Прафесар Вольга Ляўко — пра хрышчэнне Беларусi, тураўскiх і полацкiх князёў i скажэннi фактаў пра мiнулае

З гiсторыi слоў не выкiнеш

Пасля развалу СССР гісторыя, якую ў некалі вялікай дзяржаве ўсім выкладалі аднолькава, стала шматразова перапісвацца. Якія матывы рухалі некаторымі аўтарамі, што ўзносілі значнасць сваёй дзяржавы і прыніжалі суседнюю, сказаць часам складана. Але ж з гісторыі, як з песні, слова не выкінеш. У гэтым пераканана загадчыца цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН прафесар Вольга ЛЯЎКО.


— Вольга Мікалаеўна, ведаю, ёсць некаторыя выказванні ў адрас нашай краіны, якія вас абураюць. Маўляў, няма ў нашай нацыi гістарычных асноў...

— Сапраўды, ёсць аўтары, якія сцвярджаюць: няма гістарычных сведчанняў пра тое, што, быўшы часткай ВКЛ, Полацкая і Віцебская землі мелі аўтаномію. Альбо былі адносіны паміж Расіяй, ВКЛ і Польшчай, але Беларусі там не было і быць не магло, бо беларусы фарміраваліся ў выніку ўзаемадзеяння гэтых краін. Атрымліваецца, мы не народ, у нас няма сваіх асноў, адрозненняў? І мы — вытворнае гэтых узаемаадносін? Некаторыя ўпэўнены, што гаварыць пра дзяржаўнасць Беларусі толькі таму, што на нашай цяперашняй тэрыторыі знаходзіліся цэнтры крывічоў і дрыгавічоў — Полацк і Тураў, нельга. Маўляў, усе ўсходнеславянскія плямёны змешваліся адно з другім, а гэта былі ўсяго толькі культурныя цэнтры таго часу. Але чаму тады на гэтай жа падставе робяцца высновы аб наяўнасці гістарычных каранёў дзяржаўнасці Расіі і Украіны? Усе ж знаходзіліся ў роўных умовах! І чаму высновы пра нашу дзяржаўнасць, якая пачала свой адлік з IX стагоддзя і якая заклала асновы нашай цяперашняй краіны, менталітэту, культуры, сустракаюцца ў штыкі? Але ж і талерантнасць, і канфесійная памяркоўнасць зарадзіліся менавіта ў перыяд фарміравання беларусаў як народа. Нідзе так, як у нас, не было, каб тры напрамкі хрысціянства існавалі адначасова. А мы так жылі на працягу стагоддзяў.

— Чаму доўгі час не прызнавалася, што першымі кіраўнікамі Кіеўскай Русі былі варагі? І ці запрашаў іх Полацк?

— У свой час была актыўная антынармандская кампанія. Потым прызналі, што наўгародская дзяржаўнасць пачыналася з заклікання варагаў, а Кіеў быў абвешчаны маці гарадоў рускіх пераемнікам Рурыка Алегам. Пра гэта пішуць і летапісы. Рурык прыйшоў спачатку ў Ладагу, пабыў там два гады і толькі потым перайшоў у Ноўгарад, кажуць расiйскія гісторыкі. Мы не пярэчым. Знаходзяць яны аргументы — археалагічныя доказы, пісьмовыя крыніцы, — калі ласка. Кажуць яны, што Алег прыйшоў і падпарадкаваў сабе Кіеў, —добра. Але заўважым, там да яго ўжо сядзелі варажскія князі Аскольд і Дзір. Дырэктар Інстытута археалогіі НАН Украіны Пётр Талочка ў кнізе, якая выйшла ў 2016 годзе, сцвярджае, што варагі праводзілі палітыку, якая была выгадная мясцоваму насельніцтву. Гэта значыць, ніякага гвалтоўнага палітычнага ўплыву не было. І гэта прымаем. 

Але ж той самы летапіс згадвае і пра існаванне Полацка. Выкінуць яго з кантэксту не атрымліваецца. А ўжо тым больш казаць, што гэта было слабаразвітое, размешчанае ў дрымучых лясах месца, немагчыма. Насупраць, цікавасць, якая была ў тыя часы да Полацкага княства і з поўначы (з Ноўгарада), і з поўдня (з Кіева), прасочваецца па паведамленнях 864 і 865 гадоў, неўзабаве пасля з'яўлення Рурыка. У 864 годзе ён раздае гарады мужам сваім. Аднаму — Полацк, другому — Растоў, трэцяму — Белавозера і гэтак далей. А ўжо праз год кіеўскі Аскольд таксама арганізоўвае паход на Полацк. Што значыць «раздаў гарады»? Ні ў Полацку, ні ў Белавозеры, ні ў Растове ў адрозненне ад Наўгародскага Рурыкава гарадзішча няма слядоў знаходжання варажскай дружыны. Але ёсць летапісны запіс, што першымі насельнікамі ў Полацку былі крывічы, а ўжо наступнымі — «находнікі» (тыя, хто прыходзіў). Навошта трэба было прыходзіць у IX стагоддзі ў Полацк? За данінай! І, мабыць, раздача гарадоў мела на ўвазе, што Рурык, умацаваўшыся за два гады на Наўгародчыне, вырашыў пашырыць свой уплыў на навакольныя вобласці праз збор даніны. Магчыма, і Аскольду хацелася таго ж.

Аб праўленні гаворкі няма. Гэтае слова прысутнічае ў летапісе значна пазней, калі Уладзімір, узяўшы ў жонкі князёўну Рагнеду Рагвалодаўну (канец X стагоддзя, гэта значыць праз паўтара стагоддзя), адпраўляў («садзіў») іх сыноў правіць у розныя цэнтры, якія ўваходзілі на той момант у склад Кіеўскай Русі. Па прычыне гэтага шлюбу Полацк быў пад Кіевам. На Полацкае княства быў адпраўлены Ізяслаў. Цікава, не ў сам Полацк, а ў Ізяслаўль — крэпасць на мяжы Полацкай і Кіеўскай зямель, каб даглядаць і кіраваць. Але полацкая знаць запрашае Ізяслава правіць у Полацк з умовай, што дынастыя Рагвалодавічаў будзе працягвацца. І яны правілі на працягу XI—XII стагоддзяў. Ніякіх іншых князёў туды ніхто не запрашаў.

— Па натуры полацкія князі былі досыць міралюбнымі. А вось адбівацца ад заваявальнікаў даводзілася часта?

— Двойчы, праўда на кароткі час, Полацкам правілі кіеўскія князі. Але быў і іншы выпадак, калі адзін з полацкіх князёў, Усяслаў Полацкі, сеў на кіеўскі трон. Хаця не па ўласным жаданні, падчас знакамітага Кіеўскага паўстання 1068 года. Тады кіеўскі народ узвёў яго на пасад, вызваліўшы з турмы, куды ён трапіў па волі кіеўскіх князёў за напад на Ноўгарад і вываз званоў з Наўгародскай у Полацкую Сафію. У гэты час у самім Кіеве з-за няўдалага паходу на палачан кіяўляне ўзбунтаваліся. Князі збеглі, а веча пасадзіла на кіеўскі трон Усяслава, які быў напалову Рурыкавіч па прадзеду Уладзіміру. Так Усяслаў правіў у Кіеве восем месяцаў, а потым збег дадому. Усё ж Полацкая зямля была свая, а Кіеўскі пасад — вельмі хісткім. Але і дома ўсё было не так ужо проста: там кіравалі кіеўскія намеснікі. Пасля іх выгнання Усяслаў правіў Полацкам да сваёй смерці (1101 год).


Яшчэ адно заваяванне Полацка прыйшлося на XII стагоддзе. У 1127 годзе на княства з чатырох напрамкаў пайшлі паўднёварускія князі. Поспехаў вялікіх яны не дамагліся, але ж паўплывалі на змену ўлады. Давыд быў заменены іншым полацкім князем — Барысам. Гэта зрабілі самі жыхары Полацка пад кіраўніцтвам баярства, гарадскога патрыцыяту, якім хацелася бесканфліктнага суіснавання з суседзямі. Але праз год Барыс памёр, і ў Полацку настала безуладдзе. Скарыстаўшыся гэтым, кіеўскія князі націснулі на Полацк, маўляў, трэба адправіць вашых князёў на службу ў Візантыю. А ў Полацку пачаў кiраваць намеснік кіеўскага князя. Два гады палілі і рабавалі Полацкую зямлю. Пакуль не падрос нейкім цудам пакінуты тут малады княжыч з роду Рагвалодавічаў Васілька Святаславіч. Гэта быў сын аднаго з сасланых у Візантыю князёў. Тады яго пасадзілі на полацкі трон, а кіеўскіх намеснікаў выгналі.

Нашы продкі былі міралюбныя. Але без мікравойнаў не абыходзілася. У канцы IX стагоддзя палачане звярнулі свае погляды на сучасныя землі Літвы, Латвіі. І плямёны тых зямель, якія тады, не ў крыўду прыбалтам, былі на больш нізкім палітычным узроўні развіцця, абкладаліся полацкай данінай. У выніку да XI стагоддзя княства змагло пашырыць свае тэрыторыі не толькі за кошт заходніх зямель аж да Браслава (Брачыслаў, сын Ізяслава Полацкага, якога Уладзімір вярнуў разам з маці на радзіму, паставіў памежную крэпасць, названую ў свой гонар), але і атрымаць усходнія і паўднёвыя тэрыторыі. Той жа Брачыслаў за падтрымку свайго дзядзькі — Яраслава Мудрага, калі той вымушаны быў змагацца з братамі за ўладу ў Кіеве, — атрымаў землі даннікаў Кіева — Менскую, Віцебскую і Усвяцкую воласці. Мяжа з Кіеўскай Руссю адсунулася на поўдзень, і паміж Тураўскім і Менскім княствамі з'явіліся тры пагранічныя крэпасці — Клецк, Слуцк і Капыль.

— Вольга Мікалаеўна, Наўгародчыну падчас Кіеўскай Русі хрысцілі агнём і мячом. Хто нас хрысціў?

— Думаю, ніхто. У Кіеўскай Русі гэта быў палітычны акт, калі людзей пахрысцілі агулам. І Кіеў, і Ноўгарад. Мяркую, Уладзімір, наглядзеўшыся на Візантыю, дзе свецкая ўлада падтрымлівалася духоўнай, вырашыў умацаваць і сваю праз далучэнне да сусветнай супольнасці. На нашай тэрыторыі першай ластаўкай быў сын Уладзіміра Ізяслаў, які, як пішуць летапісы, быў чалавекам вельмі набожным. Прыехаўшы на княжанне ў вотчыну сваёй маці Рагнеды, гэтую нітачку ён з сабой прыцягнуў. На тэрыторыі Полацкай зямлі ёсць два сведчанні храмаў Святой Багародзіцы. Першы такі храм у Кіеве ў 995 годзе з'явіўся пры Уладзіміры. У Друцкім Евангеллі XIV стагоддзя ёсць запіс, што Багародзічная царква пабудавана ў горадзе Друцку ў 1001 годзе, праз шэсць гадоў пасля Кіеўскай. Гэта пацвярджаюць знаходкі маскоўскага археолага Аляксеева, які праводзіў раскопкі на Друцкім гарадзішчы. Ён знайшоў сляды царквы — фрагменты званоў, убрання. Iншае сведчанне — ад 1158 года, што ў Полацку таксама была старая Багародзічная царква.

Разам з тым шэраг фактаў паказвае, што доўгі час на нашай тэрыторыі было дваяверства. Хрысціянскі абрад — пахаванне ў магільнай яме і ўсталяванне надмагілля, паганскі — насыпны курган. Курганы на тэрыторыі Беларусі з'яўляліся паўсюдна да XIII стагоддзя! К XII стагоддзю, праўда, сталі ісці на кампраміс: капалі магільныя ямы і зверху насыпалі курганы. Самым паказальным момантам неадназначнага стаўлення да рэлігіі быў учынак Усяслава, які зняў званы з наўгародскага храма. Бо, па сутнасці, гэта кашчунства! Падчас раскопак Друцка мы знайшлі пахаванне XII стагоддзя, дзе знаходзіліся 38 (!) чалавек. У магільнай яме пахавана дзіця княжацкага роду, а над ім па паганскім абрадзе ў тры ярусы спачатку целы воінаў, потым прыслугі і рабоў. Па летапісах, у 1158 годзе друцкі князь Рагвалод, пазбаўлены сваіх уладанняў мінскім князем Расціславам Глебавічам, вяртаецца дадому, узяўшы ў падмогу сваякоў з паўднёвай Русі, і адваёўвае сваю маёмасць. Магчыма, у кургане намі знойдзены астанкі пераможаных. Але ж гэта час, калі Еўфрасіння Полацкая ўкараняе ў розумы людзей праваслаўныя нормы! На нашай тэрыторыі цалкам праваслаўе замацавалася толькі к XIV стагоддзю.

Складана паверыць, але гэтым ювелірным шалям і гіркам больш за тысячу гадоў

— Не валодаючы значнымі прыроднымі рэсурсамі, мы маем выгаднае геапалітычнае становішча. Гэта заўсёды было нашай перавагай?

— Наша тэрыторыя са старажытных часоў была вельмі зручнай для перамяшчэння насельніцтва. Чаму? Ад Заходняй Дзвіны каля Віцебска да Дняпра накіравана Лучоса, якая з дапамогай валокаў злучаецца з Аршыцай, якая ўпадае ў Днепр. А на поўнач ад Віцебска такім жа чынам ідзе прамы шлях да вярхоўяў ракі Ловаць. Ёсць у летапісе паведамленне, што шлях «з варагаў у грэкі» пралягаў ад «верху Дняпра да Ловаці». Першапачаткова гісторыкі, ведаючы, што князь Алег, калі праходзіў па землях смаленскіх крывічоў, заснаваў там перавалачны пункт паміж Ноўгарадам і Кіевам — Гнёздава; лічылі, што гэты шлях праходзіць там. Але ў Гнёздаве няма знаходак раней за X стагоддзе, а Алег ішоў у 882 годзе. На нашай тэрыторыі, па-першае, ёсць прамы шлях ад Дняпра да Ловаці, а паміж Віцебскам і Оршай знойдзена шэсць скарбаў IX стагоддзя, шмат археалагічных помнікаў гэтага часу. Скарбы паказваюць, што ўжо тады гэты шлях добра функцыянаваў як гандлёвы. Па-другое, не так даўно мы адкрылі археалагічны комплекс Кардон, які знаходзіцца паміж Полацкам і Віцебскам, паблізу ракі Улы — левага прытоку Заходняй Дзвіны. Там мы выявілі паселішча IX—X стагоддзяў з вялікім размахам гандлю. Знойдзены шалі для ўзважвання каштоўных тавараў, шмат гірак, арабскае, візантыйскае, булгарскае срэбра, манеты VIII—X стагоддзяў. Гэта значыць, сюды сцякалася рознаэтнічнае гандлёвае насельніцтва. Везлі свае тавары, у нас куплялі пушніну, воск, мёд. Бо лясы былі незвычайныя! Гандаль па Заходняй Дзвіне пад эгідай Полацка і Віцебска квітнеў з XII стагоддзя.

— Перапісванне гісторыі — вялікая палітыка?

— На жаль, так. Але каму могуць нанесці шкоду праўдзівыя веды? Гэта ж, наадварот , узбагачае гісторыю і паказвае, што на нашай тэрыторыі адбываліся неадназначныя і цікавыя працэсы, падобныя на тыя, якія адбываліся і ў Заходняй Еўропе, і на іншых тэрыторыях. Гэта ж і агульная ўсходнеславянская гісторыя, якая складаецца з розных з’яў. Ігнаруючы адну, мы непазбежна прыходзім да скажэння гісторыі. Я б хацела, каб у беларускіх падручніках было ўсё. Каб дзеці нашы разумелі, што яны не бязродныя, што ў іх ёсць свая шматвяковая гісторыя.

Даведка


Вольга ЛЯЎКО — доктар гістарычных навук, прафесар, аўтар серыі кніг «Старажытныя гарады Беларусі», у ліку якіх «Віцебск» (2010), «Полацк» (2012), «Друцк» (2014). У 2016 годзе яе праца па археалагічным помніку Кардон увайшла ў топ-10 лепшых адкрыццяў НАН.

veraart14@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter