Каго з удзельнікаў дзіцячых конкурсаў "Еўрабачання" памятаюць беларусы?

З гэтых песень слоў не выкінеш


Сёння на Мальце пройдзе дзіцячае "Еўрабачанне-2014", дзе Беларусь прадстаўляе Надзея МІСЯКОВА, а мы спыталі ў жыхароў нашай краіны, каго яны памятаюць з удзельнікаў мінулых конкурсаў?


Антаніна ДРАБЫШЭЎСКАЯ, настаўніца англійскай мовы:

— Вядома ж, ведаю Ксюшу Сітнік. У яе былі цікавы вобраз і добрая песня, у мінулым годзе мой васьмігадовы сын развучваў яе на ўроку музыкі. Запомніўся яшчэ адзін хлопчык, у яго, якраз наадварот, была даволі дзіўная песня пра чароўнага труса. Прозвішча не памятаю.

Аляксей ХЛЯСТОЎ, спявак:

— Вольга Сацюк – раз, Ксенія Сітнік – два, Андрэй Кунец з яго непаўторнай усмешкай – тры, Аляксей Жыгалковіч – чатыры… Дастаткова? Усе былі вельмі прыемнымі дзяцьмі, цяпер яны ўжо маладыя людзі, якія стаяць на раздарожжы ў выбары свайго будучага, бо разумеюць, што спявак – прафесія складаная, ёй трэба аддавацца без астатку, інакш не будзе поспеху. Думаю, што некаторыя з іх усё ж звяжуць сваё жыццё са сцэнай. Мая трохгадовая дачка Варвара ўжо хоць сёння гатова ехаць на гастролі, а старэйшыя дзеці бачаць, як складана іх бацьку, таму і не імкнуцца да гэтага.

Вольга МАКРЫДЗЕНКА, урач-тэрапеўт:

— У 2010 годзе, калі дзіцячае “Еўрабачанне” праходзіла ў Мінску, мы пабывалі на ім з дочкамі. Тады Беларусь прадстаўляў Данііл Казлоў. У яго добрыя вакальныя даныя. Цікава, чаму яго зараз не чуваць?

Зінаіда КУЧАР, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатра і музычнай культуры:

— Памятаю амаль усіх. Андрэй Кунец, Аляксей Жыгалковіч, Данііл Казлоў, Ілья Волкаў… Ксюша Сітнік – наш гонар. У 2005 годзе я ў складзе прадстаўнічай дэлегацыі была ў Маскве на міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла ў Крамлі. Мы вечарам глядзелі конкурс па тэлебачанні, хвалява-ліся за беларускую дзяўчынку, а раніцай прымалі віншаванні ад калег з іншых краін. Ксюша – малайчына, яна сапраўды была лепшай!

Вікторыя ПЫЖЫК, студэнтка:

— Прыпевы з песень Ксеніі Сітнік і Ягора Ваўчка магу хоць зараз праспяваць! Мне здаецца, яны былі самымі яркімі ўдзельнікамі. У Андрэя Кунца быў звонкі голас, а ў Юры Дземідовіча – незвычайная песня. Астатніх не памятаю.

Дарэчы

Першыя ўдзельнікі дзіцячага “Еўрабачання” ад Беларусі Вольга Сацюк і Ягор Ваўчок ужо робяць нясмелыя крокі на нашай эстрадзе. Сёлета песні абаіх нават трапілі ў паўфінал Нацыянальнай музычнай прэміі. Ксенія Сітнік зрабіла выбар на карысць СМІ – яна вучыцца журналістыцы ў Чэхіі. Аляксей Жыгалковіч захоплены рэжысурай. Данііл Казлоў і Лідзія Заблоцкая па-ранейшаму мараць звязаць сваё жыццё са сцэнай, удзельнічаюць у розных музычных праектах. Юрый Дземідовіч вучыцца ў гімназіі-каледжы пры Беларускай акадэміі музыкі, пра песню “Чароўны трус” узгадваць адмаўляецца, цяпер ён заняты больш сур’ёзнымі творамі. З трыа дзяўчат, якія прадстаўлялі нашу краіну на конкурсе ў 2008 годзе, найбольшых поспехаў пакуль дабілася Алі-на Молаш, нядаўна яна стала пераможцай Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў Маладзечне.

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter