З крыніц жыватворных

У Магілёве абмеркавалі ўплыў культуры на развіццё грамадства

У Магілёве ўдзельнікі II Міжнароднага форуму абмеркавалі каштоўнасць традыцыйнай культуры і яе ўплыў на развіццё грамадства

Чаму можна павучыцца ў нашых продкаў? Як захаваць народную спадчыну? Што ёсць агульнага ў культуры розных краін? Адказы на гэтыя і другія пытанні вучоныя і практыкі шукалі на працягу чатырох дзён.

— Гэта тэма сёння цікавіць і хвалюе многіх, што пацвярджае факт значнага пашырэння геаграфіі форуму. Калі ў мінулым годзе ў ім прымалі ўдзел прадстаўнікі пяці дзяржаў, то ў гэтым — трынаццаці, — падкрэсліў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

Вучоныя і спецыялісты Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Азербайджана, Арменіі, Малдовы, Славакіі, Галандыі, Эстоніі, Турцыі і Балгарыі ў час тэарэтычнай часткі форуму «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства» закранулі шэраг пытанняў і праблем, якія датычацца міжнароднага вопыту трансляцыі спадчыны. Пабывалі на выставе беларускіх народных промыслаў і рамёстваў, пазнаёміліся з калекцыяй касцюмаў навукова-вытворчага рэспубліканскага прадпрыемства «Скарбніца». Зацікавіла гасцей і калекцыя ручнікоў Прыдняпроўскага краю.

— Што такое культурная спадчына? Гэта наша генетычная памяць! — адзначыла супрацоўнік Інстытута археалогіі і этнаграфіі НАН Арменіі, кандыдат філалагічных навук Арусяк Саакян. — І ў Беларусі шмат робіцца для яе захавання. Я 50 гадоў займаюся тым, што збіраю фальклор і этнас. Гэта — невычэрпная крыніца. Армяне, як і беларусы, вельмі шануюць сваю гісторыю, сваю культуру. Калі памятаеш аб вытоках, тады можна спадзявацца і на лепшую будучыню.

Даследчыкам народных традыцый пашчаслівілася прыняць непасрэдны ўдзел у сямейным абрадзе «Мікольская свечка» вёскі Чарапы Шклоўскага раёна. Колькі стагоддзяў тут шануюць, захоўваюць ікону Святога Мікалая, а перадача рэліквіі з адной хаты ў другую становіцца сапраўдным святам для веруючых. Яны нясуць падарункі «свайму» святому — хлеб, грошы. І кожная гаспадыня з нецярпеннем чакае, калі святыня зноў вернецца да яе, бо гэта гарантуе здароўе і ўдачу ва ўсіх справах мінімум на год.

«Зялёныя святкі» на Лысай гары ля Дняпра таксама сталі момантам яднання ўдзельнікаў форуму. Дарослыя людзі з ахвотай вадзілі карагоды, спявалі разам з фальклорнымі калектывамі Шклоўшчыны і прымяралі вянкі з вясенніх кветак. На дрыбінскай зямлі яны пазнаёміліся з творчасцю майстроў, якія плятуць лапці. А яшчэ — з унікальнай тэхналогіяй мясцовых шапавалаў.

— У нас захаваліся не толькі традыцыі валення валёнак, але і катрушніцкі лемезень — мова, на якой размаўлялі шапавалы, — падкрэсліў намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка. — Жыццё паказала, што рамёствы нашых дзядоў і прадзедаў актуальны і сёння. Дрыбінскія валёнкі ахвотна купляюць як беларусы, так і замежныя госці. Канцэрн «Белнафтахім» закупіў для сваіх працаўнікоў адразу сто пар такога абутку!

Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец зазначыў, што любоў і павагу да народных традыцый трэба прывіваць з маленства. І пры гэтым выкарыстоўваць метады, якія могуць зацікавіць па-сапраўднаму.

— Зараз на Магілёўшчыне адраджаюцца старадаўнія промыслы. На жаль, некаторыя тэхнікі, якімі дасканала валодалі нашы продкі, страчваюцца, таму вельмі важна перадаць такія веды моладзі, — падкрэсліў Анатоль Сінкавец. — Калі мы будзем захоўваць і прымнажаць нашы традыцыі, тады культура бу-дзе не толькі здабыткам дзяржавы, але і атрымае сусветную вядомасць.

На здымку: на Шклоўшчыне народным традыцыям вучацца з маленства.

Фота: Святлана МАРКАВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter