З кожнай роляй гатовы вучыцца нанова

Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук адзначае сёння  80-годдзе. Адзін з самых знакамітых акцёраў, патрыярх Купалаўскага тэатра, лаўрэат дзяржаўных прэмій і прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», уладальнік медаля Францыска Скарыны і прыза «Хрустальная Паўлінка»...
Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук адзначае сёння  80-годдзе. Адзін з самых знакамітых акцёраў, патрыярх Купалаўскага тэатра, лаўрэат дзяржаўных прэмій і прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», уладальнік медаля Францыска Скарыны і прыза «Хрустальная Паўлінка»... Зрэшты, ці варта пера-лічваць. Генадзь Гарбук даўно і добра вядомы гледачам па дзясятках роляў, сыграных ім на сцэне і на экране. З юбілеем артыста павіншаваў Прэзідэнт.

...У тэатральны інстытут вясковы хлопец з Ушаччыны, завадатар мясцовай самадзейнасці паступіў адразу пасля заканчэння школы. Прычым на курс самога Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова — акцёра тэатра і кіно, народнага артыста БССР, таленавітага, дасведчанага і мудрага педагога, чыю навуку Генадзь Гарбук запомніў на ўсё жыццё: «Дзетачкі, чым горш будуць умовы, тым больш сабрана і добра трэба іграць, хоць два чалавекі ў зале. Для іх, як для дзвюх тысяч, іграць павінны».

І ён іграе. Для яго гэты наказ святы. А ў жыцці і творчасці кiруецца бiблейскiм запаветам: «Чалавеку ўласціва імкненне да святла, дабра і прыгажосці». Тлумачыць: калі гэта ёсць у ролi прапанаванага сцэнарыя цi п’есы, адразу адчувае — яго і з задавальненнем бярэцца за працу, робячы ўсё магчымае, каб атрымалася лепш. Калі ж няма — адмаўляецца. Лічыць, што кiравацца гэтым прынцыпам варта ў любым мастацтве. Толькі тады твор будзе патрэбны людзям.

Пачынаў акцёр у Віцебску, у Коласаўскім тэатры, куды трапіў па размеркаванні. Але роднай для яго стала сцэна Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы. На гэтыя славутыя падмосткі Генадзь Гарбук выходзіць ужо больш за паўстагоддзя. Тут нарадзіліся яго лепшыя ролі, сярод якіх тыя, якія асабліва яму ўдаюцца, — вобразы людзей з народу, простых беларусаў.

Генадзю Гарбуку часта задаюць пытанне: як атрымліваецца ўвасабляць нацыянальны характар? І ён кожны раз прызнаецца, што не ведае. А аднойчы ў адказ распавёў, як яшчэ ў час вучобы ў інстытуце іграў у спектаклі «Дама з камеліямі» ролю Армана Дзюваля. Прычым на французскай мове і нават з парыжскім вымаўленнем — яго дамаглася-такі ад студэнтаў выкладчыца. За гэты спектакль ён атрымаў тады пяцёрку з некалькімі плюсамі. «Але, калі шчыра, які з мяне мог быць французскі арыстакрат. Кроў жа не зменіш», — разважаў артыст.

За сваё доўгае тэатральнае жыццё Генадзь Міхайлавіч перайграў шмат роляў, але любімай да гэтага часу называе ролю Васіля Дзятліка ў спектаклі «Людзі на балоце» паводле рамана Івана Мележа. Яе ён іграў і ў віцебскім тэатры, і ў аднайменным тэлеспектаклі. За яе ў 1966-м быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР. І на працягу амаль 20 гадоў у вобразе Васіля Дзятліка выходзіў на сцэну Купалаўскага. Дарэчы, пазней у фільме Віктара Турава «Людзі на балоце» Генадзь Гарбук сыграў ролю Чарнушкі – бацькі Ганны і за гэтую працу ў 1984-м стаў лаўрэатам Дзяржпрэміі СССР.

Усесаюзную вядомасць прынесла акцёру роля Андрэя, старэйшага сына Фядоса Ходаса, у легендарнай камедыі «Белыя Росы». А хто не памятае яго глуханямога Лапатуху ў «Чорным замку Альшанскім»! Асобная старонка ў творчай біяграфіі акцёра — вобраз Петрака ў фільме Міхаіла Пташука «Знак бяды» паводле аповесці Васіля Быкава. У 1986-м на Міжнародным кінафестывалі ў Югаславіі гэты фільм атрымаў Гран-пры і абышоў амерыканскі баявік «Узвод» з яго «оскарамі». А Генадзь Гарбук быў названы лепшым выканаўцам мужчынскай ролі.

Ён і сёння запатрабаваны ў кіно, з нязменным поспехам іграе на сцэне. А перад тым як узяцца за новую працу, абавязкова нагадвае сабе даўным-даўно самім жа створаны рэцэпт добрай ігры: нічога не ведаю, нічога не ўмею і гатовы з кожнай роляй вучыцца нанова.

Дарэчы

Генадзь Гарбук добра спявае i марыў калісьці стаць эстрадным спеваком. Спяваць любіць да гэтага часу. Асабліва рускія рамансы. Вядома, што акцёр — вялікі прыхільнік ёгі. Захапіўся ёю больш за 30 гадоў таму дзякуючы брашуры, якая выпадкова трапілася на вочы. Генадзь Міхайлавіч — вялікі знаўца і аматар бульбы. Кажуць, на дачы вырошчвае яе па нейкай асаблівай тэхналогіі, і вельмі паспяхова.

Вось як бывае

Генадзь Гарбук — адзін з нямногіх беларускіх акцёраў, якія здымаліся ў Парыжы. У сярэдзіне 1980-х расійскі рэжысёр Тамара Лісіцыян запрасіла яго ў фільм «Загадкавы спадчыннік» аб рускай эміграцыі. Кажуць, яе ўразілі вочы Гарбука ў карціне «Чорны замак Альшанскі». Дарэчы, у «Загадкавым спадчынніку» былі занятыя вельмі вядомыя акцёры, у тым ліку Інакенцій Смактуноўскі, Юрый Саломін,  Леанід Бранявой.

Аднойчы адбыўся пацешны выпадак. Герой Генадзя Гарбука — эмігрант, які працуе вартаўніком на парыжскіх могілках. Здымалі эпізод каля базілікі Сакрэ-Кёр. Акцёр у адпаведным выглядзе сеў на прыступкі лесвіцы каля храма. Раптам нейкая дама паклала яму ў руку металічны франк. Акцёр праз перакладчыка папрасіў растлумачыць ёй, што ён не жабрак, а артыст. Але яму адказалі: «Мадам вам за працу заплаціла: яна вас сфатаграфавала». Той франк акцёр доўга бярог...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter