў жыцці не маглі не адбіцца на правапісе.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” з’явіўся § 26 “Вялікая і малая літары ў найменнях асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў”, у якім рэгламентуецца правапіс рэлігійных найменняў, а таксама ўтвораных ад іх прыметнікаў.
Паводле “Правіл” (2008) з вялікай літары пішуцца:

  • найменні найвышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Саваоф, Алах, Яхве, Шыва, Вішну; Госпад (Гасподзь), Усявышні, Уладыка Нябесны, Усемагутны Бог, Святая Тройца, Бог Айцец, Бог Сын, Божы (Боскі) Сын, Бог Дух Святы, Святы Дух, Прасвятая Тройца, Божая (Боская) Маці, Прачыстая Уладычыца Нябесная, Прасвятая Дзева Марыя, Царыца Нябесная, Месія;
  • прыметнікі, утвораныя ад слова Бог: Божы (Боскі) суд, Божы (Боскі) храм, Божая (Боская) міласць, Божая (Боская) ласка. Сюды ж адносім: Гасподняя воля, на ўсё воля Божая (Боская), храм Божы (Боскі), Божая (Боская) літургія, але ў пераносным значэнні: божая кароўка.

У царкоўна-рэлігійных тэкстах (малітвах, пропаведзях і да т. п.) з вялікай літары пішуцца займеннікі, што замяняюць словы Бог, Божы: І закончыў Бог да сёмага дня ўсе дзеі Свае, якія Ён учыняў.
У некаторых выпадках выбар напісання залежыць ад кантэксту: калі, напрыклад, вымаўляючы “Слава Богу!”, мы дзячым Госпаду Богу. Іншым разам выкарыстоўваем мадальную канструкцыю: На гэты раз, слава богу, усё абышлося! Пры наяўнасці адмоўнай часціцы не вялікая літара немагчыма: У яго ўсё не слава богу!
З вялікай літары пішуцца асабовыя імёны (і ўсе словы ў састаўных асабовых назвах, акрамя агульных назваў) заснавальнікаў рэлігійных вучэнняў, а таксама біблейскіх асоб (апосталаў, прарокаў, святых і інш.): Ісус Хрыстос, Буда, Брахма; Іаан Хрысціцель, Святы Павел, Сава Асвяшчэнны.
Асаблівай увагі патрабуюць назвы культавых кніг, пра што ў новай рэдакцыі гаворыцца ў § 31 “Вялікая і малая літары ў назвах дакументаў, іх зводаў, унікальных прадметаў, твораў”. Заўважым толькі: пішуцца з вялікай літары словы Біблія, Свяшчэннае Пісанне, Евангелле, Стары Запавет, Новы Запавет, Псалтыр, Каран, Тора (Кнігі Маісеевы), Талмуд, Веды, Самхіты, Брахманы, Араньякі, Упанішады і інш.; назвы абразоў, калі слова абраз не з’яўляецца родавым паняццем і ўваходзіць у саму назву. Напрыклад, Улахернскі абраз, Уладзімірскі абраз, але: абраз Божай Маці.
З вялікай літары таксама пішуцца:

  • імёны легендарных і міфічных асоб, язычніцкіх багоў: Антэй, Зеўс, Тытан, Венера, Фурыя, Дажбог, Жыжаль, Пярун, Цмок, але як агульныя назвы: пярун — удар грому, іуда (юда) — здраднік, цмок — змей, тытан — волат, фурыя — злосная істота;
  • уласныя назвы ўяўных і казачных істот, герояў літаратурных твораў: Папялушка, Чырвоная Шапачка, Калабок, Снягурка, Дзед Мароз, Баба Яга, Пегас, Буцэфал, Атлант, але як агульныя назвы: дзед-мароз — ёлачнае ўпрыгожанне, баба-яга — агідная старая, буцэфал — стары конь, атлант — у архітэктуры;
  • агульныя назвы істот, а таксама з’яў і прадметаў, калі яны персаніфікуюцца, выступаюць у ролі імёнаў герояў літаратурных твораў (у казках, байках і інш.): Мядзведзь, Воўк, Ліса (Ліска), Заяц (Зайка), Асёл, Каза-дзераза, Коцік-варкоцік, Варона, Сарока-белабока, Воран, Певень, Бусел-клекатун, Карась-лежабок, Сонца, Праўда, Крыўда і інш.

Пераход імёнаў уласных у агульныя суправаджаецца напісаннем іх з малой літары. Гэта датычыць і слова Бог, калі ў складзе фразеалагізмаў, выклічнікаў яно набывае мадальнае значэнне. Такім чынам, з малой літары пішуцца:

  • слова бог (гасподзь) ва ўстойлівых выразах, звязаных з выказваннем розных пачуццяў у прастамоўі, а не са зваротам да Бога паводле рэлігійнай абраднасці і ўяўленняў: бог яго ведае, божа (божачка) ты мой, божа збаў, дай божа, крый бог (божа), не давядзі бог (божа, госпадзі), ратуй божа, дзякаваць (дзякуй) богу (табе, госпадзі), бог з табой (з ім, з вамі), алах з ім;
  • слова бог з агульным значэннем боства ў спалучэнні з асабовай назвай або з назоўнікам з агульным значэннем у родным склоне: старажытны славянскі бог Пярун, бог сонца Дажбог, Сварог — бог неба, бог Апалон, богі вайны, богі Алімпа;
  • назвы царкоўных службаў і іх частак: вячэрня, ютрань, літургія, хрэсны ход, усяночная, імша;
  • агульныя назвы ўяўных істот: архангел, анёл, херувім, фея, муза, дамавік, лясун, русалка, гном, троль, здань, хохлік і інш.: архангел Гаўрыіл. З малой літары пішуцца словы апостал, прарок, святы, вялебны, пакутнік: вялебны (прападобны) Неафіт Пустэльнік.

Зваротная сувязь

Добры дзень! Падкажыце, калі ласка, як перакласці на беларускую мову слова святки? Дзякуй. Таццяна Мікалаеўна, пастаянная чытачка рубрыкі.
— Рускаму святки ў роднай мове адпавядае: каляды, калядныя святы (вечары).

Віктар Іванавіч! Як правільна па-беларуску: загадчык кафедрай ці загадчык кафедры? Ці трэба мяняць словы загадчык і заведующий на загадчыца і заведующая, калі пасаду займае жанчына? Дзякуй. Ала Валянцінаўна Ермаловіч, МГЭІ.
— У беларускай мове кіраванне як від падпарадкавальнай сувязі мае свае асаблівасці. Адной з іх і з’яўляецца спалучэнне слова загадчык з назоўнікамі, якія павінны ўжывацца ў форме роднага склону: загадчык (чаго?) кафедры, аддзела, дзіцячага дома, сектара, канцылярыі, навуковай часткі, фермы, склада, гаспадаркі (у руск. мове: заведующий (чем?) кафедрой, отделом, детским домом, сектором, канцелярией, научной частью, складом, хозяйством).
Што датычыцца другога пытання, то адзначу наступнае. Форма мужчынскага роду пераважае толькі ў афіцыйна-справавым стылі, у тых выпадках, калі на першае месца вылучаецца паведамленне пра пасаду безадносна да полу асобы. Напрыклад, у рашэнні вучонага савета ВНУ чытаем: рэкамендаваць Ермаловіч Алу Валянцінаўну да абрання на пасаду загадчыка кафедры беларускай мовы. У іншых выпадках перавагу варта аддаць форме жаночага роду: Ала Валянцінаўна — загадчыца кафедры.

Дзень добры! Як правільна перакласці на беларускую мову: заключительного этапа олимпиады по иностранным языкам? З удзячнасцю Аляксандр Іванавіч, г.Мінск.
— Правільна: заключнага этапа алімпіяды па замежных мовах.

Вітаю вас! На заўвагу пра тое, што па-беларуску правільна перакладаць рускія словазлучэнні управляющий делами і управление делами як кіраўнік спраў і кіраўніцтва спраў, дырэктар выдавецтва адрэагаваў бурна: маўляў, калі працаваў у “Настаўніцкай газеце”, то перакладалі ўпраўленне справамі... Як жа правільна? Калега Мікалая Аляксандравіча, г.Мінск.
— Вы маеце рацыю. Прапанаваны варыянт — звычайны русізм. Правільна: кіраўнік спраў і кіраўніцтва спраў. На гэта ўказвае і “Русско-белорусский словарь” (Мн.: БелЭн, 1998). На стар. 620 чытаем: 2. (учреждение) упраўл?енне, -ння ср, кіраўн?іцтва, -ва ср; 2. сущ. кіраўн?ік, -к?а м (каго—чаго?); ~?яющий делами кіраўнік спраў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter