«З кожнай новай узнагародай адказнасць перад гледачамi толькi павялiчваецца»

Генадзь Гарбук упэўнены: акцёра правалы вучаць больш, чым поспех

Генадзь Гарбук абсалютна дакладна ўпэўнены: акцёра правалы вучаць больш, чым поспех

Iмя Генадзя Гарбука (на здымку) добра вядома гледачам. Больш за 50 гадоў знакамiты акцёр на тэатральнай сцэне. Некалькi дзесяткаў роляў створаны iм на экране. Сярод фiльмаў, дзе здымаўся Генадзь Гарбук, карцiны, якiя сталi класiкай айчыннага кiно: «Воўчая зграя», «Знак бяды», «Белыя Росы», «Чорны замак Альшанскi»... Адной з галоўных падзей 16-га Мiнскага Мiжнароднага кiнафестывалю «Лiстапад-2009»стала прысуджэнне народнаму артысту Беларусi Генадзю Гарбуку спецыяльнанга прыза «За развiццё традыцый духоўнасцi ў кiнамастацтве», заснаванага Прэзiдэнтам нашай краiны Аляксандрам Лукашэнкам.

— Генадзь Мiхайлавiч, дазвольце павiншаваць вас з уручэннем пачэснай узнагароды i пацiкавiцца, як вы наогул ставiцеся да прызоў?

— Па-першае, адзначу, што прыз цудоўны. У пэўным сэнсе я зямляк Еўфрасiннi Полацкай, чыя скульптурка ў гэтым прызе ўвасоблена, нарадзiўся ў 40 кiламетрах ад Полацка, на Ушаччыне, там i школу скончыў. А што да ўзнагарод, я нiколi за iмi не гнаўся, не думаў пра гэта. Разумею, что цяперашняя пачэсная адзнака толькi часткова — за мiнулае, а больш — за будучае. Праўда, наш акцёрскi лёс – пракляты, залежны вельмi. Ад цябе самога не шмат залежыць. Больш — ад таго, як убачаць цябе рэжысёры, цi давераць табе якiя ролi. Iншая справа, як ты iх робiш. Памятаеце, у Станiслаўскага: «Не бывае маленькiх роляў, ёсць маленькiя артысты».

У дачыненнi да размовы пра адзнакi i ўзнагароды, я ўспамiнаю, як дзесцi ў класе трэцiм цi чацвёртым (а ў школу я пайшоў толькi ў 1944 годзе) да нас прыехаў Даўгаўпiлскi ваенны тэатр са спектаклем «Каварства i любоў». На ўсё жыццё з яго запомнiлася: прыгожы, але ж надта шапялявы акцёр, якi iграў Фердынанда, i адзiн сярод усiх пажылы чалавек, побач з чыiм прозвiшчам у афiшы было пазначана: заслужаны артыст Расii. Тады мне гэта запала: усе проста артысты, а ён – заслужаны, цiкава, як жа, у адрозненнi ад астатнiх, ён будзе iграць? Гэта засталося ў памяцi.

Пра тое ўспамiнаў i тады, калi атрымаў першую ў сваiм жыццi ўзнагароду – Дзяржаўную прэмiю Беларусi за ролю Васiля Дзятлiка ў тэлеспектаклi «Людзi на балоце». Узгадваў гэтага артыста i думаў: цяпер i каля прозвiшча Гарбук будзе пазначана: лаўрэат Дзяржпрэмii, i хтосьцi ж таксама зверне ўвагу, чым жа адметны гэты адзначаны лаўрэатскiм званнем артыст сярод iншых.

Так што для мяне з кожнай новай узнагародай толькi павялiчваецца адказнасць перад гледачамi. Заўсёды толькi адказнасць усё больш, i больш павiсала на плячах. Такiя вось мае адносiны да ўзнагарод.

— Пра што, на вашу думку, трэба сёння гаварыць з гледачом?

— Не так проста адказаць. Усё сваё жыццё я кiруюся адным бiблейскiм запаветам: «Человеку свойственно стремление к свету, добру и красоте». Калi гэта ёсць у ролi прапанаванага мне сцэнарыя цi п’есы, адразу адчуваю: маё, з задавальненнем бяруся за працу i раблю ўсё магчымае, наколькi Бог даў таленту, каб атрымалася лепш. Калi ж гэтага няма, адмаўляюся. Думаю, кiравацца гэтым бiблейскiм прынцыпам варта ў любым мастацтве. Тады мастацкi твор будзе патрэбны людзям. А iнакш ён ператвараецца ў «развлекаловку», якая большай часткай бывае бессэнсоўная.

— Цi ёсць у вас любiмыя ролi ў тэатры, у кiно?

— Не магу нешта адно вызначыць. Любiмыя тыя, i ролi, i спектаклi, якiя атрымалiся, якiя было радасна iграць, якiя добра прымае глядач. Як можна вызначыць, што лепш, памiж «Знакам бяды» i «Людзьмi на балоце»? I там i там былi як пакутлiвыя, так i радасныя моманты ў працэсе працы.

Разам з тым я нiколi не паверу, што бывае, каб усе ролi ў акцёра цудоўна атрымлiвалiся. Дарэчы, яшчэ калi вучыўся ў тэатральным iнстытуце, мой педагог Дзмiтрый Аляксеевiч Арлоў, а пасля i колiшнi рэжысёр Купалаўскага Барыс Эрын вучылi: да сваiх правалаў трэба ставiцца вельмi беражлiва, бо правалены спектакль вучыць у тысячу раз больш, чым удалы. Поспех, банкет, добрыя словы вiншаванняў – гэта добра, але гэта супакойвае. А калi правал – гэта бяссонная ноч i пакутлiвыя згрызоты самога сябе: чаму ж, з-за чаго не атрымалася?.. У гэтых разважаннях i адбываецца рост акцёра — душэўны, духоўны i прафесiйны. Правалы вучаць больш, чым поспех – гэта абсалютна дакладна.

— У адным з дакументальных фiльмаў пра вас вы не змаглi адказаць на пытанне: як удаецца вам ствараць беларускi характар? А калi задаць яго цяпер?..

— Адкажу гэтак жа, як i тады, – не ведаю. Я наогул не задумваюся пра гэта. Вось як растлумачыць, чаму, калi нават самы таленавiты амерыканскi акцёр бярэцца iграць рускага, усё роўна атрымаецца толькi «а-ля рус»? Цi калi мы будзем iмкнуцца сыграць амерыканскi характар – таксама напэўна ж нiчога не выйдзе. Бо кроў не памяняеш. I як бы ты не валодаў мастацтвам пераўвасаблення – а ў гэтую сiстэму я веру абсалютна, – ёсць рэчы непераадольныя. Памятаю, яшчэ калi вучыўся ў iнстытуце, мы iгралi спектакль «Дама з камелiямi» на французскай мове, дзе ў мяне была роля Армана Дзюваля. Наша выкладчыца нават дабiлася таго, што ў нас было чыста парыжскае вымаўленне. За гэты спектакль я атрымаў тады пяцёрку з мноствам плюсаў. Але, калi шчыра, якi з мяне мог быць французскi арыстакрат?

— У знакамiтым фiльме «Белыя Росы» вы сыгралi аднаго з трох братоў — Андрэя Ходаса. Зараз многа гавораць пра будучы працяг карцiны. Якiя вашы адносiны да гэтага, цi было б цiкава зноў вярнуцца да свайго героя?

— Адносiны самыя лепшыя. Наогул, карцiна «Белыя Росы» валодае дзiвоснай асаблiвасцю – яна не старэе! Я i сам кожны раз гляджу яе з задавальненнем. А колькi ўжо камплiментаў i добрых слоў пра яе наслухаўся паўсюдна, дзе б нi быў!.. Сыграць далейшы лёс Андрэя, канечне, хацелася б, але зараз, думаю, пра гэта рана гаварыць. Як будзе далей – жыццё пакажа. Пакуль Аляксей Дудараў даў мне пазнаёмiцца толькi з агульнай канвой падзей, без дыялогаў, гатовага сцэнарыя яшчэ няма.

— Цi праўда, што вы даўно ўжо займаецеся ёгай?

— Гадоў 30 таму да гэтага прыйшоў. Неяк трапiлася на вочы брашурка, вось i захапiўся. Пазней з жонкай (мiж iншым, яна таксама да ёгi далучылася) адпачывалi ў санаторыi ў Туапсэ, а там доктар па лячэбнай фiзкультуры быў, якi нават вывучаў ёгу ў Iндыi. Я падзялiўся з iм сваiм захапленнем, i ён даў мне некалькi ўрокаў. Павiнен сказаць, што ёга – найвялiкшае дасягненне чалавецтва. Праўда, калi гэтым займацца грунтоўна, то часу не хопiць не тое каб працаваць, а нават дыхаць, бо гэта будзе адбывацца цэлымi суткамi. Я займаўся толькi асанай. Зараз, канечне, узрост i гiбкасць не тыя, але ўсё роўна практыкуюся кожную ранiцу. Ёга – такая рэч, што патрабуе рэгулярнасцi. Магу засведчыць: для набыцця бадзёрасцi, працаздольнасцi, паляпшэння самаадчування – гэта проста дзiвосны сродак.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter