«З глыбінь народнага жыцця ўвысь ірвалася Янішчыц – Палесся мілае дзіця»

ВЫЦЯГНУТАЯ ўздоўж Ясельды палеская вёска Велясніца застыла ў чаканні зімы. Сіратлівыя чорныя шапкі буслянак на слупах і высокіх дрэвах, акуратна складзеныя кастры дроў, прыбраныя вялікія агароды, чароды тлустых гусей на яшчэ зялёнай лугавіне і пранізлівая цішыня навокал. Вокнамі ў рачную плынь глядзіць-углядаецца знешне нічым не прыкметная, моцна зрубленая драўляная хата, адкуль выпырхнула ў вялікі свет Яўгенія ЯНІШЧЫЦ. Яна ніколі не забывала шлях да родных мясцін, дзе яе заўжды чакалі бацькі, браты, блізкія і дальнія суседзі, і найбольш усяго — сціплая цётка Ліда Саўчук, якой яна давярала ўсё сваё нават самае патаемнае.

Слыннай паэтцы так не хапала зямнога коласа шчасця

ВЫЦЯГНУТАЯ ўздоўж Ясельды палеская вёска Велясніца застыла ў чаканні зімы. Сіратлівыя чорныя шапкі буслянак на слупах і высокіх дрэвах, акуратна складзеныя кастры дроў, прыбраныя вялікія агароды, чароды тлустых гусей на яшчэ зялёнай лугавіне і пранізлівая цішыня навокал. Вокнамі ў рачную плынь глядзіць-углядаецца знешне нічым не прыкметная, моцна зрубленая драўляная хата, адкуль выпырхнула ў вялікі свет Яўгенія ЯНІШЧЫЦ. Яна ніколі не забывала шлях да родных мясцін, дзе яе заўжды чакалі бацькі, браты, блізкія і дальнія суседзі, і найбольш усяго — сціплая цётка Ліда Саўчук, якой яна давярала ўсё сваё нават самае патаемнае.

КОЛЬКі радасці было для клапатлівай маці паэткі Марыі Андрэеўны сустракаць на парозе хаты любую дачушку, якая прылятала хуткакрылай птушкай, віталася і адразу ж пачынала мыць, прыбіраць, увіхацца па гаспадарцы. Нават праз гады сталічнага жыцця кожны прыезд у мілую сэрцу Велясніцу поўніў пяшчотай і цяплом яе паэтычную душу. Тут ёй лягчэй дыхалася, лепш спявалася, мілей мроілася і больш плённа тварылася. Сюды, у Велясніцу, сям’я Янішчыцаў перабралася з суседняй вёсачкі Рудкі, дзе і дагэтуль захаваўся іх былы дом, на якім прымацавана таблічка з надпісам «У гэтай хаце нарадзілася і жыла з 1948 па 1966 гады беларуская паэтэса Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц (1948—1988 гг.)».

ПЕРШЫ раз маці яе была замужам за Іосіфам Іосі- фавічам Янішчыцам. У іх нарадзіўся сын Міхаіл. Іосіф Янішчыц слыў адменным кавалём. Вырабляў самыя розныя прылады для сялян. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі неяк да іх на хутар завітаў сусед, каб паладзіць плуг. Каваль узяўся за справу. А тым часам яго жонка пайшла на Ясельду бялізну паласкаць. Раптам на хутар наляцелі фашысцкія карнікі. Нехта з мясцовых данёс акупантам, што Янішчыцы дапамагаюць партызанам. Гаспадара хутара разам з суседам схапілі і пагналі па бальшаку да ясяльдзянскага моста. Там над імі доўга здзекаваліся. Як потым расказвалі мясцовыя сяляне, якія побач працавалі і бачылі гэтае катаванне, рукі фашыстаў былі запэцканы крывёю ахвяр. Іосіф Янішчыц мужна трымаўся да апошняга дыхання. Яго і суседа закатавалі, і ніхто не ведае, дзе іх магілы.

Жонка каваля Марыя Андрэеўна засталася з маленькім сынам Мішай на руках. Свякроў дапамагала падымаць на ногі сірату. Жанчыны аралі поле, засявалі яго. Марыя Андрэеўна слыла добрай швачкай. Абшывала ўсё наваколле. За шыццё людзі ёй плацілі хто як мог. То дроў прывязуць, то сена дапамогуць накасіць, а то і харчамі якімі адплацяць.

Пасля вайны да ўдавы Янішчыц пасватаўся халасцяк з суседніх Мерчыц Іосіф Патапчук. Доўга Марыя Андрэеўна не магла сабе дазволіць памяняць прозвішча закатаванага мужа. Нарадзілася дачка, падрасла, і калі настаў час адпраўляць у школу, Марыя Андрэеўна запісала яе як Янішчыц. Так і засталося назаўсёды ў Яўгеніі прозвішча закатаванага фашыстамі Іосіфа Янішчыца, першага мужа маці. Бацька Іосіф Сцяпанавіч Патапчук не пярэчыў.

У сям’і панавалі любоў і згода. Старэйшы брат Міша дапамагаў малодшай сястры. А калі нарадзіўся хлопчык, яго назвалі Віця. Бацькі працавалі ў мясцовым калгасе, дзеці вучыліся ў школе. Не надта давалася Жэні матэматыка. А літаратурай вельмі захаплялася, любіла чытаць. Маці пашле гусей з ракі прыгнаць у двор, яна загоніць іх і гатовы верш маці чытае.

Літаратурныя здольнасці дзяўчынкі заўважылі ў Мерчыцкай васьмігодцы, дзе яна вучылася. Неяк рыхтавалі школьны вечар, прысвечаны Якубу Коласу. Жэні даручылі вывучыць верш «За падаткі». А яна вырашыла народнаму песняру прысвяціць свой. З ім і выступіла. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Кацярына Васільеўна Патапчук часта давала заданне напі- саць дома сачыненне. У Жэні заўсёды цудоўна атрымлівалася, і настаўніца часта зачытвала іх перад вучнямі. Аднойчы аднакласніца Вольга папрасіла Жэню напісаць ёй сачыненне. Кацярына Васіль- еўна перад усім класам пахваліла Вольгу за яго і стала зачытваць. Усе здагадаліся, хто напісаў сачыненне, а Вользе зрабілася вельмі сорамна. Больш такога ніколі не было.

ПРА таленавітую выпускніцу Мерчыцкай васьмігодкі ўжо ведалі ў Парэцкай сярэдняй школе, куды яна прыйшла ў дзявяты клас. З першых дзён Жэня пасябравала з настаўнікам мовы і літаратуры Фёдарам Фёдаравічам Цудзілам, які шчыра цікавіўся яе паэзіяй. Экспанаты музея, што створаны ў школе, ярка сведчаць пра моцную дружбу любімай вучаніцы і настаўніка. На пажоўклым аркушы школьнага сшытка рукой адзінаццацікласніцы Парэцкай сярэдняй школы Яўгеніі Янішчыц напісаны верш «Любімаму настаўніку», які прысвечаны Цудзілу. А побач — кніга пра беларускіх пісьменнікаў «Пра час і пра сябе», падпісаная Фёдарам Фёдаравічам у жніўні таго ж года, калі школьная выпускніца Яўгенія Янішчыц атрымала выклік на вучобу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, з прарочымі словамі настаўніка: «Жене Янищиц, моей лучшей ученице, с твердой верой в то, что в будущих изданиях этой книги я прочитаю ее автобиографию».

Увогуле, багатым на прыемныя падзеі для сям’і быў той 1966 год. Напачатку лета перабраліся ў новы, зрублены з меднастволых сосен прасторны дом на ўскрайку вёскі Велясніца. Дзед Антон Саўчук з суседняга падворка дапамагаў навасёлам абжывацца, а яго дачка Ліда, калгасная даярка, знайшла агульную мову з гаспадыняй Марыяй Андрэеўнай. А ад старання і ўвішнасці сямнаццацігадовай Жэні была ў захапленні. Дзяўчына паспявала дапамагчы маці дома і яшчэ разам з ёю на калгасным полі шчыравала. Цётка Ліда адразу знайшла з ёю агульную мову.

Вельмі хваляваліся ўсе, калі Жэня паехала здаваць уступныя экзамены. Калі вярнулася з Мінска, шмат расказвала пра ўніверсітэт, пра сталіцу. Так у штодзённых клопатах і турботах праляцела тое шчаслівае лета. У канцы жніўня ўсе разам праводзілі Жэню на вучобу ў Мінск, хваляваліся, як уладкуецца, чакалі пісьмаў. Нібыта вясновыя ластаўкі ляцелі лісты са сталіцы ў палескую Велясніцу. Радасная Марыя Андрэеўна, як з самай дарагой каштоўнасцю, з кожным пісьмом неслася да суседкі. Чыталі-перачытвалі расповеды пра студэнцкае жыццё. А якім святам для іх быў кожны прыезд студэнткі дамоў.

– АД ШЧАСЦЯ свяцілася, што зноў дома. Усё ў яе  руках гарэла. Прыбірае хату і спявае, бяжыць па падворку з песняй. Я з-за плоту зірну і сама радуюся, — узгадвае велясніцкая суседка Лідзія Антонаўна Саўчук. — Вяртаюся я з вячэрняй дойкі позна, а Янішчыцы яшчэ не спяць. Іду да іх, і да позняй ночы ненагамонімся. Многія свае тайны давярала мне Жэнька.

— Лідзія Антонаўна, час многае сцірае з памяці і пакідае найбольш значнае, дарагое сэрцу. Чым для вас найбольш запомнілася Яўгенія Янішчыц?

— Яе мілая ўсмешка, непасрэднасць ва ўчынках, шчырасць і ранімасць. Колькі радасці для ўсіх нас было пасля выхаду яе першай паэтычнай кніжачкі «Снежныя грамніцы». Тады пра Жэню загаварыла ўся Беларусь. А яна такая ж сціплая, без фанабэрыстасці ляцела да нас у Велясніцу. Сэрцам рвалася сюды.

Жэня любіла дома бываць на Каляды. Вакол сумёты, сцены ад маразоў трашчаць, а ў хаце грубка, як вядзьмарка, гарачая. Цёпла, утульна. Пісала яна многа тут, у сшыткі занатоўвала. Цяпер у гэтай хаце гаспадарыць пляменніца Жэні — Таццяна Міхайлаўна, штотыдзень прыязджае сюды з Пінска, дзе пастаянна жыве. Яна перагледзела ўвесь хатні архіў і многія дакументы перадала ў школьны музей.

З гэтым домам звязаны ўсе яе важныя жыццёвыя крокі. Адсюль яна пайшла ў вялікі свет, на гэтым парозе бацькі бласлаўлялі яе шлюб. Каля гэтага дома ў вясельныя дні былі пасаджаны бярозка і сасонка. Бяроза ўзнялася над домам густым шатром. Зусім нядаўна яе спілавалі. А сасонка адразу загінула. Яшчэ тады я нешта нядобрае прадчула, але старалася дрэннае выкінуць з галавы. У гэты бацькоўскі дом з вялікай радасцю і задавальненнем Жэня прывозіла свайго любага сыночка Андрэйку, якім мы не маглі нацешыцца. Адсюль у апошні шлях мы праводзілі яе бацьку, якому не суджана было зведаць радасць будучых поспехаў дачушкі. Яна прадстаўляла нашу рэспубліку ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Два гады жыла ў Нью-Ёрку. Калі вярнулася, адразу дамоў прыляцела, абдымала нас, радавалася сустрэчы. Усім падарункі прывезла. Я і зараз захоўваю тую прыгожую хустачку, што Жэня мне прывезла з Амерыкі.

— А яшчэ яна вам верш прысвяціла, які пачынаецца так: «Як жыцця майго палова — выспеў жыта жоўты край. Цётка Ліда Саўчукова, мне на шчасце колас дай…»

— Каб я ведала, на якой ніве растуць тыя каласы шчасця, я б не колас, а сноп Жэньцы нажала. Мы ж столькі з ёй у полі ўсякай працы перарабілі. Мазалі з яе рук не зыходзілі. Спрытная, працавітая і цярплівая, як маці. Яна вельмі шанавала маму, але не заўсёды слухала. Колькі вершаў прысвяціла Марыі Андрэеўне! І сыночку Андрэйку, якога сама выхоўвала. Цяжка ёй было, балюча, але трымалася. А як хораша пра землякоў складала вершы. Дзве свае кніжкі мне падарыла з надпісамі, і я вырашыла перадаць гэтыя кнігі ў нашу вясковую бібліятэку, бо ўжо дзявяты дзясятак пайшоў. Няхай кніжкі нашчадкам застануцца з Жэніным подпісам.

У доме Янішчыцаў мы апошні раз збіраліся разам якраз дваццаць пяць гадоў таму. Яна прыехала з Мінска на сваё саракагоддзе. Маці рыхтавалася да гэтага дня. Прыгатавала цудоўны стол, запрасіла сусе- дзяў, настаўнікаў. Павячэралі, выказалі імянінніцы свае пажаданні, блаславілі. Жэня падзялілася радасцю пра атрыманне новай шыкоўнай кватэры на беразе Свіслачы ў цэнтры Мінска. А потым прыцішана дадала, што ёй неяк страшнавата там. На развітанне прамовіла нам: «Беражыце маму!» Паабяцала па прыезду ў Мінск патэлефанаваць. Але званка маці не дачакалася. А праз некалькі дзён прыйшла страшная вестка… Жэні не стала.

...УСПАМІНЫ, успаміны. Многія ў Палескім краі яшчэ добра памятаюць сваю таленавітую зямлячку. Шмат пра яе даводзілася чуць у сталіцы, ад аднакурснікаў. Кандыдат філалагічных навук, аднакурсніца Зоя Хальзава, дацэнт Брэсцкага інжынерна-тэхнічнага ўніверсітэта з вялікай цеплынёй узгадвае першы студэнцкі выезд на ўборку бульбы і канцэрт, што яны давалі для вяскоўцаў. Тады худзенькая, стройная дзяўчынка Жэня Янішчыц з клубнай сцэны тонкім пяшчотным голасам спявала беларускую песню «Сонца за хмаркамі ў ранні скрылася й болей не свеціць…» Колькі цяпла і шчырасці было ў гэтай ясяльдзянскай дзяўчыны.

Як адзначаў у прадмове да выбраных твораў Дзмітрый Бугаёў, «Яўгенія Янішчыц увайшла ў беларускую паэзію так, як гаспадыня ўваходзіць ва ўласны, добра абжыты дом, — свабодна, нязмушана і натуральна». Пра яе яркі самабытны талент у розныя часы з вялікай прыхільнасцю гаварылі Іван Мележ і Максім Танк, Аркадзь Куляшоў і Пімен Панчанка, Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін, Янка Брыль і Ніл Гілевіч, Максім Лужанін і Алесь Асіпенка, Анатоль Вярцінскі і Генадзь Бураўкін, Алег Лойка і Янка Сіпакоў, Віктар Казько і Анатоль Грачанікаў. І нават у славутай лысагорскай паэме, дзе беларускія пісьменнікі падаюцца іранічна, Янішчыц (адзіная з усіх нашых літаратараў-сучаснікаў!) выступае як гераіня станоўчая:

«З глыбінь народнага жыцця

Увысь ірвалася Янішчыц —

Палесся мілае дзіця».

Яе паэтычная сяброўка Ніна Мацяш называла Жэню палескай кнігаўкай, іншыя — палескай ластаўкай. А ў музейным раздзеле «Памяць пра палескую кнігаўку» на відавоку словы паэта Сяргея Грахоўскага: «Ды будзе вечна блізкім рэхам звінець твой голас малады».

Гарадской бібліятэцы ў Пінску прысвоена імя Яўгеніі Янішчыц, і адна з новых вуліц горада над Пінай названа ў яе гонар. Хочацца спадзявацца, што і беларуская сталіца ўвекавечыць слынную паэтку, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола за паэтычны зборнік «Дзень вечаровы» ў 1978 годзе і лаўрэата Дзяржаўнай літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы за кнігу «Пара любові і кахання» ў 1986 годзе. Творы яе перакладзены на многія мовы свету, яе вершы і паэмы сталі хрэстаматыйнымі.

СЁЛЕТА музею паэткі ў Парэцкай базавай школе прысвоена званне «народны». Тут сабрана звыш за тысячу арыгінальных экспанатаў і каля двухсот пяцідзесяці копій важных гістарычных дакументаў.

— Хутка экспазіцыю музея ўзбагаціць шасцітомнае выданне твораў паэткі, — адзначае арганізатар музея Антаніна Паўлаўна Сідарук. — Ужо рыхтуецца да друку першы том, у якім будуць змешчаны радавод Яўгеніі Янішчыц і вершы з шасці раней нідзе не друкаваных сшыткаў школьнага перыяду. У завяршальным шостым томе выдання плануецца змясціць успаміны родных, сяброў, аднакурснікаў, калег, усіх, хто ведаў яе.

Сярод гэтых успамінаў ёсць што ўзгадаць і журналістам нашай «Сельской газеты», дзе працавала літкансультантам Яўгенія Іосіфаўна.

Так было наканавана лёсам, што апошнія дні восені падарылі свету слынную паэтку Яўгенію Янішчыц. А напрыканцы лістапада беларуская зямля навечна прыгарнула яе. Чвэрць стагоддзя ў бронзе з крыламі анёлаў за плячыма ўглядаецца Жэня ў вышыню нябёс. Народны скульптар Беларусі — аўтар гэтага надмагільнага помніка — Леў Гумілеўскі даволі трапна ўвасобіў веліч таленту і трагізм лёсу Яўгеніі Янішчыц, якой так не хапала ў жыцці зямнога коласа шчасця.

Учора, 20 лістапада, Яўгеніі Янішчыц споўнілася б 65 гадоў...

Пінскі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter