З энергіяй любові і натхнення

Алёна Ланская спяе на «Еўрабачанні» пра абстрактную планету

На «Еўрабачанні-2013» Алёна Ланская выступіць з новай песняй пра абстрактную планету.

Еўрапейскія букмекеры найбуйнейшай канторы «William Hill» ужо робяць першыя стаўкі на пераможцу конкурсу «Еўрабачанне-2013», які пройдзе 14—18 мая ў шведскім горадзе Мальмё. Сярод фаварытаў — Данія, Нарвегія, Расія і Швецыя. У ліку лідараў апынулася і Алёна Ланская. Беларускай удзельніцы прадказваюць пятае месца ў фінале конкурсу.

Нядаўна стала вядома, што ў Мальмё Алёна выступіць з песняй «Solayoh», напісанай еўрапейскімі аўтарамі Маркам Паэлінкам і Марцінам Кінгам. Ранейшую кампазіцыю Леаніда Шырына і Юрыя Вашчука «Rhythm of Love», з якой артыстка перамагла ў нацыянальным адборы, вырашылі замяніць. Новая песня была выбрана з чатырох твораў, прапанаваных на разгляд экспертнаму савету, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» і Белтэлерадыёкампаніі.

У аснове ідэі песні «Solayoh» — існаванне абстрактнай планеты, дзе жывуць добрыя і шчырыя людзі. Яны вераць у цуды і ў тое, што ўсё, што адбываецца, ёсць цуд. Там няма шэрых будняў і адзінокіх людзей. Галоўныя складальнікі поспеху на планеце «Solayoh» — Вера, Надзея, Любоў, а місія планеты — дарыць энергію Любові і Натхнення.

Запіс песні «Solayoh» праходзіў у англійскай студыі «Abbey Road». Здымкі кліпа і фотасесія адбываюцца зараз у Турцыі, у Стамбуле.

Мяркуецца, што ўсё будзе гатова ўжо да канца гэтага тыдня, калі ў Швецыі адбудзецца сустрэча кіраўнікоў дэлегацый краін — удзельніц «Еўрабачання-2013». У час яе вызначыцца і тое, пад якім нумарам выйдзе на сцэну Алёна Ланская. Як вядома, у гэтым годзе арганізатары песеннага шоу адмовіліся ад традыцыйнай жараб’ёўкі і размяркуюць чарговасць выступленняў канкурсантаў у кожным паўфінале ў тым парадку, які палічаць патрэбным. Тлумачыцца новаўвядзенне імкненнем выключыць, напрыклад, з’яўленне на сцэне двух запар лірычных выканаўцаў.

Нагадаем, што Алёна Ланская выступіць у першым паўфінале 14 мая. У ліку канкурэнтаў беларускай удзельніцы — прадстаўнікі Даніі, Малдовы, Харватыі, Украіны, Галандыі, Аўстрыі, Славеніі, Эстоніі, Расіі, Літвы, Сербіі, Ірландыі, Кіпра, Чарнагорыі і Бельгіі.

Усяго ў «Еўрабачанні-2013» выступяць выканаўцы з 39 краін.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter