У Рускім тэатры рыхтуецца прэм’ера італьянскай камедыі “Карчмарка”

З італьянскім тэмпераментам

Матэа Сп’яцы паспявае працаваць адразу на дзвюх мінскіх сцэнах.
Гэтага рэжысёра з Вероны ў Беларусі ведаюць добра. Упершыню Матэа Сп’яцы прыехаў у нашу краіну каля пяці гадоў таму — правесці майстар-клас у акадэміі мастацтваў па запрашэнні аднаго нашага тэатразнаўцы. У 2014-м паставіў камедыю дэль артэ Viva Commedia!, якая і зараз з поспехам ідзе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. А ў хуткім часе абяцае парадаваць гледачоў чарговай прэм’ерай у гэтым тэатры — “Карчмаркай” Карла Гальдоні.

rustheatre.by

У аснове п’есы венецыянскага драматурга — прыгоды прывабнай і разумнай маладой жанчыны Мірандаліны, якая атрымала ў спадчыну ад свайго бацькі гасцініцу ў Фларэнцыі і цяпер кіруе ёю з дапамогай афіцыянта Фабрыцыа. Праўда, у класічным варыянце гледачы п’есу не ўбачаць — рэжысёр парадкам перапрацаваў яе: з’явяцца новыя персанажы і новыя сюжэтныя павароты. Цікава, што акцёры ў “Карчмарцы” будуць тыя ж, што і ў Viva

Сommedia!: Вераніка Пляшкевіч, Сяргей Чэкерэс, Уладзімір Глотаў, Алег Коц, Павел Еўтушэнка, Андрэй Крывецкі, Іна Савянкова, Алена Дуброўская. З новых для Матэа Сп’яцы беларускіх артыстаў — толькі Аляксандр Вергуноў.

Памятаючы аб поспеху папярэдняй беларускай пастаноўкі Сп’яцы, варта думаць, што 18 і 19 лютага, калі запланавана прэм’ера камедыі “Карчмарка”, нас таксама чакае вясёлы, дынамічны, яркі спектакль, поўны рэжысёрскіх знаходак і акцёрскай імправізацыі.

А ў сакавіку італьянскі рэжысёр зробіць беларускім гледачам яшчэ адзін падарунак — новы спектакль “Пансіён Бельведэр” у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter