XXIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш стала значнай падзеяй

З кнігай цікава сустракацца

XXIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш стала значнай падзеяй


Мінская кніжная выстава стварае дабро і ўмацоўвае супрацоўніцтва паміж краінамі. Такое меркаванне выказала Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч на цырымоніі адкрыцця XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Паводле слоў міністра інфармацыі, акрамя таго, што кніга з’яўляецца крыніцай ведаў, яна нясе ў сабе магутны гуманітарны пачатак супрацоўніцтва.



Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі зачытаў прывітальнае слова кіраўніка дзяржавы, накіраванае гасцям ХХIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу і Міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час”.

“Не толькі жывы чалавек хлебам або лекамі, але больш усялякім словам...” Адна з цытат нашага першадрукара Францыска Скарыны ўпрыгожвала цэнтральны стэнд форуму. І не выпадкова: галоўная тэма выставы — 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

Тэма была прадстаўлена шырока, асабліва ў выда­вецкай серыі “Мастацкая Скарынiяна” Нацыянальнай бібліятэкі. Яшчэ адзін важны акцэнт — Год культуры ў Беларусі. Бо кнігі — лепшыя паслы нацыянальнай культуры. Пра гэта сведчыць папулярнасць, якую набывае выстава-кірмаш у свеце. Каля трохсот экспанентаў з 29 краін — цудоўная магчымасць для знаёмства з замежнай літаратурай. На выставе быў таксама выдатны шанц сустрэцца з самімі аўтарамі, бо ў праграме — прэзентацыі, аўтограф-сесіі і нават канцэрты. Менавіта ў выглядзе канцэрта-прэзентацыі з удзелам спевакоў і кампазітараў была прадстаўлена кніга, дакладней, выдавецкі праект “Уладзімір Мулявін. Сэрцам i думамi”. Сёлета мы адзначаем юбілей вялікага песняра, і прыемна, што кніга пра яго, падрыхтаваная “Мастацкай лiтаратурай”, атрымала Гран-пры Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Вядома, сёння ва ўсім свеце вырасла цікавасць да беларускай літаратуры, бо ў нас з’явіўся свой нобелеўскі лаўрэат — Святлана Алексіевіч. Кнігі пісьменніцы, зразумела, таксама былі на выставе, напрыклад, на стэндзе яе даўняга партнёра — расійскага выдавецтва “Время”.

Нельга было прайсці міма стэнда ганаровага госця выставы — Арменіі. Старшыня Саюза пісьменнікаў Арменіі, дырэктар цэнтра кнігі і выдавецкай справы Арменіі Эдвард Мілітанян расказаў:

— Мы прывезлі вам лепшае, што выдадзена ў нашай сонечнай горнай краіне за апошнія два гады. І альбомы, і гістарычныя выданні, і мастацкую літаратуру. У тым ліку кнігу беларускага пісьменніка Алеся Карлюкевіча для дзяцей у перакладзе на армянскую мову, альманах “Літаратурная Арменія” з паэмай Алеся Бадака.

Эдвард Мілітанян яшчэ і член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ён прымаў удзел у Міжнародным сімпозіуме літаратараў, які ў другі раз праходзіць у Мінску падчас выставы-кірмашу.

Вельмі важная частка форуму — семінар маладых літаратараў Беларусі і Расіі. Маладыя таленты падчас пленарных пасяджэнняў разважалі на тэмы вельмі сур’ёзныя, напрыклад, пра нацыянальныя літаратуры ў эпоху глабалізму, пра сучаснага літаратурнага героя, пра постмадэрнізм ды інтэрнэт-крытыку.

Пісьменнікі часам забываюць пра свой абавязак служыць чалавецтву. Такое меркаванне выказаў на II Міжнародным літаратурным сімпозіуме “Пісьменнік і час: пераемнасць у літаратуры” старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Прапаведаваць ідэі дабрыні, гуманізму трэба, заяўляючы актыўную грамадзянскую пазіцыю, лічыць Мікалай Чаргінец. Ён перакананы, што пісьменнікі могуць зрабіць значна больш.

Ён упэўнены, што трэба праяўляць большую цікавасць да пісьменніцкай садружнасці. Ёсць шмат ідэй, творчых задумак, якія можна рэалізаваць разам. Абмен досведам паміж калегамі вельмі важны. У прыватнасці, Мікалай Чаргінец лічыць неабходным самім пісьменнікам і творчым саюзам шукаць варыянты рэалізацыі праектаў перакладу твораў пісьменнікаў з розных краін.

Кніга не толькі крыніца ведаў, яна можа быць таксама інструментам для збліжэння краін і народаў. Такое меркаванне выказаў журналістам Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей падчас наведвання XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Уладзімір Макей падкрэсліў, што кніга — адзін з самых галоўных і цікавых падарункаў сярод дыпламатаў. “І гэта не проста падарунак дзеля падарунка. Мы робім гэта свядома, таму што, пазнаёміўшыся праз кнігу з краінай, можна па-новаму зірнуць на яе, на народ і ў цэлым на адносіны да сябе. Мы актыўна выкарыстоўваем гэты інструмент для збліжэння Беларусі з іншымі краінамі”, — канстатаваў міністр.

Людміла Іванова

Фота "СБ"
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter