З кнiгай па жыццi

Сёлета намецiлася ўстойлiвая тэндэнцыя да павелiчэння колькасцi выдаваемых кнiг.

— Калi ў 2005 годзе выдадзена 10 тысяч 784 назвы кнiг агульным тыражом 40 мiльёнаў экземпляраў, то за шэсць месяцаў бягучага года — 6 тысяч 521 назва агульным тыражом 28,7 мiльёна экземпляраў, — сказаў намеснiк мiнiстра iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь Iгар Лапцёнак. — Гэта больш, чым у адпаведным перыядзе мiнулага года: на 16 працэнтаў па назвах i на 41 працэнт па тыражы. Захаванне такiх тэмпаў да канца года дасць магчымасць гаварыць аб дынамiчным развiццi галiны.
Дзяржаўныя выдавецтвы за шэсць месяцаў гэтага года выпусцiлi 296 назваў (4,5 працэнта агульнай колькасцi назваў, выдадзеных за паўгоддзе) агульным тыражом 3,92 мiльёна экземпляраў (13,7 працэнта агульнага тыражу). Колькасць выпушчаных дзяржвыдавецтвамi кнiг за паўгоддзе ў параўнаннi з адпаведным перыядам 2005 года па назвах перавысiла на 17 працэнтаў, а па тыражу — на 55 працэнтаў.
Выдавецтвы iншых форм уласнасцi выпусцiлi ў студзенi—чэрвенi 4 тысячы 218 назваў кнiг (каля 65 працэнтаў агульнай колькасцi) i тыражом 22,62 мiльёна экземпляраў (79 працэнтаў агульнага тыражу), мiнiстэрствы i ведамствы — 2 тысячы назваў (30 працэнтаў агульнай колькасцi) тыражом 2,17 мiльёна экземпляраў (60 працэнтаў агульнага тыражу).
Расце колькасць кнiг, надрукаваных на беларускай мове. За шэсць месяцаў на беларускай мове выдадзена 419 назваў кнiг i брашур тыражом 1,97 мiльёна экземпляраў. З iх дзяржаўнымi выдавецтвамi выпушчана 92 назвы агульным тыражом 1,19 мiльёна экземпляраў (больш як 99 працэнтаў усяго тыражу), выдавецтвамi iншых форм уласнасцi — 197 назваў, але невялiкiм агульным тыражом (усяго 440 тысяч экземпляраў), мiнiстэрствамi i ведамствамi — 130 назваў тыражом 330 тысяч экземпляраў.
Iгар Лапцёнак падкрэслiў, што не слабее дзяржаўная падтрымка па выпуску сацыяльна значных выданняў. За шэсць месяцаў бягучага года выдавецкiмi аддзеламi дзяржаўных структур з выкарыстаннем бюджэтных субсiдый выпушчана 77 назваў тыражом каля 160 тысяч экземпляраў. На падрыхтоўку i выданне гэтых кнiг было выдзелена 1,2 мiльярда рублёў. Але ёсць праблемы з выданнем дзiцячай лiтаратуры.
Астэроiд па iменi Дранiк
Нядаўна выдадзеная кнiга пiсьменнiцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь Раiсы Баравiковай “Казкi астранаўта” пацвярджае словы Максiма Горкага: “Для дзяцей трэба пiсаць так, як i для дарослых, толькі лепш”. Прыгоднiцкiя казкi, напiсаныя ад iмя астранаўта-беларуса, адкрываюць чытачу дзiвосны, заманлiвы свет. Кнiга захапляе неверагоднымi прыгодамi герояў, якiя наведваюць самыя розныя зоркi, планеты, завозяць туды бульбу, лён, а прывозяць жывёл i раслiн, якiя занесены ў Чырвоную кнiгу Беларусi. Усе назвы ў кнiзе беларускiя: касмадром знаходзiцца за Раўбiчамi, зоркалёты вырабляе жодзiнскi завод.
 Раiса Андрэееўна празнаецца, што напiсаць такую кнiжку марыла даўно, а калi пачала працаваць над ёй, не здагадвалася нават, што неўзабаве будзе запушчаны першы беларускi спадарожнiк “БелКА”:
— Для нашай краiны пачынаецца касмiчная эра. I хто ведае, магчыма, праз сто-дзвесце гадоў беларускiя касмiчныя караблi паляцяць у далёкi космас.  У будучым я планую напiсаць “Касмiчныя падарожжы беларусаў-2”, але гэтыя казкi будуць звязаны з навуковымi даследаваннямi.
Мiнск — уся Беларусь
Яшчэ адна навiнка на кнiжным рынку — фотаальбом “Мiнск. Кнiга жыцця”, якi, акрамя фотаздымкаў, змяшчае ў сабе 4500 падзей i фактаў з гiсторыi горада за ўвесь перыяд iснавання сталiцы — ад летапiсных часоў да нашых дзён. Звесткi, што прыведзены ў гэтым выданнi, разнастайныя па спектры i падабраны такiм чынам, каб чытач мог адчуць дух часу, тэмп i рытм жыцця горада ў розныя эпохi.
— Такiх выданняў, як гэта, не было з 1957 года, — расказвае начальнiк рэдакцыйна-выдавецкага аддзела Мiнскай фабрыкi каляровага друку Яўген Малашэвiч. — За апошнiя дзесяць-пятнаццаць гадоў Мiнск набыў аблiчча еўрапейскай сталiцы. I чаму ўзнiкла iдэя стварэння такой кнiгi, расказваць непатрэбна. Гiсторыю Мiнска павiнны ведаць не толькi мiнчукi, але i ўсе грамадзяне нашай краiны, тым больш, я ўпэўнены, што ў сталiцы сёння жыве прадстаўнiк ад кожнага горада i вёскi Беларусi.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter