В День архивиста Анна Запартыко - о всех ступенях своей профессии

З крыніцы наталіцца

Сёння адзначаецца Дзень архівіста. Звычайна гэта сціплыя і нешматслоўныя людзі. Але робяць яны вельмі значную справу. Сабраць і захаваць паперы, якія камусьці часам здаюцца бессэнсоўнымі, а праз гады становяцца сапраўднай гістарычнай каштоўнасцю — гэта варта ўдзячнасці. У гасцях у «Р» чалавек, які адшукаў і старанна сабраў не адзін асабісты фонд нашых славутых культурных дзеячаў, аддаў гэтай справе сорак гадоў — дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка.

Ганна Запартыка: «Наогул, раім глядзець дакумент шмат разоў, перачытваць. Толькі так можна да канца раскрыць усе яго таямніцы».

Усе ступенi прафесii

— Ганна Вячаславаўна, архіў сёння і сорак гадоў таму — гэта вялікая розніца?

— Вядома. Калі я прыйшла працаваць, у нашым архіве было ўсяго каля 200 фондаў, а сёння іх ужо звыш 500. Гэта зборы матэрыялаў нашых выдатных класікаў і гісторыкаў літаратуры, мастакоў, кампазітараў, іншых вучоных самых розных гуманітарных галін. Архіў вырас не толькі колькасна, але і якасна. Калектыў стаў большым: быў, здаецца, 21 супрацоўнік, а цяпер на 10 больш. І гэтага далёка не дастаткова, бо дакументаў да нас паступае вельмі шмат. Нават ужо ўтварылася чарга з іх.

За сорак гадоў мною ўласна сюды шмат прынесена, апрацавана, упарадкавана. Спачатку працавала на навукова-тэхнічнай апрацоўцы дакументаў. Гэта калі паступаюць дакументы ў неўпарадкаваным выглядзе, трэба сабраць усё разам, прыдумаць загалоўкі, зразумелыя для кожнага даследчыка, словам, вынайсці нейкую сістэму арганізацыі гэтых адзінак захоўвання ў межах аднаго фонду. І тэхнічная апрацоўка. Цяпер у нас ёсць спецыяльныя праграмы, якія друкуюць вокладкі, а калісьці мы ўсё гэта пісалі ад рукі. Зараз, бывае, закажаш якую справу са сховішча, глядзіш, а там усё зроблена табой, старанна выведзены літары і лічбы.

Пасля курыравала творчыя арганізацыі, рэдакцыі газет і часо-пісаў і г.д. Дапамагала весці справаводства ў гэтых установах. Дарэчы, у канцы гэтага года ў мяне яшчэ адзін юбілей — 25 гадоў на пасадзе дырэктара. За чвэрць стагоддзя многае зроблена. Па сутнасці, гэта новая эпоха, у якой новыя героі. 

— Цікава, а калектыў сур’ёзна абнавіўся?

— Так. Але для мяне вельмі радасна, што трэць калег, з якімі я прыйшла сюды, працуюць да гэтай пары. Гэта вопытныя людзі, якія разумеюць мяне і я іх разумею. Яны надзейныя ў сваёй практыцы, з імі можна спрачацца, часам нават на павышаных тонах, і гэта не будзе ў крыўду, таму што ў перспектыве нараджаецца пэўны вынік. Я ніколі не была чыстым адмiнiстратарам, я практык, дапамагаю працаваць і ў арганізацыі камплектавання, і ў навуковым апісанні. Сама часам раблю экспертызу вялікіх фондаў, рыхтую іх да навукова-тэхнічнай апрацоўкі. За апошнія гады гэта былі архівы, у якіх сем-восем тысяч дакументаў. 

Рамантыка i руцiна

— Вы ж яшчэ і выкладаеце ва ўніверсітэце. Раскажыце, моладзі цікавая гэтая прафесія?

— Так, з 1996 года я выкладчык кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ. Ведаеце, прыходжу да студэнтаў на трэці курс, а ў іх ужо агеньчыкі ў вачах не блішчаць. Да гэтага часу яны пабывалі на практыцы, пазнаёміліся з архівістамі. Прычыны можа быць дзве. Першая — заробак. Спадзявацца на вялікія грошы ў нас не даводзіцца... Другая — напачатку маладыя людзі прафесію архівіста ўяўляюць больш рамантычнай. Ім бачыцца праца над рукапісамі, праца ў чытальнай зале, вышук пэўных сенсацый ці хаця б нейкіх невядомых дэталей і г.д. А тут прыходзіцца насіць цяжкія дакументы…

— І пылам дыхаць…

Будынак, дзе месціцца БДМАЛМ, мае багатую і цікавую гісторыю, але даўно стаў цесным для архівістаў.
— Пыл і архіў — дзве несумяшчальныя рэчы. Хто калі пусціў такі штамп? Самае чыстае месца — архіўнае сховішча. Там усё дакладна выконваецца: тэмпературны і вільготны рэжым, абяспыльванне — гэта наш штодзённы клопат.
— І як у выніку заманіць моладзь у гэтую справу?

— Прыходжу ў аўдыторыю і расказваю аб прафесійных задачах, той практыцы, якая чакае маладых людей. А паколькі я больш звязана з фондамі асабістага паходжання, спадзяюся, гэтыя лекцыі карысныя тым, што свае веды студэнты змогуць прымяніць, нават не працуючы ў архіве. Кажу, што ў кожнага з нас ёсць свой архіў і з гэтага моманту вы будзеце ўсвядомлена ставіцца да ўласных дакуметаў, таго, што засталося ад бацькоў, бабулі з дзядулем і г.д. З гэтага пачынаецца задакументаваны радавод, а не расказаныя продкамі сямейныя легенды. Трэба захоўваць перапіску, фотаздымкі і г.д. Ну і другое: у нас зараз вялікая цікавасць да радаводаў. Людзі з грашыма могуць дазволіць сабе прафесійнага архівіста, які правядзе пошук патрэбных дакуметаў. Таму, калі ласка! 

— У вас ёсць асабісты архіў?

— Усе паліцы запоўнены папкамі. Там у асноўным рукапісы маіх публікацый. Ці вось ляжыць на стале будучы зборнік па Забэйдзе-Суміцкаму. У вольны ад асноўных абавязкаў час займаюся сваёй творчасцю. Я не магу сесці і за месяц зрабіць зборнік, бо ў мяне шмат іншых спраў. Павольна займаюся, пры гэтым размаўляю з выдаўцамі і калі на сто працэнтаў разумею, што праца будзе выдадзена, выцягваю сваю папку. Часам увесь адпачынак сыходзіць на тое, каб канчаткова апрацаваць матэрыялы. Так ствараліся зборнікі Зоські Верас, Паўлюка Труса. Так зусім нядаўна ў апошні адпачынак дапрацоўвала збор нецэнзураваных успамінаў Паўліны Мядзёлкі «Сцежкамі жыцця». 

Толькi жывы дакумент

— Ці ёсць сёння наогул цікавасць да архіваў? Ёсць жа інтэрнэт, які яшчэ называюць сусветнай сметніцай, дзе можна знайсці ўсё, што заўгодна.

— Там сапраўды шмат інфармацыі з архіваў. Але цікавасць да сапраўдных дакументаў яшчэ доўга не знікне, бо першакрыніца кожным даследчыкам, пятым ці дзясятым, прачытваецца па-свойму. Вось вам нядаўні прыклад з фондам мовазнаўцы Івана Грыгаровіча. Любому жадаючаму мы прадстаўляем лічбавую копію, але да нас прыйшла даследчыца яго творчасці і папрасіла, каб ёй паказалі ары-гінал. Разумееце, любая копія сцірае асаблівасці сапраўднага дакумента, страчвае дух часу, калі ён быў створаны. Таму тут можа ўзнікнуць шмат розных нюансаў. І мы пайшлі насустрач даследчыцы. Наогул, раім глядзець дакумент шмат разоў, перачытваць. Толькі так можна да канца раскрыць усе яго таямніцы. Да таго ж розныя людзі ў адным і тым жа дакуменце шукаюць рознае. Гісторыку трэба адно, мовазнаўцу — другое, архівісту — трэцяе, мастацтвазнаўцу — чацвёртае і г.д.

— Якім вам бачыцца архіў будучыні?

— Магу толькі з трывогай уяўляць, што гэта будуць нейкія электронныя ці яшчэ якія носьбіты. Але паўтаруся: жывы дакумент не заменіш ніякай копіяй! Вось у мяне на стале выпадкова апынуўся малітоўнічак XVIII стагоддзя, і я разгадваю яго таямніцу. І такіх дакументаў у нас шмат — гэта наша памяць, рэліквія, якая не павінна знікнуць. Нам трэба захаваць аўтографы Купалы, Коласа, Багдановіча, Танка, Куляшова, Быкава, Барадуліна і многіх іншых, хто сёння тут мае свае фонды. 

Так, сёння пісьменнікі пішуць свае творы не на паперы, і іх перапіска будзе захоўвацца недзе ў «хмарцы». Але і добра: можна будзе ўзяць і скарыстаць. Гэта геніяльнае вынаходніцтва чалавецтва. Але. Вы не без падстаў назвалі інтэрнэт сметніцай. Туды маюць доступ усе без выключэння: людзі рознай адукацыі, розных эмоцый, у тым ліку непазітыўных, розных намераў, у тым ліку нядобрых. Таму тут ёсць пытанні. 

Архіў — гэта найперш дакладнасць. Таму чалавек, які ім карыстаецца, можа быць упэўнены ў праўдзівасці. А што інтэрнэт? У нашага архіва таксама быў сайт, але нейкія нядобрыя людзі знішчылі, і мы цяпер працуем над яго рэканструкцыяй, новым фарматам.

— Не магу не спытацца пра будынак на вуліцы Кірыла і Мяфодзія, дзе месціцца ваш архіў. У яго доўгая гісторыя і няпросты лёс. Некалькі гадоў таму ішла размова пра ваша высяленне. А што зараз?

— Пакуль мы не з’язджаем, але і не спадзяёмся тут назаўсёды заставацца. Гэта наканаванне знаходзіцца у культавым будынку нас праследуе ў пэўным сэнсе, не дае магчымасці рабіць рэканструкцыю ўнутры. Таму на самым высокім узроўні павінны думаць пра новы будынак для архіва. Ён павінен быць сучасны. Згодна назве архіў-музей. Музей не ў традыцыйным разуменні. Але з адпаведнымі заламі, магчыма, лабараторыяй. Архіў яшчэ камплектуецца і будзе доўга камплектавацца. Канечне, гэта не пойдзе так інтэнсіўна, як зусім нядаўна. Але ўсё гэта трэба мець на ўвазе. А што датычыцца будынка, дзе мы знаходзімся, дай бог, каб канфесія здолела тут асталявацца і вярнуць былую славу касцёлу.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter