Чаму не адпускае вёска талачынскага садавода Віктара Булыгіна

З «Iскры» разраслася крона

ВЫДАТНІК вучобы Віктар БУЛЫГІН марыў прысвяціць сваё будучае моднай сучаснай прафесіі інжынера-электроніка. Выпускніку вясковай сярэдняй школы не хапіла некалькіх балаў для залічэння на вучобу ў радыётэхнічны інстытут. Паступіў на агранамічны факультэт Беларускай дзяржсельгасакадэміі, пасля заканчэння якой вярнуўся ў родны талачынскі саўгас “Іскра”. Працаваў намеснікам дырэктара. З жонкай Таццянай Анатольеўнай, таксама выпускніцай аграфака, збудавалі дом у аграгарадку Нізкі Гарадзец, пасадзілі сад, заклалі плодагадавальнік.


Годна праявіў сябе Віктар Аркадзьевіч у банкаўскай сферы. У раённым аддзяленні Белагра- прамбанка арганізаваў службу інкасацыі і працяглы час кіраваў ёю. Завочна закончыў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі. Дзесяцігоддзе таму яго запрасілі ўзначаліць ствараемае падраздзяленне прамысловага садоўніцтва на Талачынскім кансервавым заводзе. Пачынаў з чыстага аркуша. Сёлета ўпершыню сабрана амаль пяць тысяч тон садавіны і ягад. Талачынская вітамінная прадукцыя паспяхова рэалізуецца як на беларускім спажывецкім рынку, так і ў суседняй Расіі.

СЯЛЯНЕ акружанай з усіх бакоў векавымі дрэвамі больш падобнай на хутар талачынскай вёсачкі Узноснае заўжды мелі хлеб і да хлеба. Карміла зямля. І лес падтрымліваў шчодрай данінай. У нямецка-фашысцкую акупацыю вяскоўцы выжылі дзякуючы балотам ды лясным гушчарам, дзе ратаваліся ад гітлераўцаў. Летам 1941 года, калі насмерць стаялі абаронцы Брэсцкай крэпасці, варожыя самалёты ўсыпалі бомбамі Віцебшчыну. У бамбёжку на сваім падворку загінуў гаспадарлівы Ягор Булыгін. Чатырнаццацігадовы сын Аркадзь падаўся ў атрад народных мсціўцаў, які атабарыўся ў глухім лесе. Харчамі і вопраткай падтрымлівалі партызан мясцовыя сяляне. Сувязныя перадавалі камандаванню звесткі аб варожых фарміраваннях. Да прыходу Чырвонай Арміі вясною 1944 года змагаўся з ворагам у партызанскай брыгадзе “Граза” атрада імя Катоўскага адважны юнак Аркадзь Булыгін. Пасля вызвалення асушваў навакольныя балоты, кіраваў трактарнай брыгадай у саўгасе “Іскра”. Займеў сям’ю. З жонкай Марыяй Іванаўнай усім тром дзецям дапамаглі атрымаць вышэйшую адукацыю. Старэйшая дачка Тамара вярнулася ў родныя мясціны і ўзначаліла Высока-Гарадзецкую школу. Галіна і Віктар сталі спецыялістамі сельскай гаспадаркі. 

Сыну давялося вучобу на агранамічным факультэце Белдзяржсельасакадэміі перапыніць на два гады ваеннай службы. Вярнуўся з арміі ў альма-матар перад зімовай сесіяй. Да летніх экзаменаў паспяхова справіўся з праграмай навучальнага года. Не цураўся грамадскай дзейнасці, актыўна займаўся спортам, працаваў камендантам студэнцкага інтэрната. 

Ачмурыла віцебскага мальца аднакурсніца Таццяна. Вяселле святкавалі на яе радзіме, у старажытным Слуцку. Пасля заканчэння сельгасакадэміі адправіліся ў талачынскую гаспадарку “Іскра”. Працоўную біяграфію Віктар пачаў з пасады намесніка дырэктара саўгаса. Таццяна Анатольеўна выкладала ў школе біялогію. На цэнтральнай сядзібе  ў вёсцы Нізкі Гарадзец узвялі свой дом. Пасадзілі сад. Загарэўся малады гаспадар займець і плодагадавальнік. 

— Дрэвы лечаць, здымаюць напружанне, — разважае Віктар Булыгін. — Розныя сарты яблынь і груш эксперыментую ў сваім пітомніку. Цешуся, як падрастаюць саджанцы, фармірую крону. Садоўніцтвам захапіўся ў студэнцкія гады. Загадчык кафедры пладаводства сельгасакадэміі Леанід Дазорцаў на лекцыях, як чараўнік, уводзіў нас у райскі свет садоўніцтва. Кожная лекцыя поўнілася цікавай інфармацыяй. Паступова спасцігалі таямніцы старажытнай прафесіі. Тэарэтычныя веды замацоўвалі ў багатым на флору акадэмічным батанічным садзе. Вопытныя спецыялісты вучылі нас прышчэпліваць чаранкі, правільна фарміраваць крону. Леанід Антонавіч кіраваў маёй дыпломнай работай “Перапрышчэпліванне пладовых дрэў у паўночна-усходняй частцы БССР”, якую дзяржаўная камісія ацаніла на выдатна. Хацелася хутчэй рэалізаваць сябе ў працы. 

У талачынскім саўгасе “Іскра” сада не было. Радавалі вока яблыні і грушы   каля дому і гадавальнік, дзе, як немаўлят, выходжваў саджанцы, дзяліўся маладымі дрэўцамі з суседзямі, знаёмымі, сябрамі. Завялі сваю гаспадарку. Хапала спраў у мяне як у намесніка дырэктара гаспадаркі, але заўжды знаходзіў час на сад. Захапіўся акуліроўкай саджанцаў, развядзеннем розных сартоў пладовых дрэў. 

— Віктар Аркадзьевіч, а як прыйшла смелая ідэя прамысловага саду ў паўночным рэгіёне?

— Такіх садоў тут раней не было. У 2002 годзе сумеснае беларуска-галандска-французскае прадпрыемства “Арніка” Чавускага раёна на значнай плошчы заклала сад з еўрапейскіх сартоў. Зімы выдаліся мяккімі. Саджанцы прыжыліся і вясною буйна зацвілі. Прадпрыемства наведаў кіраўнік дзяржавы, і яго ўразіў прамысловы сад. Узнікла ідэя рэспубліканскай праграмы развіцця садоўніцтва. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання распрацавалі разбіўку па абласцях. На Віцебшчыне выбар паў на Талачынскі раён. Дырэктар кансервавага завода Анатоль Анюхоўскі і былы старшыня райвыканкама Аляксандр Марэйка папрасілі мяне дапамагчы падабраць адпаведныя землі пад пасадку пладовых дрэў. Разам ездзілі па раёне, аглядалі мясцовасць і спыніліся на больш спрыяльным участку. Спецыялісты даследавалі пробы глебы. Выбіралі крутабокую тэрыторыю калгаса імя Энгельса, на якой некалі размяшчаліся воінскія часці. Адмераныя пад сад 300 гектараў вырашылі адразу агарадзіць. Перад зімою, пакуль зямля не замерзла,  садовым бурам прасвярлілі лункі для бетонных слупоў і па перыметры нацягнулі металічную сетку. 

Па ўсёй Беларусі шукалі пасадачны матэрыял. Закуплялі яго ў РУП “Інстытут пладаводства”, фермераў, садаводаў-любіцеляў. На першых трох з паловай гектарах высадзілі алеямі яблыні. Першапачаткова 200 гектараў адвялі пад пасадку яблынь і 100 — пад ягаднікі: парэчку чорную і чырвоную. Для поўнага забеспячэння патрэб у пасадачным матэрыяле на далёкай Арцёмаўскай даследчай станцыі Данецкай вобласці Украіны закупілі 300 тысяч яблыневых прышчэп. Паспелі вясною прывезці іх і ўручную пасадзіць.

— Неабходны былі і чаранкі для прышчэпак. Як гэта вырашалі?

— Дапамаглі спецыялісты з РУП “Інстытут пладаводства”. Важна было правільна выбраць чаранкі ў адпаведнасці з кліматычнымі ўмовамі Віцебшчыны. Раней у сваім пітомніку правяраў прыжывальнасць пладовых дрэў з іншых рэгіёнаў і ведаў, якія можна смела культываваць у нас. 

 Пры складанні тэхнічнага задання на закладку сада абапіраліся на сарты беларускай селекцыі, якія вытрымліваюць нізкія тэмпературы: яблыні позналетняя “каваленкаўская”, асенняя “прамяністая”, зімовыя “беларуская салодкая”, “алеся”, “весяліна”, “вербная”, “імант”. Падбіралі адпаведныя сарты груш. У жніўні пачалі праводзіць акуліроўку саджанцаў. Ужо мелі кантакты з вядомымі садаводчымі гаспадаркамі. На акуліроўку прыехалі восем вопытных садаводаў з калгаснага сада столінскай вёскі Беражное, шэсць з калгаса імя Мічурына Стаўбцоўскага раёна, а таксама прадстаўнікі Інстытута пладаводства, Лужаснянскай сортавыпрабавальнай станцыі, занальнага Iнстытута раслінаводства ў Шчучыне. Толькі паспявалі пастаўляць чаранкі. На прадвесні заакуліравалі 200 тысяч прышчэп. З хваляваннем чакалі першага цяпла. Амаль 70 працэнтаў чаранкоў прыжылося. Увосень на 96 гектарах высадзілі свае аднагадовыя парасткі. З акадэмічных лекцый ведаў, што лепш прыжываюцца двухгадовыя саджанцы. Важна было яшчэ і навукова абгрунтавана іх пасадзіць. У Заходняй Еўропе рады дрэў ушчыльнены, а міжраддзі больш прасторныя. Першапачаткова высаджвалі дрэўцы праз два метры ў радку з інтэрваламі чатыры з паловай метры, а пазней сталі таксама ўшчыльняць. 

Акрамя яблыневага, стварылі і грушавы гадавальнік. З-за таго, што ў нас пакуль няма сховішча для чаранкоў, прышчэпы аддзяляем не восенню, як гэта робяць у паўднёвых садах рэспублікі, а вясною. Пасадачны матэрыял яблынь і груш завозім у асноўным з Польшчы.
Леташняй вясною высадзілі імпартныя сарты яблынек, і сёлета ўжо атрымалі ўраджай. Галінкі аж гнуліся ад пладоў. І гэта пры тым, што кветкі вясною на вяршынях дрэўцаў удалялі, каб не ляжала потым яблыня ад перагібу пладоў. Наліліся сокам буйныя яблыкі. Але 16 жніўня за дзень двойчы град пасек. Увесь ураджай пайшоў на перапрацоўку.

— Каб эфектыўна развіваць прамысловы сад, неабходны прафесіяналы. Ці хапае іх у вас? 

— Першых шэсць рабочых абучылі працаваць на пасадачных машынах. Адзін такі агрэгат купілі на Аршанскім машынабудаўнічым заводзе, а другі арэндавалі. Дзве машыны для пасадкі кустоў набылі ў Польшчы. Сёлета на ўборцы 18 трактараў падвозілі ў сховішча яблыкі і грушы, якія збіралі больш як 80 завадчан, каля 200 студэнтаў Віцебскага дзяржпедуніверсітэта імя Машэрава. Летам прыязджаюць на ўборку студэнты з чатырох віцебскіх вышэйшых навучальных устаноў. 

Чатыры аграномы працуюць у прамысловым садзе. Павел Палубінскі адказвае за пладовыя культуры, Дзмітрый Хадкевіч — за ягадныя, Таццяна Пятроўская — за гадавальнік, Віталь Красінскі — за ахову сада ад шкоднікаў і хвароб. Калектыў спецыялістаў склаўся дружны. Усе асноўныя тэхналагічныя пытанні абмяркоўваем разам і потым прымаем рашэнне. 

— Сад вялікі, клопатаў у вас як у кіраўніка шмат. А хто даглядае садок каля дома ў Нізкім Гарадцы?

— Не асірацеў ён. Больш вольнага часу мае жонка Таццяна Анатольеўна. Кожную раніцу еду з вёскі за дваццаць кіламетраў на працу. У Талачыне нам вызначылі сядзібу. Будуем сваімі рукамі новы дом, але вёска не адпускае. Не спяшаемся пакідаць родны куток. Жонка па-ранейшаму настаўнічае ў школе. Час пакажа, як быць. 

— Снег прыцерушыў зямлю. Ціха ў садзе. Быццам можна і перадыхнуць. 

— Хвалююся, каб маразы не нарабілі шкоды. Наш рэгіён — зона рызыкоўнага земляробства. Супакойвае, што ў нас няма частых адліг. Холад трымаецца да вясны, што затрымлівае цвіценне дрэў. Таму не падмярзаюць яны ад замаразкаў. Толькі аднойчы пасля папярэджвання сіноптыкаў разлажылі салому. Ноччу дзяжурылі, каб, як значна панізіцца тэмпература, адразу задыміць квітнеючыя кроны. Уратавалі сад. Дрэвы, якія маюць гарт, пераносяць да мінус 30 градусаў. Калі пасля студзеньскіх працяглых адліг у лютым узмацняюцца маразы, то пашкоджваецца кара, дрэва захворвае. Пільна сочым за гэтым. 

Сад радуе стабільным ураджаем. Сёлета сабралі больш як па 20 тон яблыкаў з гектара. Пераходзім на фарміраванне аднатыпных высокапрадукцыйных дрэў. Некаторыя імпартныя сарты яблынь і груш з-за слабага імунітэту падмярзаюць. З-за гэтага прарэдзілі чэшскія яблыні “чэмпіён”, якія набывалі ў Гродзенскім занальным інстытуце садоўніцтва. Кліматычныя ўмовы для іх не падышлі. Не прыжыліся ў нас і еўрапейскія яблыні, закупленыя ў чавускай гаспадарцы “Арніка”. А вось грушы галандскай і польскай селекцый радуюць. У двух сховішчах маем звыш трох тысяч тон садавіны. 

— Віктар Аркадзьевіч, ураджай убраны. Сад адпачывае да вясны. А вы?

— Памятаеце словы: “спакой нам толькі сніцца”. Некалькі дзён таму вярнуўся з дальняй камандзіроўкі. З галоўным інжынерам завода наведвалі міжнародную сельгасвыставу ў Берне. Засумаваў не толькі па сям’і. Сад цягнуў хутчэй вяртацца. Дзе б ні быў, заўсёды родным вязу падарункі. Дачка Анастасія з сям’ёю жыве і працуе далекавата, на радзіме жонкі, у Слуцку. Шасцігадовы ўнучок Ілля любіць бываць у нас. Цёплым часам саджу яго ў машыну і едзем у сад, на рэчку. Заўважаю, што паступова абуджаецца ў хлопчыку цікавасць да прыроды. 

— Віктар Аркадзьевіч, вы не толькі спецыяліст, але і паспяховы арганізатар. Адкуль такія здольнасці? 

— Бацькі мае простыя сяляне. Многае мне далі вясковая школа і наш дырэктар Канстанцін Іванавіч Рамановіч, які ва ўсім быў акуратным і нас да гэтага прывучаў. Умеў патрабаваць парадак. Воласаўская сярэдняя школа, якую закончыў, ззяла чысцінёю, прыгожым афармленнем кабінетаў. 

Як нам расказваў дырэктар, будынак школы, у якім ён пасля вайны вучыўся, за польскім часам належаў  Радзівілам у баранавіцкім мястэчку Паланечка. Захаваліся фантаны, кветнікі, газоны, алеі дагледжаных дрэў і кустоў. Такую прыгажосць імкнуўся ён стварыць у нашай школе. І дабіўся свайго. Экзатычныя расліны ўпрыгожылі аранжарэю. Сваімі сіламі вучні і настаўнікі зладзілі амфітэатр. Вандравалі з дапытлівым Канстанцінам Іванавічам па родным краі, збіралі матэрыялы для школьнага музея пра мужную барацьбу мясцовых жыхароў з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Сябрамі засталіся з Канстанцінам Іванавічам. Супакойваў мяне, калі пасля школы не дабраў балаў для залічэння ў радыётэхнічны інстытут. Паступіў на аграфак сельгасакадэміі, і школьны дырэктар павіншаваў мяне, пажадаў шчаслівага лёсу. У час службы прыязджаў у вайсковую часць. Радаваўся маім удачам, падтрымліваў у цяжкія моманты. Наказваў, каб дасягнуць поспеху, варта пачынаць з сябе.  

Талачынскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter