Мiнэканомiкi аб цэнтрах падрымкi, якiя паставяць на крыло малы i сярэднi бiзнес

З гэтай парады будзе парадак

Да 2020 года згодна з планамі Урада доля малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў эканоміцы краіны павінна дасягнуць 40 працэнтаў. Гэта вельмі амбіцыйная задача, і без увасаблення ў жыццё прынцыпу, агучанага Прэзiдэнтам пры падпісанні Дырэктывы № 4 (канкурэнцыя — усюды, дзе магчыма, дзяржрэгуляванне — там, дзе неабходна), вырашыць яе наўрад ці ўдасца. Цяпер над праблемай працуюць спецыяльна створаныя рабочыя групы пры міністэрствах і ведамствах. Зрэшты, рэкамендацыі, як можна было б палегчыць жыццё нашаму бізнесу, паступаюць і з боку міжнародных арганізацый.

Нядаўна Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) прэзентавала праект «Паляпшэнне прафесійных навыкаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва пры дапамозе паслуг па падтрымцы прадпрымальніцтва». Над гэтым дакументам амаль два гады працавалі замежныя і беларускія эксперты. Аб тым, што можа атрымаць ад яго рэалізацыі наш бізнес, нам расказаў дырэктар Дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Пётр АРУШАНЬЯНЦ.

— Пётр Барысавіч, ведаю, што ў праграме АЭСР па павышэнні канкурэнтаздольнасці краін Еўразіі ёсць розныя напрамкі супрацоўніцтва. Можна пацікавіцца, чаму ў нашым выпадку выбар быў зроблены менавіта на карысць паляпшэння прафесійных навыкаў малога і сярэдняга бізнесу? 

— З усіх прапанаваных праектаў гэтая тэма падалася нам найбольш надзённай. Азіраючыся на гісторыю развіцця беларускага прыватнага бізнесу, якая налічвае амаль тры дзясяткі гадоў, мы бачым: за гэты час уклад прадпрымальнікаў у забеспячэнне занятасці вырас з нуля да адной траціны. Сёння можна смела гаварыць, што гэта сектар эканомікі, ад паспяховасці якога ў значнай ступені залежыць дабрабыт нашых грамадзян, не кажучы ўжо пра тэмпы і ўстойлівасць сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Прызнаюся, зараз мы разлічваем на якасны рост гэтай долі. Але давайце спачатку адкажам на пытанні: наколькі даступныя пачаткоўцам-прадпрымальнікам сучасныя веды? Які попыт малога і сярэдняга бізнесу на кансалтынгавыя або адукацыйныя паслугі? І галоўнае — што можа зрабіць дзяржава, каб пазітыўна паўплываць на канкурэнтаздольнасць беларускага малога і сярэдняга бізнесу? 

Самы аб'ектыўны погляд — гэта кампетэнтны погляд з боку. Ідэя прыцягнуць міжнародных экспертаў для атрымання адказаў на хвалюючыя для нас пытанні была вельмі ўдалай. Тым больш умовы супрацоўніцтва, на якія мы дамовіліся з нашымі партнёрамі з АЭСР, у поўнай меры задаволілі: тэма была актуальнай, а выдаткі па рэалізацыі праекта прафінансаваў Еўрасаюз. Гэта значыць, для беларускага падаткаплацельшчыка праца, якая доўжылася год, наогул нічога не каштавала.

— Добра, а ў чым канкрэтна заключаецца сутнасць праекта? 

— Над ім працавалі не толькі міжнародныя эксперты, але і нашы спецыялісты. Да яго мы падключылі прадстаўнікоў акадэмічных, навуковых, дзелавых колаў — усіх прафесійных удзельнікаў рынку кансультацыйных і адукацыйных паслуг. Канчатковым прадуктам сумеснай працы стала «дарожная карта» па рэалізацыі рэкамендацый, сфармуляваных у справаздачы АЭСР. Справаздача змяшчае рэкамендацыі па трох напрамках. Гэта, па-першае, удасканаленне інстытуцыйнай базы прадастаўлення паслуг па падтрымцы прадпрымальніцтва, па-другое, выяўленне схаванага попыту на паслугі па падтрымцы прадпрымальніцтва і, па-трэцяе, садзейнічанне развіццю рыначнай прапановы ў сферы паслуг па падтрымцы прадпрымальніцтва.

«Дарожная карта» разлічана на тры гады, яе мерапрыемствы ў бліжэйшы час будуць імплементаваны ў Дзяржпраграму «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва на 2016—2020 гады». Дзеля справядлівасці скажу, што частка мерапрыемстваў «дарожнай карты» ў дзяржпраграме ўжо маецца. Гэта значыць, рэкамендацыі міжнародных экспертаў супадаюць з планамі Урада.

Прадпрымальнікі змогуць звярнуцца ў любы цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва і атрымаць базавы пакет паслуг бясплатна.

— Пётр Барысавіч, бясспрэчна, гучыць усё прыгожа. Але давайце шчыра адкажам на пытанне: ці трэба гэта прадпрымальнікам? Я маю на ўвазе, ці ўсведамляюць самі суб'екты малога і сярэдняга бізнесу, што такія паслугі ім наогул патрэбны?

— Добрае і актуальнае пытанне. Да складання рэкамендацый удзельнікі праекта правялі даследаванне метадам апытання суб'ектаў МСП. Вынікі гэтага апытання ўяўляюць нават не меншую цікавасць, чым самі рэкамендацыі. 

Так, напрыклад, амаль 40 працэнтаў апытаных беларускіх малых і сярэдніх кампаній не змаглі назваць ні адной прыватнай арганізацыі, якая аказвае паслугі па падтрымцы прадпрымальніцтва. У рэгіёнах гэты паказчык больш за 50 працэнтаў. Гэта сур'ёзны сігнал не толькі для нас як адказных за развіццё і падтрымку прадпрымальніцтва, але для тых, хто забяспечвае прапанову такіх паслуг.

Яшчэ адзін характэрны паказчык попыту на рынку паслуг па падтрымцы прадпрымальніцтва — гэта тое, што 46 працэнтаў рэспандэнтаў не звярталіся па такія паслугі па прычыне іх высокага кошту. Несуцяшальная карціна атрымалася і па пытанні ўплывовасці прадпрымальніцкіх аб'яднанняў, саюзаў і асацыяцый. Не змаглі назваць ні адной такой арганізацыі 80 працэнтаў апытаных.

Мы спадзяёмся, што апублікаваныя ў справаздачы вынікі даследавання дапамогуць цэнтрам падтрымкі скарэкціраваць стратэгію сваёй працы на рынку паслуг па падтрымцы прадпрымальніцтва. Даследаванні гэтага сегмента цяпер стануць рэгулярнымі. А пачаткоўцы-прадпрымальнікі адчуюць на сабе з'яўленне ў бліжэйшы час базавага пакета паслуг. Гэта значыць, што яны змогуць звярнуцца ў любы цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва або інкубатар малога прадпрымальніцтва і атрымаць там пэўны набор інфармацыйных, кансультацыйных або навучальных паслуг бясплатна. З аднаго боку, стварэнне базавага пакета ўжо прадугледжана дзяржаўнай праграмай. Але рэкамендацыі АЭСР таксама адыгралі сваю ролю, далі зразумець, што мы выбралі правільны кірунак для прыкладання намаганняў.

konoga@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter