З «Гранд-прадуктам» — у эліт-клас

Беларускі кумпяк пачынае паядынак з еўрапейскім стэйкам

Беларускі кумпяк пачынае кулінарны паядынак з еўрапейскім стэйкам

Сітуацыя на мясаперапрацоўчых камбінатах краіны застаецца складанай. Вытворчыя заданні на аналагічным прадпрыемстве ў Бабруйску выконваюцца, але па выніках мінулага года і яно не пазбегла страт. Якія прычыны гэтага і што чакае калектыў наперадзе — аб гэтым наша гутарка з дырэктарам Бабруйскага мясакамбіната Андрэем ІСАЙЧАНКАМ.

— Андрэй Іванавіч, сёння ўжо не ідзе гаворка пра насычэнне ўнутранага рынку вашай прадукцыяй, стаіць задача больш гандляваць за межамі краіны, павялічваць экспарт. Вам гэта ўдаецца?

— На жаль, паміж дзяржаўнымі закупачнымі цэнамі і рэалізацыйнымі рыначнымі на нашу прадукцыю назіраецца дыспарытэт. Нам збываюць сыравіну сельскагаспадарчыя вытворцы з узроўнем рэнтабельнасці ў дваццаць і больш працэнтаў, а мы рэалізуем у Расію ялавічыну, напрыклад, з адмоўным паказчыкам — мінус 10—24 працэнты. Каўбасы, праўда, ідуць з плюсам да дзесяці працэнтаў, таму мы вымушаны павялічваць вываз каўбасных вырабаў і змяншаць аб’ёмы мяса.

— А дзе больш карыстаюцца попытам бабруйскія прысмакі?

— У Маскве, Бранску, Калузе, Арле, Варонежы, Растове, дзе мы рэалізуем прадукцыю праз спецыяльна створаныя прадпрыемствы. У Маскве, Бранску, напрыклад, у мінулым годзе павялічылі продаж каўбас на пяцьдзясят працэнтаў. Укладзеныя ў гандлёвую сетку Расійскай Федэрацыі сродкі пачынаюць ўжо даваць аддачу.

— Каб быць канкурэнтаздольным на неабсяжным рынку, трэба, напэўна, вельмі і вельмі клапаціцца аб выпуску нейкіх далікатэсаў, аб іх высокай якасці і найменшым кошце?

— Усё гэта ўлічваецца пры правядзенні мадэрнізацыі на камбінаце. Мы ажыццяўляем лепшы ў краіне праект будаўніцтва мясатлушчавага цэха. Увёўшы яго ў эксплуатацыю, мы, мяркую, пяройдзем у так званы эліт-клас, дзе больш высокі ўзровень цэн на знешніх рынках, іншы попыт на тавары. Праведзеная мадэрнізацыя дазволіць праз год-два пазіцыянавацца нам як аднаму з лепшых мясакамбінатаў Беларусі, бо ён будзе разам з традыцыйнай прадукцыяй вырабляць і элітныя паўфабрыкаты.

— Пасля хуткага ўжо ўводу ў эксплуатацыю вашага новага цэха будзе лягчэй канкурыраваць з іншымі вытворцамі?

— Так, ужо ў першым паўгоддзі мы будзем выкарыстоўваць еўрапейскія тэхналогіі забою жывёлы, адпаведна і прадукцыя будзе сертыфікавана для рэалізацыі ў заходніх краінах. У пачатку гэтага года ў нас уведзена ў дзеянне новая лінія ўпакоўкі прадукцыі, якая будзе выглядаць не горш за літоўскую, што мы бачым сёння ў беларускіх магазінах.

— У выніку смаката пад брэндам «Гранд-прадукт» хутка стане яшчэ больш экспартаарыентаванай?

— Мы нацэлены на гэта. Колькі гадоў таму наш экспарт складаў не больш за дваццаць працэнтаў, сёння ён перавысіў пяцьдзясят.

— Поспехаў вам у далейшым прасоўванні бабруйскай маркі ў Еўропе!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter