От ямочного – до инновационного: в стране начался сезонный ремонт дорог

З хай-тэкам па дарозе

Наша краіна даўно зарабіла рэпутацыю краіны з якаснымі дарогамі. У нас не толькі актыўна будуюць новыя дарогі, але і падтрымліваюць тыя, што існуюць, у годным стане. Штогод рамантуюцца сотні кіламетраў дарожнай сеткі: з году ў год растуць іх якасць і грузапад’ёмнасць — не без дапамогі новых тэхналогій. У дэталях гэтага працэсу разбіраўся карэспандэнт «Р».

Эксперымент удаўся

— Мы шырока ўкараняем сусветныя тэхналогіі пры будаўніцтве і рэканструкцыі магістральных і рэспубліканскіх дарог, — падзяліўся Аляксандр Галаўнёў, начальнік Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый. Напрыклад, пры ўпарадкаванні асфальтабетоннага пакрыцця прымяняем перагружальнікі. Справа ў тым, што падчас транспарціроўкі асфальтабетонная сумесь нераўнамерна астывае ў кузаве самазвала. Калі яе загружаюць наўпрост у бункер асфальтаўкладчыка, адбываецца дынамічны ўдар, што ў далейшым пагаршае роўнасць пакрыцця. Перагружальнік гэты эфект нівеліруе.

Прымяняюцца пры будаўніцтве дарог і цалкам эксперыментальныя тэхналогіі. Пра іх больш падрабязна расказаў Сяргей Макарэвіч, намеснік галоўнага інжынера КУП «Мінскаблдарбуд», найбуйнейшага прадпрыемства ў краіне, якое абслугоўвае аўтамабільныя дарогі, а дакладней, сетку ў 16 000 кіламетраў:

— Рэканструкцыю дарог праводзім з тэхналогіяй абароны слаёў па спосабе «сэндвіч»: першы пласт шчэбню — больш высокай фракцыі, а ў наступных яна становіцца ўсё драбнейшай. Тэрмін службы такіх канструкцый — не менш за 6 гадоў. Іншая тэхналогія — стабілізацыя грунту з выкарыстаннем бітумнай эмульсіі. Яна прымяняецца на дарогах з грунтавым і гравійным пакрыццём. Таўшчыня пласта — каля 7 сантыметраў: фрэза перамолвае эмульсію і грунт, пасля чаго яны ўтрамбоўваюцца каткамі і зверху кладзецца асфальтабетоннае пакрыццё ў 4 сантыметры.

Дзейсны сучасны спосаб рамонту дарог — фрэзераванне да некалькіх сантыметраў старога пакрыцця і ўкладка новага. Такое пакрыццё дакладна праслужыць гадоў 7—8. Аднак у ход ідзе і стары добры ямачны рамонт, ад якога адмовіцца пакуль што нельга. Ён дазваляе хутка ліквідаваць дэфекты дарожнага пакрыцця, але казаць аб даўгавечнасці такога рамонту не даводзіцца. Часовая мера, літаральна на год. Менавіта поўная адмова ад ямачнага рамонту — адна з галоўных задач праграмы «Дарогі Беларусі» на 2021—2025 гады.

Навядзём масты

Працы па добраўпарадкаванні дарожнай сеткі нашай краіны за апошнія гады зроблена нямала. Так, у мінулым годзе завершана рэканструкцыя дарогі М6. На ўсёй яе працягласці ўстаноўлены хуткасны рэжым у 120 кіламетраў у гадзіну, за выключэннем некаторых участкаў — напрыклад, пешаходных пераходаў. У гэтым месяцы абвешчаны тэндар на рэканструкцыю трасы М7, якая ідзе на Вільнюс, на ўчастку ад Пяршаяў да Каменнага логу. На гэтыя работы Еўрапейскі інвестыцыйны банк выдзеліў 110 мільёнаў еўра.

— Мяркуем завяршыць рэканструкцыю ўчастка дарогі да 2021 года, — удакладніў Аляксандр Галаўнёў. — Гэта каля

90 кіламетраў, яны будуць 2-й катэгорыі, з умацаванымі абочынамі.

Таксама літаральна днямі аб’яўлены тэндар на рамонт 12 мастоў па ўсёй краіне, якія патрабуюць першачарговага рамонту. На іх рамонт, а таксама трасы М3, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця выдзеліў 259 мільёнаў еўра. Пачнецца рэканструкцыя дарогі М3 у наступным годзе, на ўчастку Мінск — Плешчаніцы. Ён будзе 1-й катэгорыі.

Вядуцца перагаворы з Азіяцкім банкам па праекце рэканструкцыі дарогі Р46 Лепель — Полацк і будаўніцтве новага моста праз раку Заходняя Дзвіна. Таксама наша краіна і Польшча на парытэтных умовах пабудуюць новы аўтадарожны мост праз раку Заходні Буг на пагранічным пераходзе Дамачава — Славацічы. Гэтыя масты будуць зборна-маналітнымі — самы сучасны падыход на сёння. Бэлька пралёта зборная, а над ёй — маналітная пліта. Такая тэхналогія значна памяншае затраты на будаўніцтва, захоўваючы ўсе перавагі маналітнага моста.

Бяспека вышэй за ўсё

НАН выпусціла дэмпфіруючыя прылады, якія абароняць рабочых падчас працы на дарозе. Пры наездзе аўтамабіля яны складваюцца, чым гасяць энергію ўдару. Развіваецца і сістэма інфармавання вадзіцеляў аб месцах правядзення работ пры дапамозе накіроўваючых прылад, такіх, каб наезд на іх таксама не прывёў да гібелі або траўміравання людзей.

ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter